Інтрыга духавых: бліскучыя і... “капрызныя”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Адзін з грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2020 год у галіне культуры быў вылучаны на рэалізацыю музычнага праекта “Вобразы вайны і міру ў творчасці беларускіх кампазітараў”. Частку канцэртаў планавалася прымеркаваць да 75-годдзя Вялікай Перамогі. І хаця тыя выступленні па вядомых прычынах перанесены, уладальнік гранта Максім РАСОХА пагадзіўся расказаць пра падрыхтоўку гэтага праекта. У выніку ж размова закранула яшчэ больш шырокую тэму — шляхі развіцця беларускай аркестрава-духавой музыкі ў ХХ — ХХІ стагоддзях.

/i/content/pi/cult/798/17157/08.JPGВедаючы неўтаймоўную творчую актыўнасць майго суразмоўцы, няма чаму здзіўляцца. На момант вылучэння гранта ён працаваў дэканам аркестравага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Крыху пазней, застаўшыся кіраўніком студэнцкага калектыву і старшым выкладчыкам згаданай ВНУ, быў запрошаны на пасаду дырыжора Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Гэты музыкант даўно і вельмі паспяхова вывучае і папулярызуе нацыянальную музычную спадчыну, далучае да гэтага працэсу не толькі юнакоў і дзяўчат, але і дзяцей, бо кіруе таксама ансамблем флейт і духавым аркестрам Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава. А яшчэ ўзначальвае ансамбль “М-Клезмер бэнд”, аркестр “Мінск-Класік”, квартэт драўляных духавых Riviera. Колькасць створаных ім праектаў папросту зашкальвае, і ўсе яго калектывы — гэта суполкі адданых мастацтву інструменталістаў, скіраваных на выкананне музыкі беларускіх кампазітараў розных часоў. Прычым уласна канцэртную дзейнасць заўсёды папярэджвае працяглая работа з архівамі, пошук нотнага матэрыялу, яго аднаўленне, рэдагаванне, камп’ютарны набор рукапіснай партытуры і партый для кожнага з інструментаў, а калі трэба — яшчэ і пералажэнне для пэўных аркестравых ці ансамблевых складаў.

— Максім Мікалаевіч, летась вы рыхтавалі шэраг канцэртаў, прысвечаных творчасці Яўгена Глебава. Адным з галоўных удзельнікаў быў духавы аркестр нашай Акадэміі музыкі, і творы майстра гучалі ў вашых пералажэннях для гэтага складу. Цяперашні ваш праект — усё з тым жа студэнцкім калектывам. Зноў давялося рабіць аркестроўкі?

— Не, праграма “Вобразы вайны і міру ў творчасці беларускіх кампазітараў” адмыслова складалася толькі з арыгінальных твораў для духавога аркестра. Пагаджуся, далёка не ва ўсіх нашых творцаў ёсць такія партытуры. Але паказальна, што некаторыя з духавых опусаў сталі непасрэдным водгукам на майскія падзеі 1945 года. Да прыкладу, літаральна праз некалькі тыдняў пасля заканчэння той жудаснай вайны Пётр Падкавыраў стварыў Марш “Радасць Перамогі”. У канцы партытуры пазначана дата — 20 чэрвеня 1945-га. А ёсць і творы, якія добра адлюстроўваюць агульную атмасферу мірных перадваенных дзён. У прыватнасці, 1941-м годам пазначаны Канцэрт-Вальс з наступным падзагалоўкам: фантазія на тэмы вальса Іаганна Штрауса “Казкі Венскага лесу”. Аўтары — Эдзі Рознер / Юрый Бяльзацкі, два прозвішчы праз касую лінію. Гэтыя музыканты былі творчым ядром легендарнага калектыву Дзяржджаз БССР. У канцы 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі рушыла спецыяльная камісія, каб найбольш таленавітымі тамтэйшымі музыкантамі ўзмацніць нашу культуру. І на аснове джазавага калектыву, які дзейнічаў у Беластоку пад кіраўніцтвам Ежы Бяльзацкага (Юрыем той стане ў Савецкай Беларусі), 1 студзеня 1940 года ў нас афіцыйна з’явіўся Дзяржджаз БССР. Рознер быў непераўзыдзеным трубачом. Бяльзацкі — выдатным піяністам і кампазітарам. Ну а вальсы Штрауса-сына — гэта сусветная спадчына, запатрабаваная ва ўсе часы. Дарэчы, крыху пазней той жа Бяльзацкі, які цудоўна ведаў спецыфіку духавых інструментаў, напісаў Фантазію на тэмы песень Васіля Салаўёва-Сядова — тых песень ваенных гадоў, якія на сёння сталі класікай, прызнаным сімвалам той эпохі.

— Сярод твораў многа тых, што былі напісаны ў 1950-я.

— Гэта невыпадкова. У красавіку — а дакладней, акурат 1 красавіка 1950 года быў створаны Духавы аркестр штаба Беларускай ваеннай акругі. Узнікненне такога калектыву дало моцны штуршок да развіцця беларускай духавой музыкі, бо кампазітары, вядома, адразу адгукнуліся суцэльным шэрагам новых твораў для азначанага складу. Паглядзіце, колькі ўсяго тады было напісана: “Беларускі фестывальны марш” Яўгена Цікоцкага, Варыяцыі з загадкавай назвай “Чаго хочаш — таго просіш” Мікалая Аладава, Уверцюра на беларускія тэмы згаданага Юрыя Бяльзацкага, “Беларуская святочная ўверцюра” Міхаіла Трахтэнберга, прымеркаваная да 40-годдзя БССР, Фантазія на беларускія тэмы Барыса Куніна. Дарэчы, апошнія два аўтары — яркі прыклад таго, як плённа супрацоўнічалі з калектывам не толькі члены Саюза кампазітараў, але і іншыя музыканты, найперш дырыжоры: Трахтэнберг быў выпускніком ваенна-дырыжорскага факультэта Маскоўскай кансерваторыі, Кунін кіраваў духавым аркестрам тагачаснай Мінскай музычнай вучэльні імя Глінкі (цяпер гэта каледж). Ці вось яшчэ такая цікавостка: у Самуіла Палонскага было два творы, абодва 1950-х гадоў: “Беларускі марш” і Фантазія. Маршаў, вядома, стваралася шмат, а Фантазія, як высветлілася, мела сваю таямніцу. У арыгінале гэта быў клавір, аркестроўку выканаў вядомы ў тае часы расійскі дырыжор і кампазітар Віктар Руноў. Гартаючы ноты, я заўважыў, што вокладка твора залеплена зверху яшчэ адным лістом паперы. Крыху падчапіў яго зверху, зазірнуў унутр — а там схавана ранейшая назва: “Дума пра Сталіна на тэмы беларускіх песень пра Сталіна”. Адразу прыйшлі ў галаву паралелі. Бетховен сваю 3-ю сімфонію спачатку прысвяціў Напалеону, бо той абяцаў вызваліць народы Еўропы ад прыгнёту. Пазней кампазітар уцяміў сапраўдныя намеры “выратавальніка” і пакінуў толькі назву “Гераічная”. Штосьці падобнае, як можна зразумець, адбылося і тут.

— У вашай праграме — ажно цэлы блок твораў Эдуарда Казачкова. Наколькі мне вядома, ён цяпер жыве ў замежжы, але я добра памятаю яго незгасальную энергію і ў творчасці, і ў грамадскай дзейнасці.

— Так, ён увогуле адзін з самых пладавітых аўтараў. Родам з Гомеля, адразу пасля вайны пачаў вучыцца іграць на тубе, у 1957-м скончыў Маскоўскі інстытут вайсковых дырыжораў, праз десяць гадоў — нашу кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова, прычым з дыпломнай сімфоніяй “Памяці Веры Харужай”. Доўгі час працаваў ваенным дырыжорам, і не толькі ў нашай краіне. Лёс закідваў яго і ў Чэхаславакію, і на Дальні Усход. У 1986-м выйшаў у адстаўку, змог вярнуцца на радзіму. А ў сярэдзіне 1990-х пераехаў у Ізраіль. Дарэчы, прысвечаныя Беларусі творы датаваны ў яго самымі рознымі гадамі — незалежна ад таго, дзе ён тады знаходзіўся. Ну, а духавы аркестр ён ведае, бадай, як ніхто іншы з беларускіх кампазітараў — не толькі звонку, але і “знутры”.

— Калі адбудаваць дыяграму айчыннай музыкі для духавых аркестравых складаў, дык чарговы пік, пэўна, прыпадзе на час з’яўлення і далейшай дзейнасці Канцэртнага аркестра “Няміга”. Дарэчы, у 2016 — 2017 гадах вы працавалі галоўным дырыжорам гэтага калектыву.

— “Няміга” ўзнікла ў 1990-м, і адным з першых, хто пачаў актыўна пісаць для яе, быў усё той жа Эдуард Казачкоў. Сярод яго твораў — Канцэртная фантазія “Вяснянка”, дзе саліруе… цымбальны дуэт. Пагадзіцеся, не самае шараговае спалучэнне. Уключылі мы ў праграму і тры творы народнага артыста Расіі Льва Муранава — аднаго з тых музыкантаў, хто, калі можна так сказаць, стаяў ля калыскі аркестра “Няміга”. У 1979 годзе Леў Барысавіч быў накіраваны ўзначаліць Ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі — і з таго часу стаў “карэнным мінчуком”. Пазней выкладаў у нашай Акадэміі музыкі, кіраваў іншымі калектывамі. І, вядома, сачыняў, рабіў шматлікія аранжыроўкі. Выканаем мы і песні Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, Васіля Раінчыка — у аркестроўках аднаго з маіх выкладчыкаў Барыса Чудакова.

— На ваш погляд, ці дастаткова пішуць для такога складу сучасныя кампазітары?

— Добрай музыкі ніколі не бывае замнога, заўжды хочацца больш. Апошнім часам кампазітары таксама звяртаюцца да духавога аркестра, але, магчыма, усё ж не так часта, як хацелася б. Часцей пішуць для гэтага складу, як я заўважыў, прадстаўнікі старэйшага, сярэдняга пакаленняў. Можа, маладыя кампазітары не так добра ведаюць аркестравую спецыфіку? І сімфанічны склад, не гаворачы пра камерны, ім бліжэй? Бо духавых інструментаў яны ў сваёй творчасці не цураюцца, імкнуцца звяртацца да іх сола, разнастайных ансамблевых спалучэнняў. Але сваю ролю тут адыгрывае яшчэ і прадузятае стаўленне да духавога аркестра: некаторыя і дагэтуль успрымаюць яго хіба ў ролі “вайскоўцаў на маршы”. Так, падобнай музыкі ў рэпертуары духавога аркестра багата. Але ж можна ствараць і зусім іншыя творы! Цымбалы таксама да пэўнага моманту лічыліся прыдатнымі хіба для народных мелодый. Потым для іх сталі перакладаць класіку. Нарэшце, кампазітары пачалі шукаць і знаходзіць новыя прыёмы, што раскрывалі б нескарыстаныя магчымасці інструмента. Тое ж і з духавым аркестрам! Даўно мінулі часы, калі такія калектывы былі пераважна вайсковымі і, акрамя забеспячэння страявой падрыхтоўкі, у лепшым выпадку ігралі няхітрыя танцавальныя рытмы “ў гарадскім садзе”. Гэты склад выдатна падыходзіць і для джаза, і для сучасных эксперыментаў. Усё залежыць ад кампазітарскай фантазіі і прафесійных уменняў, бо і сапраўды — духавыя, асабліва ў разнастайных спалучэннях між сабой, больш “капрызныя”: не ўсялякі акорд, з іх складзены, прагучыць як след. Затое колькі новых фарбаў, нечаканых эфектаў можна з імі дасягнуць! Добра ведае іх спецыфіку, да прыкладу, Віктар Войцік: нядаўна напісаў і Сімфаніету для духавога аркестра, і, літаральна год таму, Сюіту з красамоўнай назвай — “Камедыя ў эпізодах і асобах” (па матывах Чэхава): Вальс, Мазурка, Галоп. Ці вось яшчэ — чатырохчасткавая Сюіта “Жавароначкі” Сяргей Янковіча. Інтрыгуе?

— Яшчэ як! Тыя ж флейты часцяком імітуюць птушыныя трэлі — пра гэта ведаюць усе. Але каб маленечкі жаўрук “маляваўся” духавым аркестрам… Гэта трэба паслухаць! Але дзе і калі?

— Адзін з нашых канцэртаў уключаны ў серыю “Класіка ля Ратушы”, што так палюбілася слухачам. Паводле традыцыі, гэты цыкл пройдзе ў ліпені. А большасць выступленняў перанесена на восень. Па-першае, “Вобразы вайны і міру” — тэма вечная і неабсяжная. Па-другое, у рамках гэтага праекта мы правядзем і канцэрт з музыкі нашых творцаў-юбіляраў. Той жа Пётр Падкавыраў, на маю думку, увогуле ў нас недаацэнены. І сёлета, калі спаўняецца 110 гадоў з дня яго народзінаў, ёсць магчымасць прыцягнуць больш пільную ўвагу грамадскасці да яго твораў, некаторыя з якіх у чымсьці нават апярэджвалі час. Яму належаць першы беларускі квінтэт для драўляных духавых і валторны, флейтовы, кларнетовы квартэты, што сустракаецца ў сусветнай музыцы куды радзей за струнныя склады. Ёсць у яго і Квартэт-паэма для змяшаных тэмбраў — габоя, англійскага ражка і дзвюх віяланчэляў. Усё гэта будзе прэзентавана не толькі ў канцэртах. Цяперашняя сітуацыя прымусіла музыкантаў яшчэ больш сур’ёзна задумацца пра захаванне і папулярызацыю сваёй творчасці праз аўдыё- і відэазапісы, выданне нотнага матэрыялу. Нішто не заменіць жывога гучання, але для сапраўднай папулярызацыі патрэбны яшчэ і трансляцыйныя версіі, выпуск кампакт-дыскаў. Урэшце рэшт, трэба скарыстоўваць усе магчымыя варыянты. Сёння гэта актуальна, як ніколі раней.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"