Таямніцы Манюшкаў

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Частка VIII.
У папярэдніх частках мы ахапілі “Віленскі перыяд” (1840 - 1858 гг.) жыцця Станіслава Манюшкі. Ад шлюбу з Аляксандрай Мюлер (якая, згодна з метрычным запісам аб хросце, аказалася на год старэйшай за мужа, а не на два маладзейшай, як лічылася раней, да фактычна гвалтоўнага “высялення” кампазітара ў Варшаву яго швагерам Янам Мюлерам і “стрыечным швагерам” Каралем Штурмам. Гісторыя апошняга “ва ўсей яе непрыгажосці”, падаецца, упершыню прадстаўленая цалкам. Бо раней Штурм, нягледзячы на ягоную паўсюдную прысутнасць у жыцці Станіслава Манюшкі, быў абсалютна прахадным персанажам у “манюшказнаўцаў”. А ў новым раздзеле “Таямніцаў” мы працягваем распавядаць пра сваякоў кампазітара. Як і раней, гэта будуць пераважна новыя і “вельмі добра забытыя” звесткі. І пачынаем мы з продкаў жонкі Станіслава, якія адыгралі немалую ролю ў станаўленні беларускага тэатра і сталі “сведкамі” ў адной заблытанай гісторыі з мінуўшчыны нашай оперы.

/i/content/pi/cult/798/17168/025.JPGУ кулуарах “Агаткі”

У 1784 годзе, павольна рухаючыся на Гарадзенскі сойм, апошні кароль Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый Станіслаў Аўгуст Панятоўскі завітаў у Нясвіж. Славуты пісьменнік родам з Пружаншчыны Юзаф Крашэўскі ў гумарыстычным ключы падаў гэтую гісторыю ў сваім творы “Кароль у Нясвіжы. 1784” (гатовы сцэнарый для мастацкай стужкі!). Турыстычны маршрут “Шлях на сойм” ішоў праз маёнткі беларускай шляхты і магнатаў, і кожны сіліўся ўразіць манарха больш за іншых. Перамог у гэтым спаборніцтве, вядома, некаранаваны кароль ВКЛ Станіслаў Караль Радзівіл “Пане Каханку”. Кароль з Каралем павінны былі абмеркаваць сякія-такія палітычныя пытанні наконадні сойма, бо Радзівіл быў на той момант высокім ураднікам —Віленскім ваяводам.

Але палітычныя калізіі пакінем у спакоі. Нас цікавіць тое, што надвячоркам 17 верасня Панятоўскаму была прадэманстраваная опера “Агатка”. Лібрэта для яе напісаў зводны брат Караля Мацей Радзівіл (1749 —1800). Вядомы оперны спявак Віктар Скарабагатаў у кнізе “Зайгралі спадчынныя куранты” (1998) так распавядае пра тое, які эфект выклікала і пастаноўка, і ўвогуле “прыём” у Нясвіжы: “Пад час банкету, ён (кароль — заўв. З.Ю.) падняў тост у гонар гаспадара, сказаў яго ў вершаванай форме на роднай яму з дзяцінства беларускай мове. Наведванне ідылічнай Альбы, дзе забаранялася карыстацца іншай, акрамя беларускай, моваю, дабратворна паўплывала на караля. Брава, Радзівілы! Брава, кароль!” Пра тост на беларускай мове спадару Скарабатаму ў свой час распавёў светлай памяці Уладзімір Мархель (1940 — 2013). Падаецца, што такі момант заслугоўвае асаблівай увагі даследчыкаў.

Хаўтуры цешчы

А зараз варта зрабіць скачок у часе ды апынуцца ў Варшаве праз сто гадоў пасля нясвіжскай прэм’еры оперы. Бо без гэтага і размовы пра “Агатку” не было б зусім. Своеасаблівым “залатым ключыкам” стала метрыка смерці дарагой цешчы Станіслава Манюшкі Марыі, якая не раз “падстаўляла плячо” кампазітару ў цяжкі час. Дакумент мы апублікуем упершыню: “Состоялось в городе Варшаве, в канцелярприхода Всех Святых в пятьнадцатый (двадцаць седьмый) день июля тысяча восемьсот семьдесят четвертаго года в девять часов утра явились: Станислав Скробаньский чиновник кредитнаго общества города Варшавы и Болеслав Монюшко артист варшавских театров оба жительствующие в Варшаве совершеннолетние и объявили что здесь в Варшаве на Марьянской улице под номером тысяча восемьдесят седьмым буквою г сего числа в шесть часов утра умерла Мария Миллер( Maryja Muller) вдова после Ксаверия бывшаго полковника русских войск, эмеритка семидесяти семи лет от роду родившаяся в городе Вильно, дочь Станислава и Марии урожденной Вернер (z Wernerow) Закржевских. По удостоверении о кончине Марии Миллер, акт сей присутствующим прочитан нами и ими подписан”. Далей ідуць подпісы заяўляльнікаў і ксяндза Юзафа Дабравольскага.

Пахавалі яе на варшаўскіх Паванзках побач са Станіславам Манюшкам, які памёр раней — у 1872 годзе. Старое сямейнае пахаванне захавалася, але парэшткаў кампазітара там ужо няма: іх пазней перапахавалі бліжэй да касцёла.

Калі раней пра радавод Аляксандры Манюшкі па кудзелі можна было толькі гадаць, цяпер мы маем бясспрэчны факт. І факт гэты адразу высвяціў у цёмным непралазным лесе цэлы квартал з усімі патаемнымі сцяжынкамі. Бо далейшыя пошукі дазволілі звязаць бессістэмныя ўрыўкі ў адно непарыўнае палатно.

Цяпер ізноў вернемся ў “старае добрае XVIII стагоддзе”, у часы, калі толькі адгрымела рэха першага падзелу Рэчы Паспалітай. А на даляглядзе ўжо надвісалі чорныя хмары татальнага руйнавання дзяржавы нашых продкаў.

Пытанне аўтарства

Змест оперы “Агатка”, назва якой пазней атрымала дадатак “або прыезд Пана”, даследаваны ўздоўж і ўпоперак. Аўтарства лібрэта ўстаноўленае і ніколі не аспрэчвалася (згаданы Мацей Радзівіл). Але калі музыказнаўцы Беларусі і Польшчы закранаюць пытанне аўтарства музыкі да “аперэткі”, без дыскусій справа не абыходзіцца. Прычым кожны з бакоў пераканаўча даводзіць слушнасць свайго погляду, выкарыстоўваючы моцныя аргументы.

Бясспрэчным лідарам па колькасці пастаўленых like (прабачце за такі эўфемізм) ужо 200 гадоў з’яўляецца нямецкі музыкант Ян Давід Голанд (1746 — 1827), які каля дваццаці гадоў працаваў пры нясвіжскім двары Радзівілаў. Пазней ён перабраўся ў Вільню (1802), стаў прафесарам універсітэта і выкладаў тэорыю музыкі будучым сябрам усіх патаемных студэнцкіх таварыстваў. Біяграфія музыканта і аргументы на карысць аўтарства Голанда прадстаўлены ў працах вядомага беларускага музыколага прафесара Вольгі Дадзіёмавай.

Другім прэтэндэнтам, які значна адстае ад лідара, ужо 235 гадоў з’яўляецца італьянскі музыкант Алясандра Данэзі (Alessandro Danesi). Ягоны гонар адстойвае вядомы польскі прафесар Аліна Жураўска-Вікоўска. Прыводзячы, сярод іншага, здаўна вядомы і даволі сур’ёзны аргумент. Неўзабаве пасля нясвіжскай прэм’еры адбылася і варшаўская. І на афішах “Агаткі” было пазначана імя менавіта гэтага музыканта! А вось Голанда, падаецца, пачалі згадваць у звязку з той операй значна пазней — прыпісваючы яму аўтарства ледзь не пасмяротна.

Дарэчы, ні ў адмысловых энцыклапедыях, ні ў адпаведных публікацыях музыказнаўцы чамусьці не знаёмяць чытача з цэльным нарысам жыцця Алясандра Данэзі. Хаця казаць, што ён быў невядомы сваім сучаснікам, ніяк не выпадае.

Італьянец пры двары мітрапаліта

З усяго апублікаванага ў розны час і ў розных краінах, а таксама дзякуючы выяўленым мной у архівах звесткам мне ўдалося скласці такую біяграму.

Нарадзіўся Алясандра Данэзі ў першай траціне XVIII стагоддзя. Магчыма, ў Рыме. Першы вядомы выхад на “музычны рынг” адбыўся ў 1766 годзе падчас карнавалу ў Фларэнцыі — “rzymianin, tworca farsetty Il villano facoltoso wykomamej we Florencji w karnawale 1766 (Teatro della Palla a corda)”, як піша спадарыня Жураўска-Вікоўска ў адной са сваіх публікацый. Дадамо да гэтага знойдзеную намі цікавую інфармацыю пра наступны крок Данэзі — падчас чарговага карнавалу, але ўжо, падаецца, у Рыме быў прадстаўлены плён сумеснай працы — Le gare degli amanti, parole di Antonio Gatta, musica di Alessandro Danesi (1768). Адбылося тое ў рымскім тэатры Капраніка.

Кім быў аўтар лібрэта Антоніо Гата? Малавядомым (у наш час) паэтам і лібрэтыстам, які паходзіў з Аркадыі. Вучыўся ў Аркадскай акадэміі (1743 — 1766), меў аркадскае імя Ферэзіо Нікена. Верагодна, памёр у 1771 годзе.

Далей мы бачым Данэзі на чале прыдворнай капэлы Лявона (Льва) Шаптыцкага (1714 — 1779), які ў 1778 годзе стаў першаерархам грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай, замяніўшы на кафедры мітрапаліта Піліпа Феліцыяна Валадковіча (дваюраднага дзеда Тадэвуша Рэйтана). Дарэчы, Шаптыцкі апекаваўся не толькі душамі, але яшчэ і зямным лёсам сваіх шматлікіх сваякоў, набываючы для іх маёмасць. Аб чым згадваецца ў ягонай біяграфіі, змешчанай у Polski Slownik biograficzny (няблага б і ў Беларусі наладзіць выданне такога карыснага даведніка!).

Стырно гэтай капэлы Данэзі трымаў да 1775 года. Але пакуль невядома, як ён патрапіў да Шаптыцкага (чалавека, дарэчы, адукаванага), і ці выконваў пры яго двары толькі музычны абавязак (здаралася, служэнне музам няблага спалучалася са шпіянажам). Дакладна можна сказаць толькі тое, што пакінуў гасцінны двор Шаптыцкага ён з намовы варшаўскага старасты і генерала польскай артылерыі Алойзыя Фрэдэрыка Бруля (1739 — 1793). Ён прапанаваў Данэзі працаўладкавацца капельмайстрам у варшаўскі каралеўскі тэатр. Той прыняў прапанову блізка да сэрца. Завязалася ліставанне, Бруль прасоўваў свайго пратэжэ. Праўда, плёну гэта ўсё не займела.

Алойзы Фрыдэрык Бруль быў не толькі таленавітым мэрам Варшавы. Да 1764 года ўвесь парк польскай працаздольнай артылерыі складаўся ледзь не з шасці гармат, якія падараваў роднай краіне бацька Алойзыя, генерал артылерыі Генрык Бруль, ды яшчэ нейкіх музейных экспанатаў, адлітых за дзедам шведам. Аднак Алойзы ўзяўся за людвісарскую справу актыўна, і рознакалібравых гармат стала болей у дзясяткі разоў. І пры гэтым ураднік-вайсковец шчыра захапляўся літаратурай і музыкай, ды і сам меў у прыгожым пісьменстве пэўныя дасягненні. Мімаходзь адзначу, што адна з яго папулярных камедый мела да болю знаёмы назоў “Прыезд пана”, і вялося там пра стасункі розных класаў на вёсцы.

Якія адносіны звязвалі Данэзі і Бруля, і як апошні не толькі намовіў італьянца разарваць выгодны кантракт з Шаптыцкім, але і паспрабаваў яго прасунуць яшчэ вышэй? Невядома. Але нам удалося выявіць цікавыя дакументы, якія праліваюць на сёе-тое святло…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар