Бусел на вяршыні манумента…

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Большая колькасць сённяшніх рэгіянальных навін звязана, натуральна, з нядаўнім юбілеем Дня Перамогі. Вялікае надоўга застаецца ў памяці. Пра перамогу над каранавірусам казаць яшчэ рана, але нашы чытачы ўзнімаюць і гэтую тэму. Усё зразумела: бой, што вядуць нашы медыкі з пандэміяй, таксама лёсавызначальны. Дапаможам ім перамагчы! Святлана Ганчарова з Бераставіцы распавядае, што работнікі культуры раёна правялі анлайн-канцэрт у падтрымку ўрачоў.

/i/content/pi/cult/798/17163/014.JPG“Яшчэ некалькі месяцаў таму, — піша аўтар, — мы і не ўяўлялі, што спатрэбяцца кардынальна новыя меры бяспекі і формы нашай дзейнасці. Вельмі цяжка абмежаваць творчую актыўнасць! Цяжка, але трэба. Тым не менш, мы не сядзім склаўшы рукі. Перайшлі ў анлайнавы рэжым. Адзін з такіх канцэртаў быў адрасаваны тым, хто знаходзіцца на перадавой барацьбы з каранавірусам”. Мерапрыемства для медыцынскіх работнікаў арганізавалі супрацоўнікі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтва і мясцовага раённага цэнтра культуры ды народнай творчасці. У канцэртнай праграме гучалі вакальныя і інструментальныя нумары. Папярэдне яны былі запісаны на відэа і размешчаны ў сацыяльных сетках. Сваёй творчасцю падзяліліся народныя гурты “Канцона”, “Вераск”, “Бераставіцкія музыкі”, салісты Таццяна Алексяюк, Вадзім Антоненка, Ілья Худзякоў, Юрый Заяц, Андрэй Аруткін, Юлія Сяргеева, Антон Бажко. Аўтар заканчвае свой ліст так: “Ці выратуе мастацтва ад пандэміі? Наўрад ці. Але ў тым, што яно дапаможа перажыць цяжкія часіны, работнікі культуры не сумняваюцца.” Ну і правільна робяць!

А цяпер — гучнае рэха пра ўшанаванне 75-годдзя Вялікай Перамагі.

Дыстанцыйна кантактуе з чытачамі і Бераставіцкая раённая бібліятэка. Метадыст установы Алена Аліферовіч распавядае пра бібліяпраект, прымеркаваны да юбілею Перамогі. Наведвальнікі ўстановы загадзя выразна прачыталі вершы пра вайну, урыўкі з празаічных твораў на гэткую ж тэматыку, а бібліятэкары зрабілі відэаролікі, якія дэманструюцца на сайце бібліятэкі і ў сацыяльных сетках. Праект так спадабаўся, што чытачы пачалі самі запісваць свае выступленні і дасылаць іх на адрас бібліятэкі.

Анлайн-фармат прапаноўвае сваім чытачам і Дзятлаўская раённая бібліятэка. Метадыст аддзела маркетынгу Марына Бортка пераконвае, што на сайце ўстановы прэзентуюцца наступныя базы: “Дарогамі вызвалення Дзятлаўшчыны”, “Фота з сямейнага альбома ветэрана”, “Дарагая сэрцу кніга пра вайну”. Відэачытанні патрыятычных вершаў можна знайсці ў сацыяльных сетках.

Культуролаг Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Карына Дзікленка піша пра праект раённага аўтаклуба “Дарогамі Перамогі”. Дзейнічаць ён пачаў з 1 мая. Сацыяльна-культурная акцыя скіравана на захаванне памяці пра ваенныя падзеі, подзвігі і імёны герояў. За гэты час, паведамляе аўтар допісу, праведзена 18 выязных канцэртаў-віншаванняў, у якіх бралі ўдзел не толькі вакалісты мабільнай установы, але і народны гурт народнай песні “Раніца” Віцебскага РЦК. Ветэраны атрымалі і сувеніры, зробленыя майстрамі раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”. Дапамаглі і спонсары з Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Праект прадугледжваў і ўзаемадзеянне аўтаклуба з валанцёрамі. Такім чынам была аказана дапамога ветэранам з аддаленых вёсак у навядзенні парадку на падворках. Па выніках усіх гэтых захадаў ствараецца Кніга памяці, якая ўтрымлівае біяграфічныя звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Віцебскага раёна.

Аўтацягнік “75 мірных гадоў” з удзельнікамі творчых калектываў праехаўся па Навагрудскім раёне. “Дэсант” наведаў памятныя знакі і брацкія могілкі герояў мінулай вайны. Пра гэта распавяла дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская.

Карэліцкі раён далучыўся да рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. Кветкі былі ўскладзены да 43-х воінскіх пахаванняў і 34-х помнікаў баявой славы. На мемарыяльным комплексе “Зорка” ў Карэлічах падчас ускладання кветак на вяршыню манумента, як пішуць Марына Казловіч і Аксана Януш, сеў бусел. Як тут не згадаць легенду, паводле якой душы загінулых салдат пераўтвараюцца ў птушак. Нашы загінулыя заўжды з намі…

Бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Ганна Карповіч распавядае: “З 15 красавіка ў нас арганізаваны квілт (інфармацыйны стэнд з асобных частак) “Захоўваем у сэрцах Вялікую Перамогу”. У напаўненні стэнда паўдзельнічалі не толькі бібліятэкары, але і чытачы”.

“Кніжная выстава “Вайна праз сэрцы пакаленняў” працуе ў гарадской бібліятэцы Ашмян”, — піша загадчык установы Людміла Зарэцкая. Кожны ахвотны можа ўзяць любое выданне, прачытаць і пакінуць свой водгук аб прачытаным.

IX рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі” быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі. У фінал прайшлі 157 канкурсантаў. Юная зорачка з музычных класаў Мураванай Ашмянкі Маргарыта Антановіч, як піша намеснік дырэктара Ашмянскай ДШМ Таццяна Печкур, таксама прайшла ў фінал і адзначана дыпломам “За артыстызм”. Настаўнік  — Вольга Чаплінская.

Тры дзясяткі яблынек пасаджаны на тэрыторыі Граўжышкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Такім чынам, пішуць метадысты з Ашмян, узнік Сад Перамогі.

У палацы мастацтваў Бабруйска прайшоў дыстанцыйны конкурс-фестываль “Песні Вялікай Перамогі”. Гран-пры атрымаў узорны хор старэйшых класаў дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства горада Горкі. Пра гэта паведаміла загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная.

Яшчэ адна прыемная навіна з Бабруйскага Палаца мастацтваў. На гэты раз на сувязь з рэдакцыяй выйшла загадчык аддзела мастацкай творчасці Наталля Кулікова. Вось што яна піша: “Самадзейная мастачка з Бабруйска Юлія Кравец стала лаўрэатам першай ступені міжнароднага фестывалю мастацтваў “Art Fest”. Нагадаю, што конкурс сёлета ладзіўся дыстанцыйна пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама, шэрагу грамадскіх арганізацый і Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. Графічная работа Юліі “Процістаянне” — на тэму барацьбы з пандэміяй”.

Вельмі смачная навіна. Загадчык метадычнага аддзела цэнтралізаванай клубнай сістэмы Быхаўскага раёна Святлана Саламевіч распавядае пра рэалізацыю праекта “Пакаштуйце, гэта смачна!” Цягам мінулага года метадысты Быхаўшчыны збіралі аўтэнтычныя рэцэпты беларускіх страў, якімі і па сёння сілкуюцца жыхары раёна. Вірус — вірусам, а есці хочацца заўжды. Да слова, есці смачна хочацца ўдвая больш. За час кулінарных вышукаў і вандровак сабраны багаты фота- і відэаархіў працэсаў гатавання. Сёння распрацоўваецца зборнік рэцэптаў. Пакуль іх асаблівасці трымаюцца ў сакрэце. Галоўнае ў творчасці — вытрымаць паўзу і захаваць інтрыгу. Зазначым толькі, што назапашаны “інструкцыі” па вырабе бліноў у вёсцы Дунаёк, па выпяканні жаўрукоў у Ніжняй Тошчыцы, па гатаванні яешні ў аграгарадку Чорны Бор, падрыхтоўкі юхі з Баркалабава. Святлана Саламевіч запэўнівае, што збор рэцэптаў па Быхаўскім раёне працягваецца і ў бягучым годзе. Бачна па ўсім, што кулінарны зборнік можа стаць шматтомным.

І напрыканцы — аб прафілактыцы дзіцячага свавольства, што можа прывесці да бяды. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок паведамляе, што з 11 мая па 1 чэрвеня ў сталіцы адбываецца рэспубліканская акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, прымеркаваная да Дня сям’і і Дня аховы дзяцей. Акцыя накіравана на работу з мнагадзетнымі сем’ямі і сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў. Маленькія дзеці часцей атрымліваюць траўмы дома. Калі яны знаходзяцца без нагляду, то хутка знаходзяць нажы, нажніцы, запалкі, лекі, незамацаваныя паліцы, адкрытыя вокны… Крыніцы дзіцячай небяспекі можна працягваць бясконца. І бацькі павінны памятаць пра гэта пастаянна. Дзяцей з іншароднымі прадметамі ў страўніку дастаўляюць у бальніцу практычна штодня. Не менш актуальнай застаецца і праблема дзіцячага свавольства з агнём. Дзіцячыя эксперыменты з запалкамі пастаянна вядуць да ўнушальных матэрыяльных страт, іншым разам — да чалавечай гібелі. І адказнасць тут цалкам кладзецца на бацькоў.

Беражыце сябе!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"