Унікальнае праз “воблачныя” тэхналогіі

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Як сёння працуюць музейныя ўстановы Беларусі: віртуальныя выставы, “начныя дазоры” і падтрымка медыкаў
Музеі Беларусі, нягледзячы на неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, працягваюць сваю дзейнасць на карысць наведвальнікаў. Праўда, збольшага ў віртуальнай рэальнасці, дзе музейшчыкі сёння ствараюць свае крэатыўныя напрацоўкі, каб зацікаўліваць як традыцыйных, так і новых аматараў гісторыі і культуры Беларусі. Пра “шчыраванне” супрацоўнікаў абласных (і не толькі абласных) музеяў Беларусі на крэатыўнай глебе падчас пандэміі, даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/799/17172/04.JPGВідэа з Пэнам і майстар-класамі

Пачаць, на мой погляд, варта з невялікай статыстычнай інфармацыі, якая непасрэдна датычыць устаноў культуры краіны. Так, згодна з апошнімі вынікамі нацыянальнага апытання насельніцтва Беларусі ў рамках праекта “Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах”, у красавіку доля людзей, якія сталі прымаць меры засцярогі ад каранавіруса, значна павялічылася ў параўнанні з сакавіком. Беларусы перасталі хадзіць на вуліцу без крайняй неабходнасці, радзей наведваюць крамы ды іншыя ўстановы, менш карыстаюцца грамадскім транспартам. Скажам, калі ў сакавіку толькі 9 працэнтаў гараджан выкарыстоўвалі маскі ў грамадскіх месцах, то ў красавіку колькасць такіх людзей вырасла да 48 працэнтаў. Па сутнасці, кожны другі беларус пачаў насіць маску.

Тое, што беларусы, як кажа статыстыка, сталі менш наведваць розныя ўстановы, у тым ліку — і звязаныя з аказаннем культурных паслуг, адчулі, натуральна, і айчынныя музейшчыкі.

— Мы хоць і адкрытыя для наведвальнікаў, але людзі да нас практычна не ідуць, — адзначыў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў. — Таму актыўнічаем у інтэрнэце: запісваем відэа пра ўнікальныя музейныя прадметы, ладзім віртуальныя экскурсіі па музейнай экспазіцыі, па самім Віцебску. Цікавасць да падобных ролікаў, як мы бачым, трымаецца на даволі высокім узроўні.

Як вядома, дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі аднойчы параўнаў музей з “велізарным караблём”, які лавіруе ў акіяне сучаснай культуры. Віцебскі абласны краязнаўчы музей, у фондах якога захоўваюцца самыя розныя прадметы — ад косткі маманта да работ Юдэля Пэна, — і сёння пачуваецца такім “караблём”, лавіруючы ў “акіяне” беларускай культуры ды ладзячы шэраг адметных мерапрыемстваў.

Так, акрамя віртуальных, музейшчыкамі быў падрыхтаваны шэраг рэальных выстаў да 75-годдзя Перамогі, якія будуць працаваць ажно да 10 ліпеня. Для ўсіх ахвотных 9 і 10 мая быў прадугледжаны бясплатны ўваход на выставу пад назвай “Памяць віцебскіх патрыётаў”, экспазіцыя якой знаходзіцца ў сутарэннях былой фашысцкай турмы на вуліцы Крылова, 7. Акрамя таго, у музеі цяпер ідзе абнаўленне экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Яе плануецца адкрыць для наведвальнікаў да Дня Незалежнасці. Акрамя таго, да 30 мая ў абласным Мастацкім музеі працуе выстава “Пад аховай Божай Маці”, на якой экспануюцца абразы з фондаў музея.

Да таго ж, Віцебскі абласны краязнаўчы музей далучыўся да міжнароднага праекта #MuseumWeek, які ладзіўся з 11 па 17 мая ў сацыяльных сетках. У праекце таксама паўдзельнічалі музей сядзібы Іллі Рэпіна “Здраўнёва”, Віцебскі мастацкі музей і Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання. Напрыклад, першы дзень Тыдня музеяў, 11 мая, быў прысвечаны медыкам, якія выступаюць на пярэднім краі барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. А 12 мая ўдзельнікі акцыі сталі мадэлямі для фотаздымкаў па матывах сусветнавядомых карцін і перадалі эстафету падпісчыкам у творчым выкліку #КультураНаКаранціне.

З Віцебска перанясёмся да суседзяў у Полацк. Натуральна, сённяшнія рэаліі прымусілі змяніць формы работы з наведвальнікамі і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Па словах дырэктара запаведніка Тамары Джумантаевай, полацкія музеі працягваюць працаваць у рэальным рэжыме з захаваннем усіх правілаў бяспекі, прадыктаваных цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыяй. Наведвальнікаў стала значна менш, але яны ўсё адно з задавальненнем прыязджаюць паглядзець на новыя цікавыя праекты, а музейным работнікам заўсёды ёсць чым здзівіць жыхароў і гасцей старажытнага горада Беларусі не толькі ў рэальнай, але і ў віртуальнай прасторы.

Напрыклад, у Дзень музеяў, на афіцыйным сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках была прэзентаваная праграма сустрэч з наведвальнікамі ў кіберпрасторы. Прамая трансляцыя падзей пачалася а 12 гадзіне і ўключала ў сябе шэраг інтэрнэт-праектаў. Сярод іх — нефармальнае інтэрв’ю з музейным супрацоўнікам, відэаролікі пра стварэнне традыцыйных гліняных і драўляных цацак, прэзентацыя выставы “Мая сям’я — маё багацце” з фотаздымкамі жыхароў рэгіёна, майстар-класы па вырабе дакладнай копіі аднаго з самых каштоўных экспанатаў музея — абраза святых Канстанціна і Алены XII стагоддзя.

Прыродны і экалагічны музей, якія ўваходзяць у склад установы, таксама падрыхтавалі для наведвальнікаў даволі цікавыя сюрпрызы. Так, вядомы полацкі фатограф і арнітолаг Аляксандр Эрдман правёў рэпартаж-назіранне за птушкамі з парку, а сталічны мастак Сяргей Чаеўскі паказаў, як зрабіць карціну ў японскай тэхніцы кінусаігі з выявай глушца — птушкі 2020 года ў Беларусі.

Баклага — гэта што?

Натуральна, шчыруюць музейшчыкі не толькі на Віцебшчыне, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, дзе праца з віртуальнымі наведвальнікамі таксама наладжана досыць паспяхова.

— Масавыя мерапрыемствы мы, натуральна, сёння не ладзім, — кажа дырэктар установы Аляксей Міцюкоў. — Праводзім анлайн-экскурсіі, здымаем ролікі на розную тэматыку і выкладваем іх на YouTube.

Акрамя таго, 8 мая ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея адбылося анлайн-адкрыццё выставы “Слава тых вялікіх гадоў не спыніцца”, прымеркаванай да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама днямі ў музейным філіяле “Захаваныя мастацкія каштоўнасці” прайшоў анлайн-майстар-клас па тэхніцы пастэльнага жывапісу. А 15 мая ў філіяле Археалагічнага музея “Бярэсце” зладзілі адкрыццё выставы “Летні экспанат”, на якой дэманструецца ўнікальны артэфакт — баклага, датаваная XIII стагоддзем. Гэта драўляная закрытая пасудзіна, якую нашы продкі выкарыстоўвалі для пераноскі вады, алею ці віна. Дрэва захавала свой выгляд, нягледзячы на тое, што з часу стварэння названага прадмета побыту прайшло амаль 800 гадоў.

І яшчэ. З канца сакавіка па май у філіяле музея “Захаваныя мастацкія каштоўнасці” працуе выстава мастацкіх галаграм “Галаграфія-2020. Брэст”. Наведвальнікі могуць убачыць, напрыклад, трохмерныя галаграфічныя выявы слуцкага пояса (адзін з нешматлікіх захаваных арыгіналаў XVIII стагоддзя), пояса вялікага князя Вітаўта XIV стагоддзя, “Кнігу Царстваў”, выдадзеную Францыскам Скарынам больш за 500 гадоў таму, а таксама галаграму “Крыж Еўфрасінні Полацкай”.

Апошняя з названых галаграм, да слова, найбольш прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Дадам, што галаграма крыжа, адноўленага ў 1997 годзе брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом, існуе ўсяго толькі ў некалькіх асобніках. Адзін з іх быў уручаны патрыярху Маскоўскаму Алексію II падчас візіту ў Беларусь, другі — перададзены мітрапаліту Філарэту, трэці — змешчаны ў адной з мінскіх цэркваў, а чацвёрты экспануецца на выставе.

Начны дазор у Ветцы

Мабыць, ужо і з прыведзеных фактаў зразумела, што ўсе музейшчыкі Беларусі сёння не проста сябруюць з інтэрнэтам, а актыўна яго выкарыстоўваюць для прыцягнення ўвагі да сваіх экспазіцый. І не так важна, які гэта музей — абласны, раённы ці прыватны, — бо пандэмія зраўняла ўсіх, а Сеціва зрабілася надзейным сябрам, дарадцам і правадніком па многіх музейных залах Беларусі.

Скажам, хоць 18 мая ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музей імя Е. Р. Раманава і адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй, цяпер установа вельмі актыўна пазіцыянуе сябе ў інтэрнэце. Напрыклад, на старонках музея ў сацыяльных сетках можна паўдзельнічаць у анлайн-экскурсіях па музейных экспазіцыях і выстаўках краязнаўчага музея ды музея этнаграфіі. Акрамя таго, 18 мая ў сацыяльных сетках быў прадстаўлены відэаролік “Ноч у музеі. Хроніка падзей”.

А, напрыклад, Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, што на Гомельшчыне, зладзіў на Ноч музеяў пад хэштэгам #начны дазор цэлы цыкл музейных мерапрыемстваў. Музейшчыкі разам з гледачамі ў начной цемры і са свечкай у руках раскрывалі таямніцы музейных прадметаў. Віртуальная вандроўка па начным музеі пачалася 18 мая а 18 гадзіне і за ёй можна было сачыць на старонках музея ў Vkontakte, Facebook і Instagram. Пасля кожную гадзіну да дзвюх гадзін ночы дадавалася відэа з начнымі вандроўкамі музейшчыкаў, якія расказвалі пра майстэрства веткаўскіх ткачых, пра феномен залачонай разьбы, абраз святога Мікалая, выданне “Апостала” Івана Фёдарава 1574 года ды многае іншае. Мяркуючы па каментарыях пад гэтымі відэа, задумка веткаўскіх музейшчыкаў многім прыйшлася даспадобы.

Натуральна, што ўсе музеі Беларусі, пра якія ішла гаворка ў матэрыяле, надаюць асаблівую ўвагу дэзінфекцыі, музейныя залы апрацоўваюць антысептыкамі, аўдыягіды выдаюцца з аднаразовымі навушнікамі, касіры, гіды і наглядчыкі працуюць у масках. Але людзей, як бачна, сёння больш вабяць віртуальныя, а не рэальныя экскурсіі, што ў часы пандэміі натуральна і зразумела.

І апошняе. Многія музейшчыкі падчас тэлефанаванняў казалі мне з упэўненасцю, што ні адзін віртуальны праект не заменіць рэальны візіт у музей. Разам з тым, ніхто з маіх суразмоўцаў не адмаўляў таго, што інтэрнэт можа павысіць (і ўжо падвышае!) дасведчанасць наведвальнікаў, зацікаўлівае будучых гасцей установы і дае ім інфармацыю па самых розных пытаннях. Не кажучы ўжо пра тое, што сённяшнія інтэрнэт-ініцыятывы музеяў — гэта ўнікальны досвед жыцця сферы культуры Беларусі ў экстрэмальнай сітуацыі. Хто яго ведае, магчыма, гэты досвед прыдасца і ў будучыні, калі культработнікі будуць працаваць з наведвальнікамі з выкарыстаннем тэхналогій дапоўненай рэальнасці ці ствараць сайты, адаптаваныя пад мабільныя тэлефоны, ды выкарыстоўваць “воблачныя тэхналогіі” для размяшчэння ў Сеціве сваіх арыгінальных праектаў. Гэты час імкліва набліжаецца і музеі Беларусі да яго ўжо, як бачна, цалкам падрыхтаваны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"