Баявая вахта Янкі Купалы

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Медаль для ўдзельніка абароны Масквы
75-я гадавіна Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне зноў нагадвае нам пра значэнне подзвігу кожнага асобнага чалавека. Многія вядомыя беларусы прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з нямецкімі захопнікамі на ўсіх франтах. У фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы зберагаюцца матэрыялы ваеннай пары, якія звязаны з лёсам славутага паэта: вершы, артыкулы, лісты, фотаздымкі, асабістыя рэчы. Каштоўным экспанатам калекцыі з’яўляецца ваенная ўзнагарода Янкі Купалы — медаль “За абарону Масквы” (фота № 1). Нямногія ведаюць, што паэт праявіў сябе ў час абароны горада ў 1941 годзе, аднак узнагароджаны ён быў ужо пасмяротна…

/i/content/pi/cult/798/17166/022.JPG7 ліпеня 1941 года Янка Купала разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч апынуўся ў Маскве. На той час дом творцы ў Мінску і дача ў Ляўках былі цалкам знішчаны ворагам. У Маскве паэт спыніўся ў доме № 56 па вуліцы Вялікай Грузінскай, дзе жыў мастак Канстанцін Елісееў. Яго кватэру Янка Купала ласкава называў “Елісейскія палі”. У гэтым жа доме жыў і пісьменнік Макс Зінгер, у якога часта бываў Купала.

Становішча ў горадзе было небяспечнае. Сталіца падвяргалася масіраваным бамбардзіроўкам нямецкай авіяцыі. Пісьменнік Максім Лужанін так успамінаў тыя часы: “Калі я прыскочыў у дворык на Грузінскай, узляцелі сляпучыя стрэлы пражэктараў, прамацваючы пашарэўшае неба, сілячыся схапіць у скрыжаванне промняў невідочнага ворага. А ён поўзае нібыта над самай галавою і гудзе неяк асабліва нудна і прыкра”. Падобную карціну падзей апісваў і пісьменнік Барыс Емельянаў: “Час быў не толькі трывожны, але і мітуслівы. З раніцы пачыналіся званкі з рэдакцый, камісій Саюза, тэлефанавалі беларускія бежанцы, сябры. А ноччу Янка спаў мала: за вокнамі аглушальна бухалі зеніткі, на даху трашчалі буйнакаліберныя кулямёты, а на вуліцах зусім блізка рваліся бомбы”.

Жыхары дома № 56 часта мусілі ратавацца ў бомбасховішчах. На гэта Янка Купала пагаджаўся вельмі неахвотна. Былі выпадкі, калі ён заставаўся ў кватэры нават падчас варожых абстрэлаў. Пра такія абставіны ўзгадваў Барыс Емельянаў: “Раніцою трэба было здаваць Ваенвыдату брашуру Купалы “Народныя мсціўцы”. Пад грукат гармат і звон шкла мы да раніцы чыталі карэктуру. Потым патушылі святло і паднялі штору. Світала. Нямецкія самалёты павесілі над горадам асвятляльныя ракеты, на дварэ і ў пакоі стала светла і страшна.

Янка ўсміхнуўся:

— Вось былі маленькімі і добрымі, баяліся цемры і не любілі яе. Сталі дарослымі і злоснымі — баімся святла. Але гэта ўсё няпраўда, Бора. Станем вялікімі і добрымі і зноў будзем радавацца святлу і сонцу”.

У такі няпросты перыяд Янка Купала праявіў сябе як актыўны публіцыст, бо разумеў, што яго словы будуць важнымі для суайчыннікаў. У ліпені — кастрычніку 1941 года адзін за другім выйшлі з друку наступныя артыкулы: “Поднялась Беларусь”, “Не будет белорус рабом немецких баронов!”, “Германский фашизм — злейший враг белорусского народа”, “Белорусский народ не позволит себя закабалить”, “Народная война”, “Земля горит под ногами фашистов”, “Белорусский народ не пойдет в рабство”, “Партизанский удар”. 11 жніўня 1941 года Янка Купала выступіў са зваротам “Выше знамя борьбы за свободу и независимость!” на Першым Усеславянскім мітынгу ў Маскве.

У 1941 годзе ў Маскве пабачыў свет зборнік вершаў Янкі Купалы “Избранные стихи”. Адзін з асобнікаў захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны кнігу перадаў Герой Савецкага Саюза, лётчык Аляксей Грацыянскі. Зборнік ён атрымаў 11 верасня 1941 года падчас сустрэчы з паэтам на кватэры пісьменніка Макса Зінгера (фота № 2).

Летам — восенню 1941 года Янка Купала змагаўся з ворагам не толькі на творчым фронце, але і ў час баявых вахт супрацьпаветранай абароны. У фондах музея захоўваецца графік дзяжурстваў па ахове ад запальных бомб дома № 56 (фота № 3). У спісе ёсць і імя паэта. З раскладу змен відаць, што гэту работу выконвалі таксама мастак Канстанцін Елісееў, пісьменнік Макс Зінгер і Ілля Яртымік, шафёр Янкі Купалы.

Небяспека для жыцця была не толькі на такіх вахтах. Пісьменнік Барыс Емельянаў прыгадваў: “Аднойчы мы позна вярталіся з клуба. Трывога застала нас каля Заалагічнага сада, рух спыніўся, і калі мы пехатой дабіраліся дадому, вакол нас з характэрным цмоканнем рассыпаўся чарговы “пакет” запальных бомб. Адна звалілася побач з Янкам. Ён адкінуў яе палкай да кучы гліны, накіданай каля пад’езда, клапатліва закапаў”.

Восенню 1941 года становішча на фронце значна пагоршылася. Плануючы захапіць Маскву, нямецкія войскі працягвалі актыўнае наступленне. З горада пачалася эвакуацыя насельніцтва ў аддаленыя раёны краіны. 14 кастрычніка Янка Купала накіраваў ліст на імя адказнага за эвакуацыю Саюза пісьменнікаў Валерыя Кірпоціна, у якім прасіў, каб месца ў эшэлоне, забраніраванае для яго і жонкі, было дазволена выкарыстаць сям’і пісьменніка Барыса Емельянава (фото № 4). Сам паэт разам з жонкай выехаў з Масквы на аўтамабілі. Развітанне са сталіцай будзе доўжыцца больш за паўгады. У сярэдзіне чэрвеня 1942 года Янка Купала вернецца ў Маскву, дзе трагічна загіне…

1 мая 1944 года выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Згодна яго, для ўдзельнікаў абароны Масквы ўводзіўся медаль. Вызначаліся катэгорыі асоб, якія маглі стаць уладальнікамі ўзнагароды. Сярод грамадзян, якія атрымлівалі медалі, было імя і Янкі Купалы. Паэт меў дачыненне да наступнай катэгорыі адзначаных: “…асобы з грамадзянскага насельніцтва — найбольш актыўныя ўдзельнікі абароны Масквы ад паветраных налётаў праціўніка з 22 ліпеня 1941 года па 25 студзеня 1942 года”. Да медаля абавязкова дадавалася пасведчанне. У паэта гэты дакумент быў пад нумарам АА № 001795 (фота № 5). Дата ўручэння медаля — 27 чэрвеня 1945 года. Замест асоб, якія загінулі, медаль атрымлівалі родныя. Вядома, што ўзнагароду ў музей прывезла Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Зараз медаль займае пачэснае месца ў яго экспазіцыі.

Дзмітрый Лішай, навуковы супрацоўнік аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы