Вайна, каханне, тэрапія

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Да вяршынь на папяровым самалёціку?
Гомельскі абласны драматычны тэатр, нягледзячы на складаныя абставіны, не адмовіўся ад прэм’еры спектакля “Нябесны ціхаход”, прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі. І правёў яе, як і было запланавана, акурат 8 — 9 мая, але… у рэжыме анлайн, сабраўшы ўдзячных гледачоў не ў зале, а ў інтэрнэце. Колькасць праглядаў — 516.

/i/content/pi/cult/798/17161/012.JPGРэпетыцыі вяліся, як і мае быць. 7 мая адбыўся традыцыйны перадпаказ — генеральны прагон для мастацкага савета тэатра і запрошанай прэсы. Гэты запіс і быў выкладзены на два дні ў Сеціва. Дадам, што бясплатныя паказы для ветэранаў, пенсіянераў і іншых катэгорый гледачоў тэатр ладзіць рэгулярна, асабліва да такіх святаў, як гэта. Так што можна лічыць, што традыцыя “вольнага ўваходу” захавалася, толькі крыху змяніла фармат.

Сюжэт пра лётчыкаў-сяброў, якія далі адзін аднаму зарок не ўлюбляцца да канца вайны і, вядома, яго парушылі, добра вядомы па аднайменнай кінастужцы 1945 года. Паводле таго фільма, дзе сцэнарыстам і рэжысёрам быў Сямён Цімашэнка, а кампазітарам — Васіль Салаўёў-Сядой, пазней з’явілася п’еса Аляксея Якаўлева з вершамі Вячаслава Вербіна. Яна стала літаратурным падмуркам музычнай камедыі Марка Самойлава, які захаваў знакамітыя песні кінаарыгінала. Дарэчы, акурат дзесяць гадоў таму гэты твор быў увасоблены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — з аркестрам, разгорнутымі музычнымі нумарамі. Гомельскі ж спектакль, разлічаны выключна на драматычных акцёраў, пастаўлены паводле згаданай п’есы “Я люблю цябе, эскадрылля!” А.Якаўлева і В.Вербіна. Але песні з фільма, хай і ў скарочаным выглядзе, захаваны і тут.

Малады рэжысёр Андрэй Шыдлоўскі дадае ў свой спектакль новы паварот: ваенныя падзеі, што разгортваюцца перад гледачом, становяцца ўспамінамі ветэрана, які распавядае іх сваёй унучцы, прычым па яе ўласнай просьбе. А тая, як няцяжка здагадацца, — дакладная копія бабулі ў маладосці (абедзве ролі выконвае Марыя Хадзякова). Няхітры постмадэрнісцкі ход успрымаецца своеасаблівай “спасылкай” на кінасіквел “Верны сябра Санча” 1974 года, дзе фігуравала ўнучка аднаго з лётчыкаў (тое, што ў спектаклі дзейнічае ўнучка іншага героя, не змяняе сітуацыі). Гэта дазваляе вывесці на сцэну і годна ўшанаваць аднаго са старэйшых артыстаў тэатра — заслужанага артыста Беларусі Фёдара Іванова, які і сапраўды прайшоў вайну дзіцём. Да таго ж, дапамагае натуральна з’яднаць розныя пакаленні, што надзвычай запатрабавана ў сучасных адлюстраваннях тэмы Вялікай Айчыннай. На тую ж спробу “зачапіць” гэтай тэмай моладзь — акцёрскую і глядацкую — працуе і наступная дэталь: у спектаклі, у адрозненне ад колішняй кінастужкі, заняты папраўдзе маладыя артысты. Той жа Аляксандр Ільінскі, якому даверана адна з цэнтральных роляў, працуе ў тэатры ўсяго два гады.

Спектакль, на жаль, моцна “падфарбоўвае” мінулае. Чаго каштуюць хаця б бялюткія шкарпэткі на нагах ваенных лётчыц! У фільме такая тэндэнцыя тлумачылася жаданнем як мага хутчэй забыць увесь цяжар і нягоды ліхалецця. Далейшы перыяд жданаўшчыны толькі замацаваў у мастацтве паказ вайны не як болю ды смерці, а выключна як гераізму, што вядзе да Перамогі — без уліку заплачанага за гэта кошту. Аднак да цяперашніх пакаленняў, выхаваных на камп’ютарных гульнях-“стралялках”, важна данесці іншае — горыч любой вайны, нават самай пераможнай. Бо без ахвяраў тут не бывае. І магчымасці “перайграць няверны ход” — няма.

Спектакль у яго цяперашнім выглядзе не пазбаўлены і іншых недахопаў. У ім няма адчування атмасферы тае пары, праз абраны тэмпарытм дзея ўспрымаецца як “расцягнутая”, “бясконцая”, хаця ахоплівае ўсяго паўтары гадзіны. Журналістка Алена паўстае поўнай дурнічкай з манерамі сучаснай камедыйнай “бландынкі”. У кагосьці танцавальныя нумары — вышэйшы пілатаж, у астатніх — нягеглыя рухі. Незаўважанай застаецца закладзеная ў тэксце спасылка на першыя радкі “Тытулярнага саветніка” Пятра Вейнберга, чый верш атрымаў папулярнасць праз аднайменны раманс Аляксандра Даргамыжскага.

Спектакль, безумоўна, застаецца важнай грамадскай акцыяй — гэткай тэрапіяй, скіраванай на эмацыйную падтрымку старэйшага пакалення ў наш складаны час. У цяперашніх умовах яго ўвогуле можна разглядаць як творчы подзвіг: маўляў, каранавірусу тэатр не здаецца. Але да ўзроўню мастацкасці — убачанае не ўзрастае. А магло б! Бо ёсць у пастаноўцы адметны сцэнічны лейтматыў — папяровыя самалёцікі. Праз іх вырашаецца спрэчка-бойка хлопцаў і дзяўчат, калі яны кідаюць адзін у аднаго папяровымі вырабамі дамарослага “арыгамі”. Праз тыя ж самалёцікі распавядаюцца падрабязнасці важнай паветранай аперацыі, калі быў знішчаны фашысцкі самалёт з непераможным нямецкім асам. Але ж мы ведаем, наколькі крохкія гэтыя “мадэлі”! Імгненна згараюць, змінаюцца — не аднавіць. І калі б развіць гэту тэму — без слоў, цягам бязмоўнага дзеяння-роздуму, кантрастам да вайны, як гуллівай “вясёлай прагулкі”, спектакль набыў бы хаця б намёк на мастацкую асацыятыўнасць, якая “заводзіць матор” нашых думак.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"