Аўдыя & Відэа

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Сакавіцкія аўдыя- / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць мастацкі кіраўнік, музыкант Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Раман КОЗЫРАЎ (A.) і аглядальнік газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/798/17160/Kriwi_opt.jpegГурт Kriwi, міні-альбом Kumacki

А.: Я, натуральна, знаёмы з творчасцю гурта. На мой погляд, яго росквіт прыйшоўся на канец 1990-х — пачатак 2000-х. Удзельнікі Kriwi Вераніка Круглова і Зміцер Вайцюшкевіч тады сапраўды былі яркімі асобамі ў айчынным шоу-бізнесе. Разам з “Палацем” каманда папулярызавала і беларускамоўную песню, і нашу музычную аўтэнтычную, фальклорную спадчыну, прычым сучаснымі метадамі — актуальным на той час гучаннем. Гэта значыць, калектыў гэты, безумоўна, заслугоўвае толькі павагі. Цяперашні яго варыянт — канкрэтна прапанаваны міньён, хутчэй варта разглядаць як нейкі эксперымент — рэверанс у бок клубнай культуры. Мікс з модных груваў і пэўнай музычнай эстэтыкі ды з традыцыйнымі напевамі, матывамі ў мяне адрыньвання не выклікаў. Зрэшты, і захаплення таксама. Спроба ўдалася, але раней было лепш. “Песняры”, дарэчы, хочуць паспрабаваць запісаць альбом з электронным гучаннем.

B.: Ад новай работы гурта я чамусьці чакаў больш агрэсіўнай музыкі, з захаваннем, натуральна, народнага аўтэнтычнага вакалу і электроннага гучання — яго каманда (праўда, у некалькі іншым складзе) разам з “Палацам” Алега Хаменкі некалі і ўкараняла ў сучасны беларускі фольк. З-за чагосьці здавалася, Kriwi стануць рухацца ў бок, які для айчынных музыкантаў, што граюць у падобнай стылістыцы, праклаў праект Юрыя Выдронка Ur’ia з яго шчыльным саўндам. Аднак, не — гэта ўсё тыя ж празрыстыя галасы і не занадта наварочаная электроніка. Цікава, што за поўнафарматнік прапануе слухачам трыа, калі ён плануецца і міньён анансуе альбом. Дадзены рэліз абышоўся без відавочных хітоў — на шлягер не пацягнуў нават перапеў песні “Русалкі”, якую “Палац” у свой час ператварыў у безумоўны баявік.

/i/content/pi/cult/798/17160/fa1_opt.jpegГурт Teleport, альбом Padvojnasc

A.: Выказваю “рэспект” хлопцам за вельмі круты гук. Адразу захацелася залезці ў іх “паблік”, каб даведацца, дзе і якім чынам гурт запісваўся, хто яго запісваў, зводзіў і майстраваў альбом. Чуваць, які велізарны аб’ём працы быў праведзены. Абсалютна сусветны ўзровень запісу. Па агульнай атмасферы, інструменталу, спецэфектам рэліз мне нагадаў выдатны альбом The Wall гурта Pink Floyd. Прадуманыя ад і да гітарныя партыі, цікавая праца з сінтэзатарамі і гэтак далей. Усё стыльна, выразна, неардынарна . Рамантычная, філасофская па змесце работа. Выдатныя беларускамоўныя песні
“Акіян” і сумесная са спявачкай Duся “Свабода”.

B.: Паважаю тых, хто ідзе супраць мэйнстрымавых музычных плыняў, папсы. Нават калі гэта ў іх і не занадта добра атрымліваецца. У мінчукоў з ідэямі, інструменталам, саўндам усё выдатна, і калі ёсць заўвагі, да таго ж — не гэтак крытычныя, то толькі да вакалу, калі гучанне гурта “пачкам” не зусім чыстае. У фанатах арт-рока я не лічуся, але альбом уражанне зрабіў моцнае, ніякага падвойнага адчування, маўляў, “з аднаго боку.., аднак з іншага...” Настрой кампазіцый, што ўвайшлі ў яго, у цэлым дастаткова сумны. Праўда, смур тут нейкі светлы, пара крокаў са змроку і вось яна — дарожка да выхаду з жыццёвага тупіка. Напрошваецца, вядома, візуальная пастаноўка па канцэптуальным праекце, але хто ж яе зараз адужае.

/i/content/pi/cult/798/17160/_opt.jpegВіталь Артыст, альбом “Іголка”

A.: Мы часта перасякаемся з Артыстам на нейкіх мерапрыемствах і я лічу, што, у першую чаргу, ён вельмі класны канцэртны... артыст — яго былы гурт лепш за ўсё слухаўся менавіта “жыўцом”. У такія моманты калектыў выглядаў вельмі цікава, драйвова, эфектна. Сольны альбом музыканта ў цэлым мне спадабаўся. Ён мае дастаткова знаёмую стылістычную “безбілетную” афарбоўку, а чагосьці асаблівага новага, эксперыментальнага я тут не знайшоў. З гукавымі эфектамі Віталь заўсёды ўмеў працаваць, што пацвердзіў і дадзены рэліз. Як звычайна, разнастайная лірыка. Якасны прадукт выйшаў. А з песень больш за іншых спадабалася My Angel — вельмі прыгожы дуэт з Homie.

B.: З “жывым” спевам у Віталя заўсёды не ўсё ішло бліскуча, хутчэй, яго канцэртную манеру можна па большай частцы аднесці да рэчытатыву. Ды і на альбомах “БЕЗ БИЛЕТА” нярэдка сустракаліся кампазіцыі, у якіх лідар каманды тэксты прамаўляў, а не спяваў. Таму лагічным выглядае тое, што артыст, якi ў канцы мінулага года распусціў свой гурт, жанрава аднёс сольнік да хіп-хопа. Сапраўды, практычна ўсе трэкі рэліза вытрыманыя ў рэпавай стылістыцы. А лепшай дарожкай, на мой густ, стала загалоўная — тыповая хітовая “безбілетная”. Класным выйшаў і дуэт з Homie — маладым беларускім лірычным спеваком. “Ну і што, уласна, змянілася ў творчасці музыканта пасля таго, як ён пачаў сольную кар’еру?”— спытаеце вы мяне. На мой погляд, перамены закранулі перш за ўсё тэксты. Будучы да таго крышталёвым рамантыкам, Артыст стаў “бліжэй да зямлі”: іх героі — летуценнікі і фантазёры, ціхамірныя і задуменныя — раптам пасталелі. І аказалася, што ў свеце не толькі свеціць сонца, але і ідуць дажджы. Цікава, куды далей рушыць па музычна-паэтычнай дарозе гэты, безумоўна, таленавіты выканаўца.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/798/17160/Intelligency_opt.jpegГурт Intelligency, кліп на песню August

А.: Я чытаў навіны пра поспех гэтага гурта і, вядома, зацікавіўся iм. Выдатна, што беларуская каманда дабілася такога прызнання. Песня гучыць вельмі клёва, у чым, напэўна, ёсць і заслуга людзей з сур’ёзнага лэйблу. Кліп добры, ён такі... смешны па змесце. І атмасферны па настроі і карцiнке. Наогул, цяперашняя музычная субкультура шмат у чым не пра музыку і тэксты, гэта такое зразумелае, перш за ўсё самім артыстам, самавыяўленне. І дадзены трэк не выключэнне, таму складана зразумець, аб чым ён. Кожны слухач знойдзе ў ім свой сэнс, дасць сваё тлумачэнне кампазіцыі. Гэта як Муракамі чытаць і спрабаваць спраецыраваць на сябе філасофію пісьменніка.

B.: Шчыра кажучы, я не зразумеў той “істэрыі”, якая ўзнікла ў часткі айчынных меламанаў, калі высветлілася, што дадзеная песня трапіла ў нейкі там інтэрнэт-чарт сусветнай музыкі. Калі гаворка не ідзе аб банальнай накрутцы, то папулярнасць трэка для мяне і па гэты дзень застаецца загадкай. Вельмі прасценькая па інструментале, аранжыроўцы і запісы кампазіцыя, тэкст якой цяжка разабраць, крыху прыліплівая мелодыя. Усё. Але ж, не. Усяго гэтага дастаткова для таго, каб з артыстам падпісаў кантракт расійскі прадстаўнік сусветнага гуказапісвальнага гіганта.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"