“МЫ — БЕЛАРУСЫ!!”

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Велічным кульмінацыйным акордам фіналу Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” сёння стане выкананне Дзяржаўнага гімна краіны. Магутны спеў артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, Дзяржаўнага камернага хору і капэлы “Санорус” разам з тысячамі і тысячамі мінчан — гледачоў унікальнага гала-канцэрта пралунае над вялізным спеўным полем, у якое ператворыцца на пяць гадзін узлётная паласа аэрапорта “Мінск-1”. Залатыя галасы годна сцвердзяць: “Мы — беларусы!”

Сёння з аэрапорта “Мінск-1” у неба адна за адной будуць узлятаць... песні: на гэтай пляцоўцы адбудзецца заключны канцэрт Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Ён працягнецца каля пяці гадзін. А дамінантай канцэрта, паводле традыцыі, стане сумеснае выкананне гімна нашай краіны.

— У выкананні гімна, — расказаў рэжысёр канцэрта Вячаслаў Панін, — возьмуць удзел тры нашы буйныя калектывы: Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхася Дрынеўскага, капэла “Санорус” на чале з Аляксеем Шутом, Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Вядома, да іх далучыцца і публіка. Так што склад “зводнага хору” ў 300 чалавек — далёка не мяжа.
Пляцоўка аэрадрома разлічана на 10 — 15 тысяч чалавек — чым не прастора для “спеўнага поля”? Тым больш, што традыцыі харавой музыкі заўсёды развіваліся ў нашай краіне даволі плённа.
Трэба спадзявацца, будуць падпяваць гледачы і многім сольным выступленням нашых вядомых артыстаў. Тым больш, што праграма канцэрта збярэ ледзь не ўвесь эстрадны “бамонд”, многія маладыя гурты і асобных салістаў, юных зорачак і замежных гасцей.
— З Расіі, — працягвае В.Панін, — мы запрасілі папулярную групу “Сцэнакардзія”. Яна добра вядомая беларускім гледачам не толькі па тэлеэкране, бо ўдзельнічала ў Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у многіх іншых гала-канцэртах, што праходзілі ў нашай краіне. Ну, а Анжаліку Агурбаш назваць “замежнай госцяй” проста немагчыма. Яна хаця і жыве апошнім часам у Расіі, усё роўна — “Беларусачка”, як называўся, дарэчы, адзін з яе альбомаў, цалкам складзены з песень нашых аўтараў. Моцным абяцае быць і дзіцячы блок. У ім выступіць ансамбль “Верасяты”, пераможцы і ўдзельнікі дзіцячага “Еўрабачання” Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч, Вольга Сацюк. Канцэрт разлічаны на рознаўзроставую аўдыторыю. У ім возьмуць удзел такія выдатныя салісты, як народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Іна Афанасьева, заслужаныя артысты краіны Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка, лаўрэат міжнародных конкурсаў Паліна Смолава, улюбёнка публікі Ларыса Грыбалёва. Ды ўсё ж нашым галоўным арыенцірам была і застаецца моладзь. Таму акрамя ўжо даўно прызнаных эстрадных зорак мы запрасілі да ўдзелу і тых, хто пачаў сваю творчую кар’еру адносна нядаўна. Тым больш, што ўзрост артыстаў, як кажуць, зусім не перашкаджае іх папулярнасці. Думаю, выступленні Жанет, удзельнікаў эстраднай студыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў будуць садзейнічаць яшчэ большаму іх прызнанню нашай публікай. Не абышлі мы ўвагай і маладзёжныя гурты: “Lite sound”, “Палац”, “Да Вінчы”, “The Champions” і іншыя.
Усяго ў канцэрце прагучыць каля 50-ці нумароў.
Што да “культураўцаў”, дык нам асабліва прыемна бачыць сярод удзельнікаў гурт “Пяты сезон”: гэты малады калектыў, які гучна заявіў пра сябе на песеннай эстрадзе, прадстаўляў нашу газету на ХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы “СМІ ў Беларусі”, удзельнічаў у іншых гала-канцэртах, у тым ліку тых, што праходзілі ў межах Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”.
Сённяшні канцэрт у аэрапорце з’яўляецца фінальным. Акцыя пачалася ў сакавіку. Пасля невялікага жнівеньскага перапынку распачаўся другі яе этап. Сімвалічна, што пачатак яе другога этапа прыпаў на Дзень беларускага пісьменства, што сёлета святкаваўся ў Барысаве. Далей канцэрты акцыі ахапілі ўсе абласныя цэнтры рэспублікі, часам спалучаючыся з фестывальным рухам, святамі гарадоў, як гэта адбылося, да прыкладу, у Гомелі і Гродне.
— Падобныя канцэрты, — падзяліўся ўражаннямі прадзюсер Юрый Саваш, — ладзіць лёгка і адначасова складана. Лёгка таму, што на іх збіраюцца лепшыя артысты, кожны з іх добра разумее адказнасць і шчыра хоча зрабіць свой унёсак у фарміраванне нацыянальнай свядомасці нашага народа, чарговы раз з гонарам заявіўшы: “Мы — беларусы!”. А складанае, мабыць, тое, што ты і сам разумееш адказнасць, тым больш, калі канцэрт ладзіцца ў фармаце “жывога гуку”. Асабіста я браў удзел у арганізацыі двух гала-канцэртаў акцыі: самага першага, які ладзіўся ў сакавіку ў Магілёве, і нядаўняга ў Гомелі, якім завяршаўся V Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. Акрамя таго, у межах акцыі праходзілі многія сольныя канцэрты Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Уласна кажучы, кожнае выступленне нашых артыстаў і ў роднай краіне, і за яе межамі сведчыць пра тое, што “Мы — беларусы!”. Але калі гэтыя словы становяцца лозунгам, яны набываюць дадатковае выхаваўча-патрыятычнае ўздзеянне.

Надзея БУНЦЭВІЧ