Палажэнне

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

аб правядзенні адкрытага рэспубліканскага конкурсу на стварэнне канцэпцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і канцэпцый правядзення Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”

Глава 1.

Агульныя палажэнні

1. Адкрыты рэспубліканскі конкурс на стварэнне канцэпцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і канцэпцый правядзення Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” (далей — конкурс) праводзіцца з мэтай:

удасканалення і развіцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (далей — фестываль);

стварэння новых арыгінальных канцэпцый фестывалю і канцэпцый правядзення яго асобных мерапрыемстваў;

выяўлення і ўвасаблення новых рэжысёрска-пастановачных рашэнняў асноўных мерапрыемстваў фестывалю.

2. Конкурс праводзіцца ў перыяд з 25 верасня па 31 кастрычніка 2008 года.

3. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбываецца з 1 па 15 лістапада 2008 года.

4. Удзельнікі конкурсу могуць удзельнічаць як у стварэнні канцэпцыі фестывалю, так і ў стварэнні канцэпцый правядзення Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”.

5. Палажэнне аб конкурсе публікуецца ў газетах “Советская Белоруссия” і “Культура”, размяшчаецца на афіцыйных сайтах фестывалю, Міністэрства культуры і Белтэлерадыёкампаніі, а таксама даводзіцца Міністэрствам культуры да Міністэрства куль-

туры Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры і турызму Украіны і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Інфармацыя аб умовах і тэрмінах правядзення конкурсу і прадастаўлення матэрыялаў транслюецца ў рэкламных блоках каналаў Белтэлерадыёкампаніі, публікуецца ў дзяржаўных СМІ.

Інфармацыя аб выніках конкурсу размяшчаецца ў газетах “Советская Белоруссия”, “Культура” і на сайтах фестывалю, Міністэрства культуры і Белтэлерадыёкампаніі.

Глава 2.

Умовы стварэння канцэпцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”

6. Канцэпцыя фестывалю павінна адпавядаць наступным умовам:

6.1. фестываль — міжнародны творчы форум, які дэманструе унікальнасць, багацце і разнастайнасць культур народаў Беларусі, Расіі, Украіны і іншых славянскіх народаў у кантэксце еўрапейскай і сусветнай культуры, адкрыты для ўдзелу ўсіх краін і ўсіх людзей добрай волі;

6.2. фестываль праводзіцца не больш за 8 дзён;

6.3. асноўнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца: гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, конкурс выканаўцаў эстраднай песні, гала-канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні і іншыя творчыя акцыі майстроў мастацтваў, якія адлюстроўваюць багацце і разнастайнасць культур славянскіх народаў, лепшыя дасягненні і ўзоры сусветнага мастацтва, што праводзяцца на сцэне Летняга амфітэатра, а таксама дзіцячы музычны конкурс;

6.4. асноўная ідэя фестывалю — “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”;

6.5. у перыяд фестывалю актыўна функцыянуюць установы культуры, адкрытыя пляцоўкі, што прадстаўляюць розныя накірункі мастацтва — тэатральнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное, фальклорнае і г. д.;

6.6. канцэпцыя ўлічвае прадстаўленне асноўных мерапрыемстваў фестывалю як буйнога тэлевізійнага праекта, што ажыццяўляецца Белтэлерадыёкампаніяй, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай установай “Цэнтр культуры “Віцебск” сумесна з міністэрствамі культуры Расійскай Федэрацыі і Украіны, Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, расійскім і еўрапейскімі тэлеканаламі.

7. Да канцэпцыі фестывалю павінны быць дададзены сцэнарныя планы (ці рэжысёрскія эксплікацыі) канцэртаў адкрыцця (з уключэннем урачыстай цырымоніі адкрыцця і ўзнагароджання спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”), закрыцця фестывалю, іншых гала-канцэртаў, а таксама прапановы па афармленні сцэны Летняга амфітэатра, якія ўлічваюць, што дадзены фестываль праводзіцца як тэлепраект.

8. Для пераможцаў конкурсу на стварэнне канцэпцыі фестывалю ўстанаўліваюцца наступныя грашовыя прэміі:

1-е месца — 5 млн. рублёў;

2-е месца — 3 млн. рублёў;

3-е месца — 2 млн. рублёў.

Глава 3.

Умовы стварэння канцэпцый правядзення Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”

9. Канцэпцыі правядзення Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” (далей — дарослы конкурс) і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу“Віцебск” (далей — дзіцячы конкурс) павінны ўлічваць наступныя ўмовы:

9.1. дарослы конкурс:

9.1.1. праводзіцца не менш чым у два этапы;

9.1.2. у конкурсе ўдзельнічаюць не больш за 15 канкурсантаў ва ўзросце ад 17 да 35 гадоў;

9.2. дзіцячы конкурс:

9.2.1. праводзіцца не менш чым у два этапы;

9.2.2. у конкурсе ўдзельнічаюць не больш за 25 канкурсантаў ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў;

9.3. дарослы і дзіцячы конкурсы могуць:

мець форму яркага і відовішчнага мерапрыемства з цырымоніямі адкрыцця, узнагароджання і інш.;

праводзіцца на розных пляцоўках, як у культурна-дзелавым цэнтры “Віцебск”, так і на сцэне Летняга амфітэатра;

9.4. канцэпцыі правядзення дарослага і дзіцячага конкурсаў могуць быць прадстаўлены ў кантэксце канцэпцыі фестывалю;

9.5. да канцэпцый павінны быць дададзены прыкладныя сцэнарныя планы (ці рэжысёрскія эксплікацыі) правядзення конкурсаў;

9.6. канцэпцыі правядзення дарослага і дзіцячага конкурсаў улічваюць прадстаўленне іх як тэлевізійнага праекта.

10. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Белтэлерадыёкампанія, дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры “Віцебск” для пераможцаў конкурсу на стварэнне канцэпцый правядзення дарослага і дзіцячага конкурсаў устанаўліваюць наступныя грашовыя прэміі:

1-е месца — 3 млн. рублёў;

2-е месца — 2 млн. рублёў;

3-е месца — 1 млн. рублёў.

Глава 4.

Парадак працы журы

11. Пераможцаў конкурсу вызначае журы конкурсу (далей — журы).

12. Склад журы зацвярджаецца Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь.

13. Праца журы арганізуецца ў форме пасяджэння.

14. Пасяджэнне журы лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за 2/3 яго спісачнага складу. Члены журы прысутнічаюць на пасяджэнні без права замены.

15. Рашэнне журы прымаецца адкрытым галасаваннем і лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову членаў журы, якія прысутнічаюць на пасяджэнні. Пры роўным размеркаванні галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня на пасяджэнні журы.

16. Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца цягам дня, наступнага за днём правядзення пасяджэння журы, тым, хто старшынствуе на пасяджэнні журы, і яго сакратаром, пасля чаго ўскрываюцца канверты з дэвізамі і вызначаецца аўтар — пераможца конкурсу.

Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

17. Па выніках конкурсу журы, пры неабходнасці, зыходзячы з творчага ўзроўню прадстаўленых на конкурс работ, можа перагледзець колькасць і памеры прэмій.

Глава 5.

Фінансаванне конкурсу

18. Выдаткі, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем конкурсу, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выдаткаваных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў.

19. Для фінансавання конкурсу могуць быць выкарыстаны іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

20. Камандзіровачныя, паштовыя і іншыя выдаткі ўдзельнікаў конкурсу аплачваюцца за кошт удзельнікаў конкурсу.

Глава 6.

Парадак прадастаўлення матэрыялаў

21. Для ўдзелу ў конкурсе яго ўдзельнікі накіроўваюць у Міністэрства культуры па адрасе: 220004, г. Мінск, праспект Пераможцаў, 11, з пазнакай “На конкурс “Славянскі базар” наступныя матэрыялы:

у запячатаным выглядзе, пад выбраным аўтарам дэвізам тэксты канцэпцыі на беларускай ці рускай мове ў двух друкаваных экзэмплярах і электронную версію;

кароткія звесткі пра сябе: год нараджэння, адукацыя, месца працы, хатні адрас, кантактны тэлефон, адрас электроннай пошты (запячатваецца ў асобны канверт, на якім пазначаецца дэвіз, выбраны аўтарам);

абавязацельства, падпісанае аўтарам асабіста, па форме адпаведна дадатку.

22. Матэрыялы, прадстаўленыя на конкурс, не рэцэнзуюцца. Матэрыялы, якія не атрымалі прызавыя месцы, па жаданні аўтара могуць быць вернуты.

23. Конкурсныя матэрыялы прымаюцца да 31 кастрычніка 2008 года ўключна. Работы, прадстаўленыя на конкурс пазней за вызначаны тэрмін, да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца. Дата прадстаўлення матэрыялаў, якія дасылаюцца па пошце, вызначаецца па паштовым штэмпелі адпраўшчыка.

Глава 7.

Заключныя палажэнні

24. У выпадку, калі пасля падвядзення вынікаў конкурсу будзе ўстаноўлена, што пры прадастаўленні матэрыялаў, указаных у пункце 21 дадзеных умоў, асобай, якая прызнана пераможцай конкурсу, былі ўказаны недакладныя звесткі на працу, якая прадстаўляецца на конкурс, рашэнне журы аб прызнанні дадзенай асобы пераможцай анулюецца.

25. Удзельнікі конкурсу могуць свабодна выкарыстоўваць канцэптуальныя ідэі, формы правядзення ўсіх 17-ці міжнародных фестываляў мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Пры гэтым прадстаўленыя на конкурс матэрыялы не з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права, аб чым аўтар абавязаны заявіць у пісьмовым абавязацельстве ў адпаведнасці з пунктам 21 дадзеных умоў.

26. З пераможцамі конкурсу могуць быць заключаны дамовы на распрацоўку і рэалізацыю прапанаванай канцэпцыі ці асобных мерапрыемстваў, што прадугледжваюць абарону іх аўтарскіх правоў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.