Няпростым быў шлях

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Да 75-годдзя вызвалення Пінска і гадавіны Вялікай Перамогі Палескі драматычны тэатр падрыхтаваў спектакль “Хай спынецца вайна”. Пінчане горача падтрымалі прэм’еру, што адбылася ўвосень. У красавіку і маі меркавалася зладзіць шматлікія паказы для школьнікаў. І хаця з-за вайны з каранавірусам планы давялося скарэктаваць, новы спектакль яшчэ набярэ абароты ўсё новых праглядаў — хутчэй, у наступным сезоне.

/i/content/pi/cult/798/17159/011.JPGНяпростым быў сам шлях стварэння гэтай прэм’еры. Праца пачалася больш як год таму — летась у лютым. Рэжысёр Павел Марыніч запаліўся ідэяй паставіць не адну з вядомых п’ес ваеннай тэматыкі, а штосьці наўпрост звязанае менавіта з Пінскам і тымі падзеямі Вялікай Айчыннай, якія разгортваліся тут, у акупацыі. Гэта найперш страшная гісторыя Пінскага гета і гібелі многіх тысячаў людзей. Бо час ідзе, многае забываецца, а моладзь, якой адрасаваўся спектакль, павінна ўсведамляць цану Перамогі і не падвяргаць яе дэвальвацыі.

Сёння амаль не засталося сведкаў ваеннага ліхалецця, але хроніка, лічбы, успаміны тых, хто выжыў у нечалавечых умовах, захаваны на старонках шматлікіх даследаванняў і разнастайных выданняў, сярод якіх адзін з тамоў серыі “Памяць”, прысвечаны Пінскаму раёну, кнігі “Пінскае гета”, “Халакост на Піншчыне”.

— Адну з кніг мне падарылі ў гарвыканкаме, калі я звярнуўся туды з прапановай гэтай пастаноўкі, — расказаў Павел Марыніч. — Шмат матэрыялаў знайшоў у бібліятэцы, у нашым музеі, дзе багата экспанатаў і ў адкрытым доступе, і ў сховішчах. Калі чытаў пра жудасныя ўмовы, у якіх апынуліся жыхары і асабліва яўрэі, пра зверствы фашыстаў, ліквідацыю гета і расстрэл усіх яго вязняў, я не мог супакоіцца, заснуць, валасы дыбам уставалі. Але як данесці ўсё гэта моладзі? Каб тыя ж трагічныя, асэнсаваныя сэрцам і розумам асацыяцыі выклікала ў іх само слова — халакост, бо яшчэ і цяпер некаторыя падлеткі блытаюць яго з хэлоўінам. Таму я вырашыў звярнуцца да элементаў фэнтэзі і выкарыстаць даволі распаўсюджаны апошнім часам прыём сумяшчэння эпох: хаваючыся ад навальніцы, пяцёра нашых сучаснікаў (трое з тых артыстаў зусім маладыя, працуюць у нас першы сезон) трапляюць у закінутую хату, дзе кожная рэч, да якой яны дакранаюцца, перадае ім часцінку памяці пра ваенную мінуўшчыну. Дарэчы, гэта і сапраўды так, бо праз сацыяльныя сеткі мы звярнуліся да жыхароў, і тыя неслі нам свае рэліквіі тых часоў. Накідвае артыстка на сябе старую хустку ці кофту — і адразу змяняецца яе ігра, нават выраз твару. Удзельнікі мне і самі гаварылі, што гэта вельмі на іх уплывала, яны адчувалі ўсё тое, што калісьці адбывалася, літаральна скурай. А ўсе, хто нам дапамагаў, сталі першымі гледачамі: мы запрасілі іх на перадпрагляд.

Спектакль сумяшчае розныя тэатральныя мадэлі. З аднаго боку, выкарыстана стылістыка фэнтэзі, памножаная на дэтэктыўныя матывы “а-ля хорар”. Такім атрымліваецца ўжо пралог да асноўнай дзеі: у трывожным напаўзмроку з’яўляюцца двое незнаёмцаў у процігазах, гартаюць-шукаюць нейкія паперы — пры цьмяным святле газавай лямпы, што робіць цені жывымі і страшнымі. Такі падыход увогуле становіцца для рэжысёра чымсьці накшталт “аўтарскай фішкі”: што ні кажыце, а ўмее Павел Марыніч ствараць сцэнічныя дзівосы, прычым без асаблівых грашовых укладанняў з боку тэатра, бо ўсе відэа-, светлавыя і гукавыя эфекты, уключаючы музыку, стварае ці падбірае самастойна. Пра тое сведчаць і цяперашні спектакль, і пазнейшы “Вій” (гл. “К” № 16 за гэты год), ранейшая “Мёртвая царэўна”, іншыя пастаноўкі. Дададзім, што містычнасць ахоплівае не адно сцэны з трапляннем у мінулае, але і само апісанне некаторых ваенных падзей: тыя ж сцэны масавых расстрэлаў вырашаны праз пластыку і інфернальнае насычана сіняе святло.

З другога боку, у драматургічным матэрыяле многа ад дакументальнага тэатра і тэхнікі вербацім: артысты хаця і не збіралі ўспаміны сведкаў, але абапіраюцца на дакументальныя тэксты. Праўда, чытаюць іх часам у той патэтычна-тэатральнай манеры, што разбурае адчуванне дакументальнасці: больш простае і ціхае гучанне галасоў (зала ж, па сутнасці, камерная!) спрыяла б большай эмацыйнасці саміх гледачоў, дапамагала б ім лепей асэнсаваць пачутае.

Нарэшце, ёсць і прыкмета постмадэрну — выкарыстанне і далейшая праца з мастацкай цытатай. Гэта маналог Старой, які выдатна, да мурашоў па скуры, чытае Вольга Шэндэр.

Спектакль ідзе паўтары гадзіны без перапынку. Але антракт у ім неабходны! Ён так і “просіцца” пасля згаданага маналогу, які становіцца, бадай, самай моцнай кульмінацыяй усяго спектакля. Эмоцыі ў гэты момант ажно зашкальваюць — і гледачу патрэбны хаця б невялічкі час, каб крыху адыйсці ад убачанага і пачутага, а галоўнае — задумацца, асэнсаваць.

У некаторых тэатрах усё часцей пачалі адмаўляцца ад традыцыйнага антракту, зрабіўшы гэта ледзь не трывалай тэндэнцыяй. Канешне, бываюць спектаклі, дзе ён непатрэбны, бо можа парушыць складзены настрой і тэмпарытм. Але часцей яго здымаюць па іншай прычыне: маўляў, “каб гледачы не разбегліся”. І гэта, наадварот, перашкаджае далейшаму прагляду, бо і публіка, і артысты адчуваюць элементарную стому. Нагнятанне напружанасці не можа быць бясконцым: паводле законаў псіхалогіі, з цягам часу да яго прызвычайваешся — самае горшае, што можа быць у спектаклях пра вайну.

У другой частцы аповеду, дзе размова ідзе непасрэдна пра жыццё і смерць у гета, кульмінацыямі становяцца пластычныя сцэны расстрэлаў, а таксама сцэна малітвы, дзе кожны герой шукае свае словы, а іх поліфанічная сумесь уздзейнічае нават больш моцна, чым фінальнае скандзіраванне: “Хай спынецца вайна” на фоне кадраў Перамогі і сучаснага Пінска.

У наступным годзе Палескаму драматычнаму тэатру споўніцца 15 гадоў. Упэўнена, гэты невялічкі юбілей стане яшчэ адной падставай зноў вярнуцца да такой значнай працы, як гэты спектакль.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"