Дзмітрый Лук’янчык: “Распад Troitsa быў непазбежны”

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Калі вы не чулі, як спявае Дзмітрый ЛУК’ЯНЧЫК, вельмі раю знайсці яго запісы хаця б у тым жа інтэрнэце. Нават зусім старыя, калі ён быў яшчэ перкусіяністам і бэк-вакалістам групы Troitsa. Гэта нешта неверагоднае, скажу я вам. Не бяруся ў прафесійных музычных тэрмінах апісваць яго манеру выканання, але ні з чым падобным ні дваццаць з лішнім гадоў таму, ні сёння мне сустракацца не даводзілася. І пакуль вы шукаеце трэкі, “К” прапануе вашай увазе інтэрв’ю з выдатным беларускім этна / фольк-артыстам.

/i/content/pi/cult/799/17173/05.JPGСівізна часоў

— Мы знаёмыя амаль чвэрць стагоддзя і, наколькі я памятаю, ты заўсёды быў сівым.

— Пачаў сівець гадоў з шаснаццаці, гены вінаватыя. Бацька, усе яго родныя браты рана пасівелі. Але я ніколі з гэтай прычыны не “парыўся”. Паненкі ўвесь час прыставалі з пытаннем: “А што ў цябе з валасамi?” “Ды тут немцы прыязджалі, — адказваў. — Тэсціравалі на мне новы сродак па афарбоўцы валасоў”. І дзяўчаты верылі!

— Увогуле, не лысееш з гадамі.

— Так. У мяне, дарэчы, есць адна гісторыя, звязаная з лысінай. Гадоў пяць таму я купіў матацыкл. І, як толькі спыняўся і здымаў шлем, адразу стараўся прывесці ў парадак мае адносна доўгія валасы. У рэшце рэшт мяне гэта “дастала” і я пастрыгся нагала... Паўгода не глядзеўся ў люстэркi, настолькі агідным было ў іх маё адлюстраванне.

— Я чаму пра сівізну загаварыў: музыку ж ты выконваеш градуса асаблівага — сівую…

— Ты пра бэкграўнд кажаш, маўляў, мая музыка грунтуецца на старажытнай аўтэнтыцы? У сваёй творчасці я выкарыстоўваю этнічныя песні, матывы. Сівізну часоў. Не пошла прагучала? Прычым вось гэты асноватворны вектар аказваў і аказвае ўплыў на мяне як наогул на асобу. Воляй-няволяй задумваешся аб уласным радаводзе, пакаленні бабуль і дзядуляў, пра тое, чым і як яны жылі, што спявалі, якія абрады праводзілі. І краіну ў цэлым пачынаеш успрымаць скрозь гэтую прызму.

Без прыпынку

— У дзень, калі мы дамаўляліся аб інтэрв’ю, ты дзесьці запісваўся, верна?

— Некалькі гадоў таму я стаў дапамагаць будаваць свайму сябру студыю гуказапісу. Пабудавалі. Зараз ты заспеў нас за працай з праектам “Дыяфiльмы”, пэўны час яны робяць у нас праграму. А некалькі дзён таму мы забяспечылi iм анлайн-трансляцыю канцэрта з якасным гукам i вiдэа непасрэдна са студыi. Адбылося файна, i мы i яны задаволеныя! Студыя завецца “Ракета”, пiшам любыя iнструменты i напрамкi музыкi. Ну, i у мяне ёсць, канешне, магчымасць працаваць для сябе. Перапiсваю нешта са старога матэрыялу, раблю новы, эксперыментую з барабанамi.

— З апошняга, што я чуў з тваім удзелам — Folkmashina. Нешта яшчэ было?

— Шмат чаго было i ёсць. Гэта i праект з аркестрам “Класiк Авангард” з некалькiмi песнямi, i iнструментальны Bronza з маiмi барабанамi, i электронны Impedance, i LukianTrio, i праект з вакальнымi iмправiзацыямi на тэксты Мiхала Амнепадыстава з яго кнiгi “Колеры Беларусi”. Пра Folkmashina у свой час мая жонка, iмпрэсарыа гурта, напiсала жартоўна пра чарговае тэхнiчнае абслугоўванне i часовы прастой. Калі артыст хоча па-сапраўднаму, па гамбургскім рахунку выконваць тую музыку, у якую ён верыць, у яго калектыве павінны быць — у ідэальным выпадку — тыя, хто падзяляе творчыя, мастацкія погляды ўдзельнiкаў, прапанаваны канцэпт. Па-плеч-ні-кі, адным словам. Су-твор-цы. Я ўдзячны музыкантам, што папрацавалi са мной напачатку ў Folkmashina — Аляксею Гладышу i Цiмуру Рэйзiсу, мы зрабiлi праграму i адыгралi файныя канцэрты. Але, па вялiкiм рахунку, гэта не зусiм iх музыка. Сутыкнуцца з сапраўднымi аднадумцамi, каб супадалi i функцыя, i майстэрства, i густ — задача з няпростых. Мiж iншым, пра гэта мы са Шкiлёнкам у нашым даўнiм-даўнiм тандэме ведалi ўвесь час. Карацей кажучы, пошук музыкантаў у праект iдзе i зараз.

А яшчэ з 2015-га года я раблю i выконваю музыку для тэатральных пастановак. Мой сябра Аляксей Андрэеў — галоўны рэдактар і выдавец альманаха “Маналог” — напісаў у той час п’есу “Гульня без правілаў і з невядомай мэтай”: аб краіне, людзях, культуры, аб страчаных традыцыях. Не развлекалава, у агульным. І ставіць яе павінен быў Аляксандр Марчанка ў Рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii, адзін з нашых вядучых тэатральных рэжысёраў. Лёша мне і прапанаваў напісаць для спектакля музыку. У выніку выйшлі такія народныя, інтэрпрэтаваныя песні i мелодыi. Я выконваў іх са сцэны і чытаў маналог, стаўшы на нейкую ёту акцёрам! Сашы спадабалiся мае музыка і вакал. І аднойчы ён прапанаваў мне праект з удзелам Таццяны Рыгораўны Мархель, якая ўсё жыццё выконвала і выконвае народныя песні і нават калісьці запісвалася з гуртом Ulis! Да свайго сораму, я не чуў, як спявае цётка Таня — з нейкага моманту я так стаў называць народную артыстку Беларусі. Марчанка мне паставіў яе запісы і стала зразумела, што нашы галасы адзін да аднаго падыходзяць. У выніку нарадзіўся спектакль “Беларусь. Дыдактыка”. Працягласць яго з гадзіну, лёгкі, паветраны, напоўнены маналогамі з беларускай літаратурнай класікі, бабулінымі і дзядулевымі песнямі з майго боку, песнямі мамы і іншых сваякоў — з боку цёткі Тані. Усё прыгожа i проста, а, мiж тым, некаторыя гледачы плачуць. Цуд!

Потым з’явіўся спектакль “Прымітывы” — аб лёсе мастачкі Алены Кіш. Аб творчым шчасці і чалавечай трагедыі беларускага творцы, толькі чамусьці ў нас мала прызнанага. Грузіны імя Пірасмані абагаўляюць, а беларусы, маючы такую ўнікальную з’яву, яе як след не цэняць. Галоўную і адзіную ролю ў пастаноўцы ўсё таго ж Марчанкi іграе таленавiты i самабытны Аляксандр Малчанаў. Кожны пракат спектакля — я з ім на сцэне, выконваю сваю музыку. Мне пашчасцiла знайсцi выдатную нішу, у ёй мне ў кайф працуецца.

І з Troitsa сышоў, і з Altanka сышоў

— Давай зараз закранем тонкія матэрыі. Нейкія пачуцці ў цябе выклікалі леташнія афішы, у якіх паведамлялася аб юбілейным канцэрце этна-трыа “Троіца”, прысвечаным яго 20-годдзю?

— Асабліва не. Усё для мяне значна прасцей. Гэтаму трыа можа i споўнiлася колькi там гадоў, але факт заключаецца ў тым, што гурт Troitsa перастаў iснаваць напачатку 1999-га года. Праз яшчэ нейкі тэрмін да нас з Віталікам Шкiлёнкам звярнуўся галандскі менеджар калектыву, маўляў, нягледзячы ні на што, вы ж з Іванам застаяцеся сябрамі, можна яму скарыстацца назвай “Троіца”? Мы на яго здзіўлена паглядзелі і, вядома ж, адмовілі. Бо гэта мы прыйшлі да Кірчука з ідэяй і канцэпцыяй гурта, а не ён да нас.

— Размаўляючы ў розныя гады з табой і Шкiлёнкам, з лідарам этна-трыа Іванам Кірчуком, ні ад каго з вас я так ні разу і не пачуў выразнага адказу, чаму Troitsa распалася, прычым на самым творчым піку яе тагачаснага ўзыходжання.

— Гурт Troitsa... Тры гады, тры чалавекi, за сто адыграных канцэртаў, файна запiсаная аднайменная праграма, выдадзеная на галандскiм лэйбле, аб’езджана i абыграна паўсвету, прапановы ад класных прамоўтараў i музыкантаў на сумесную працу (напрыклад, ад Kronos Quartet). Мы надта добра разагналi праект! С другога боку, нарастаючыя праблемы ўзаемаадносін, рознасць поглядаў на спосабы i якасць ажыццяўлення перспектыў, i праблема з праблем — у некаторых — алкаголь. А тут яшчэ Кiрчук раптам стаў заяўляць, што ў гурце больш не мае патрэбы i iграць больш з намi не будзе, маўляў, возьме батлейку i посцiлкi, з’едзе ў Галандыю i забяспечыць сабе бязбеднае iснаванне! Ну-у — фанерная шафа з лялькамі ды старыя рэчы так і забяспечвалi яму кар’еру ў Галандыі! Я нiколькi не супраць значнасцi батлеечнай традыцыi для народнай беларускай культуры, але ўсяму свой кут. Словам, як гаворыцца, дарогі нашы разышліся. А праз некаторы час дзесьцi ў мясцовым выданнi з’явiлася нататка пра працяг дзейнасцi Кiрчука, але ўжо пад зусiм iншай назвай — этна-трыа “Троiца”. Уся схема, канешне, была зразумела. I як абаранiць тое, што мне было каштоўным, я таксама разумеў, аднак нежаданне ўвязвацца ў разборкі спыніла мяне. З тых часоў, ужо прабач, — здагадваючыся аб тваім стаўленні да цяперашняга трыа — я называю яго, мякка кажучы, інакш — калi на сцэне на п’едэстале сядзіць дзівак з зоркай на шапцы і выдае нейкія гукі, а па баках ад яго і дзесьці ззаду знаходзяцца два статысты. Да ўзнікнення Troitsa Кірчук выконваў народныя песнi з фальклорным калектывам “Дзіва”, да эстрады i тым больш да рок-сцэны гэта адносіны не мела. Iван толькі ў малой ступені ўяўляў сабе, як можна музіцыраваць з такіх пляцовак. Далей тэатра народнай песні яго амбіцыі не распаўсюджваліся. Яму заўсёды было складана абыходзiцца з дынамiкай голасу з-за ўпэўненасцi, што чым грамчэй, тым болей поспеху i славы. Пазней, у працэсе сумеснай працы, неяк нешта пачало атрымлівацца, але толькі Troitsa ўжо не было. Аднак праўда заключаецца і ў тым, што таленту Кiрчуку не займаць.

— Са Шкілёнкам ты з 2004-га да 2012-га года граў у класным фольк-гурце Altanka, потым сышоў з яго. Чаго так?

— Гурт сапраўды выдатна стартаваў. Я адчуваў неймаверны кайф ад таго, што мы рабілі са Шкілёнкам, а пазней і з Сашам “Джаем” Андрашчуком i асаблiва з Вячаславам Сяргеенкам. Асноўная ж прычына майго сыходу палягае ў тым, што мяне перастала задавальняць праца Віталя з гукам — па-старому, не звяртаючы ўвагі на сучасныя тэхналогіі. Мае просьбы ён ігнараваў. Галоўнае, казаў Шкiлёнак, — гэта думка, а якім спосабам яна даносіцца да слухача — не важна. Аднак слухач ужо быў XXI стагоддзя, публіка дакладна чакала іншага гуку, а яе кармілі архаікай. Зразумеўшы марнасць сваіх слоў, я пакінуў калектыў.

…Часам задумваюся, можа я залішне патрабавальны? Сапраўды, ёсць такое. Але ж інакш не магу.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"