Жыровіцкія скарбы: не ўсё страчана

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Сёлета ў маі ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна — вялікае свята праваслаўя: 550-годдзе Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. Вялікія юбілеі! Але як тут не ўспомніць і пра тое, што за гэтыя стагоддзі з Жыровіцкага манастыра зніклі тысячы каштоўных дакументаў, абразоў, крыжоў, посуду, вырабаў з золата і срэбра, кніг. Найбольш каштоўнасцяў было вывезена падчас Першай сусветнай вайны. Але дасканала пошукамі скарбаў з Жыровічаў пакуль ніхто не займаўся. Праўда, семінарысты і студэнты Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі ў Жыровічах у апошнія гады ўжо пачалі даследаваць гэтую тэму і сёння нават пішуць навуковыя працы.

/i/content/pi/cult/799/17170/01.JPGНапрыклад, Аляксандр Папоў даследаваў і напісаў дысертацыю на тэму “Нарысы- гісторыі бібліятэкі Жыровіцкага манастыра”. Аляксей Кулін апісаў дзейнасць архіва сённяшняга Жыровіцкага манастыра. Але ён зазірнуў і ў мінулае, асабліва ў міжваенны яго архіў і добра ўсё апісаў. Святар Мікалай Анікееў ажыццявіў вялікую працу пра архімандрыта Антонія Мельнікава, які пры жыцці даследаваў Жыровіцкі манастыр, і склаў надрукаваны на машынцы трохтомнік пра яго жыццяпіс у гісторыі заходнерускіх епархій. Там ёсць шмат радкоў, што адрасаваны каштоўнасцям Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Адзін том сваёй працы Мікалай Анікееў прысвяціў жыццю і дзейнасці Мельнікава, а пяць тамоў — архіву архімандрыта, які збіраў матэрыялы пра Жыровічы па ўсім свеце. Там ёсць тая згадка і пра архіў манастыра, дзе ўпамінаецца, што ён быў вывезены ў Новасібірск і Новарасійск. А што не змаглі вывезці, дзесьці закапалі, але тыя дакументы ў зямлі зніклі.

Як мне вядома, жыровіцкія дакументы захоўваюцца ў бібліятэках і архівах не толькі ў глыбінцы Расіі, але і ў Львове, Вільні, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Маскве. Напрыклад, у архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сёння шмат цікавых дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровічаў. У фондзе колішняга прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Пракопа Нілавіча Дабрахотава (Максімава) значацца 2 492 адзінкі захавання збораў на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах. Гэтыя сабраныя рарытэты Дабрахотаў вывез з Жыровічаў яшчэ ў 1845 годзе. Найперш гэта дэкрэт Слонімскага земскага суда па справе паміж Іванам Мялешкам і Данілам Солтанам за Жыровічы, 1609 года; выпіс са слонімскіх земскіх кніг запісу Івана Аляксандравіча Солтана аб перадачы маёнтка Жыровічы сваёй жонцы, 20.09.1572 года; пасланне кіеўскага ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы да Жыровіцкага суперыёра Канстанціна Вітапольскага, 23.06.1653 года; спіс вучняў Жыровіцкай школы XVIII cтагоддзя; зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і спраў старых людзей, што заслугоўваюць даверу, склаў Антоній Завадскі, 1713 года; кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай, XVII cтагоддзя; акт продажу Данілам Солтанам маёнтка Жыровічы з прысёлкамі літоўскаму канцлеру Льву Сапегу, 06.07.1621 года; вопісы Жыровіцкага манастыра — 1753-га, 1778-га, 1785-га, 1800-га гадоў ды іншыя. Там захоўваюцца таксама пратаколы Жыровіцкай генеральнай кангрэгацыі айцоў базыльянаў, 1792 года; нумары штодзённага часопіса суперыёраў Жыровіцкага манастыра, 1772 — 1786 гадоў; заўвагі Паўла Дабрахотава з гісторыі Брацтва пры Жыровіцкім абразе Маці Божай, 1837 — 1863 гадоў, і дзясяткі іншых каштоўнасцяў.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення захоўваюцца і копіі дакументаў пра мястэчка Жыровічы, зборнік гістарычных звестак пра яго 1713 года, апісанне Жыровіцкага манастыра ў 1713-м, панегірык шведскаму каралю Густаву Адольфу на лацінскай мове, складзены ў Жыровічах, а таксама зборнікі Антонія Завадскага, дзе маецца шмат звестак пра Жыровічы і суседні з Жыровічамі Быцень…

Беларускія літаратуразнаўцы і гісторыкі Адам Мальдзіс і Язэп Янушкевіч выявілі ў аддзеле рукапісаў фонду базыльянскіх манастыроў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны ў Львове матэрыялы на польскай мове пра апісанне цудаў у Жыровічах 1758 года, апісанне цудаў у манастырскай царкве ў Жыровічах 1620 — 1756 гадоў. А ў Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове гэтымі навукоўцамі знойдзены звесткі пра гісторыю царквы ў Слоніме, выяўлены кніга ўліку прыхаджан, якія спавядаліся ў царкве ў Жыровічах у 1791 — 1800 гадах, звесткі пра маёмасць манастыроў у Быцені і ў Жыровічах, матэрыялы базыльянскага манастыра ў Жыровічах, справаздача аб праверцы бібліятэкі Жыровіцкага вучылішча ў XIX стагоддзі, справа аб папаўненні бібліятэкі ў Жыровічах (XIX cтагоддзе) і справа пра ўніяцкія кнігі, канфіскаваныя ў Жыровічах, ды гэты спіс можна працягваць.

На жаль, сёння вяртаннем дакументаў і каштоўнасцяў Жыровіцкага манастыра на Беларусь бадай ніхто не займаецца. Дый і гэтыя ўсе каштоўнасці з’яўляюцца ўжо ўласнасцю тых дзяржаў, дзе яны знаходзяцца. Рабіць жа ксеракопіі дакументаў - справа нятанная. Хаця б з імі толькі азнаёміцца. У Жыровічах штогод бывае шмат гасцей з іншых краін свету. Але бадай ніхто з іх у падарунак, вывезены раней скарб з Жыровіцкага манастыра, не прывёз. Адзінае, што было зроблена, дык аднойчы прывезлі і падаравалі манастыру факсімільнае “Жыровіцкае Евангелле” XVI стагоддзя, арыгінал якога знаходзіцца ў Вільні. Магчыма, і падчас сёлетніх юбілейных урачыстасцяў у Жыровічы вернуць хоць нешта з вывезеных раней скарбаў.

Дарэчы, пры Мінскай духоўнай акадэміі ў Жыровічах існуе царкоўна-археалагічны кабінет, дзе захоўваецца шмат рарытэтных выданняў. Таму любы чалавек можа яго наведаць. Ідэя стварэння акадэмічнага музея-кабінета належыць протаіерэю Аляксандру Балоннікаву. Сярод экспанатаў там ёсць рукапісны Псалтыр пачатку XVIII стагоддзя, Службоўнік свяціцеля Пятра Магілы (Львоў, 1639), Трэбнік (Львоў, 1668), Актаіх (Масква, 1638), Апостал з гравюрамі Івана Зубава (1738), Concordia (1677), Апостал дыякана Івана Фёдарава (Львоў, 1573), Самавучыцель царкоўных спеваў А.Кастальскага з аўтографам знакамітага кампазітара (Масква, 1909), Катэхізіс, выдадзены ў Лейпцыгу на грэчаскай мове ў 1563 годзе, і іншыя. Так што не ўсё яшчэ страчана.

Сяргей ЧЫГРЫН
Фота з архіва аўтара