Digital не ўсё вырашае

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Выклікі для арт-інстытуцый: як выйсці да гледача ў час пандэміі?
Пакуль звыклыя падыходы ўзаемадзення з гледачом адкладзеныя на нявызначаны тэрмін, супрацоўнікі музеяў, галерэй, культурных пляцовак шукаюць новыя. Усе цікавыя задумкі, якія спелі раней, але чакалі свайго часу, тэмы, фарматы, адпаведныя навыкі, падобна на тое, рэалізуюцца ў сетцы. Аднак хтосьці яшчэ толькі намацвае, шукае аптымальны фармат для дзейнасці сваёй арт-інстытуцыі пакуль рэальныя падзеі — хочацца верыць — пастаўлены на кароткатэрміновую паўзу.

/i/content/pi/cult/798/17156/07.JPGАдлюстраваць працэс роздумаў і пошуку новых формаў, калі складана будаваць планы, але яшчэ складаней знайсці тактычныя рашэнні, каб захаваць цікавасць гледачоў да музея, гісторыка-культурнай спадчыны і сучаснага мастацтва, — мы і паспрабавалі ў гэтым матэрыяле. Падзяліцца сваім досведам былі запрошаны супрацоўнікі Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці, галерэі “Прастора КХ” і Музея Марка Шагала. Пляцоўкі розныя, але тым больш цікава было дазнацца пра “ноў-хаў” культурных і арт-інстытуцый з рэгіёнаў, прычым тых, якія ствараюць імідж сваёй вобласці.

Вось толькі некаторыя з прыкладаў іх дзейнасці. Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці правёў відэазапіс па выніках новага праекта, галерэя “Прастора КХ” робіць каляндар “Наша мастацтва”, а Музей Марка Шагала праводзіць віртуальныя экскурсіі і рыхтуецца да Ночы музеяў.

Калі якасць zoom-канферэнцый не задавальняе

Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці падрыхтаваў анлайн-эфір на тэму “Якія візуальныя вобразы Брэст возьме ў новае 1000-годдзе?” Знаёмае і новае, свежы погляд на айдэнтыку горада — сапраўды, цікава! Эфір стварыў уражанне паўнавартаснага абмеркавання, якое цалкам магло адбыцца ў рэальным часе і прасторы.

Распавядае Аліна Дзеравянка, намеснік дырэктара Фонду па праектах:

— На працягу года мы ўжо разважалі пра лічбавыя фарматы, а першы мабільны дадатак “Брэсцкая крэпасць. Прыхаваная гісторыя” зрабілі яшчэ ў 2015 годзе. Праект “1000 ідэй для Брэста” рыхтавалі да 1000-годдзя горада, але толькі цяпер, па вядомых абставінах, усё сышлося... Даследаванне, якое мы прэзентавалі, тэхнічна было традыцыйным, але па змесце ўсё ж такі новым: паспрабавалі знайсці сучасны погляд на Брэст, на яго вобразы. Запрасілі для гэтага і гасцей, і сваіх спецыялістаў. Гэта былі мастакі, дызайнеры, фатографы, якія прынялі ўдзел у конкурсе з наступным анлайн-галасаваннем. У выніку падрыхтавалі набор сувеніраў і новы гід па Брэсце “From Brest with love”. Творчае асяроддзе адгукнулася на гэты праект актыўна, было шмат фантазій на тэму Брэста, і мы планавалі зрабіць выставу — гэта была б публічная падзея. А зараз прыйшлося думаць, як выйсці да гледача і як гэта лепш арганізаваць. Звычайную анлайн прэзентацыю вырашылі не рабіць, бо якасць шматлікіх зараз zoom-канферэнцый нас не задавальняла. Спыніліся на трансляцыі запісу — працаваў прафесійны відэаграф і дзве камеры. Гэта складаней, але жывую гутарку мы захавалі, добра арганізавалі прастору, мантажу было мінімум. І паказалі запіс адразу ж, як толькі скончылі. У цэлым, мы задаволеныя вынікам: праглядаў адразу было каля 200, і, верагодна, на прэзентацыю праекта мы б не сабралі такую аўдыторыю. Але калі будзе магчымасць, выставу зробім.

Вядома, digital-фарматы не заменяць мастацкі аспект і зносіны — мы гэта ўсведамляем. Але яны сапраўды даюць новыя магчымасці. У нас ёсць яшчэ адзін праект — выдавецкі, “Атлас крэпасці Брэст-Літоўск”. Гэта трохтамовае выданне, для якога мы збіраем сродкі на краўдфандынгу, і пакуль выдадзены толькі адзін том.

Мы зрабілі ў падтрымку выдання серыю відэаролікаў: яны могуць быць толькі лічбавымі і таксама толькі для Сеціва. Задача была — персаналізаваць праект. У яго вялікі аўтарскі калектыў, эксперты розных прафесій, з розным вопытам. Мы запісалі звароты аўтараў да некалькіх груп чытачоў: даследчыкаў, турыстаў, жыхароў. Гэтак кнігі раскрываюцца для людзей — праз асобы аўтараў, іх гісторыі, захопленасць тэмай.

Сярод навінак — віртуальная экскурсія па Брэсцкай крэпасці, куды ўключаны новыя маршруты і малавядомыя аб’екты. Так што пандэмія, на мой погляд, не прымусіць нас адмовіцца ад асноўных навыкаў, але дае магчымасць засвоіць новыя. Цяперашнія сур’ёзныя праблемы сыйдуць, а набытыя веды застануцца.

Неадкладна займіцеся прэзентацыяй!

Жаночая выстава “Забароненыя зоны” паспела адкрыцца ў Брэсце перад пачаткам пандэміі, але праца яе была прыпыненая. Тым не менш супрацоўнікі галерэі не спяшаюцца з дэмантажом выставачнага праекта: урэшце рэшт — а што далей? Паўза ў дзейнасці таксама падштурхнула да развіцця і ўвасаблення новых ідэй.

Лізавета Міхальчук, куратарка галерэі “Прастора КХ”:

— За два гады, што я працую ў “Прасторы КХ”, “Забароненыя зоны” аказалася самай наведвальнай выставай. Па майму маніторынгу, яна — звышвідовішчная. Я яшчэ прыходжу на яе, каб паліваць кветкі — там ёсць інсталяцыя з жывымі кветкамі. І не разбіраю, чакаю далейшага развіцця падзей. Звязалася з мастачкамі: яны пагадзіліся, таму што не могуць вывезці творы, паказаць іх дзесьці яшчэ, хоць планы такія раней былі.

“Замарозіліся” і нашы далейшыя выставачныя праекты. Да лета планавалі паказаць вельмі цікавых славацкіх мастакоў, і праект “Я амаль чую птушак” беларускага фатографа Максіма Сарычава. Але яго выстава таксама засталася за зачыненымі дзвярыма ў Музеі фатаграфіі ў Рызе. Усё было вырашана: зразумелая арганізацыя, удзельнікі і формы прэзентацыі. Але цяпер актыўнасць можна чакаць толькі ў ліпені — жніўні.

У такой сітуацыі даводзіцца шукаць нешта іншае. Зараз я думаю аб летнім пленэры ці рэзідэнцыі: мастакі і ўсе мы вельмі засумавалі па такой працы, па рэальных зносінах. Паспрабуем запрасіць людзей пад Брэст, у прыгожае месца. Выніковую выставу і відэа- таксама можна зрабіць у лесе — гэта было б новай формай для нас. Пакуль што прыдумала яшчэ адзін сеткавы фармат: каляндар “Наша мастацтва”, у якім кожны дзень выкладваю па адной працы беларускага аўтара (вядома, з атрыбутаваннем) і проста фіксую гэты дзень.

Здавалася б, маленькі крок, які захоўвае адчуванне штодзённай дзейнасці. Але ідэя перарасла сябе: па-першае, яна атрымала захопленыя водгукі ад саміх мастакоў, утварылася група, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго. Па-другое, я вырашыла зрабіць паштоўкі з гэтымі працамі — так, гэта суб’ектыўны адбор, не манаграфія і не “гісторыя”, але гэта і своеасаблівы зрэз сучаснага мастацтва. Праглядаючы зараз вялікую колькасць сайтаў, старонак у фэйсбуку, іншых крыніц, разумею, якая ж у нас праблема з прэзентацыяй! Як мала даступнай выразнай інфармацыі для крытыкаў, куратараў, пакупнікоў! У вельмі добрага мастака наогул можа не быць ні старонкі ў сетках, ні нават добрага партфоліа. Хочацца сказаць: неадкладна займіцеся гэтым! Як зрабіць, каб мастацтва было цікава гледачу, а не проста выкласці альбом... Многія рэчы хочацца абмеркаваць!

Напэўна, наступіў такі час, калі прыходзіцца ўкараняць новыя формы: раней рукі не даходзілі, таму што не было неабходнасці, а вось цяпер разумееш, што час прыйшоў. Трэба думаць і рабіць альбо новае, альбо нічога! Напрыклад, калі вярнуцца да выстаў, зрабіць цікавы анлайн-фармат з інтэрв’ю, лекцыямі. Яшчэ думаем пра “Пандэмічныя размовы” — гэта будзе серыя гутарак аб пандэміі і горадзе, зменах у адукацыі, фемінізме, пра ўплыў на тэатр (пакуль рыхтаваўся матэрыял — першая размова прайшла з поспехам — заўв. рэд.). Пры тым, што мастакі па прыродзе сваёй індывідуалісты, аказалася, што вельмі не хапае зносін, шпацыраў, сяброўскіх майстэрняў. Як гэта ўсё спалучыць? Хочацца знайсці новыя падыходы, сваю падачу.

Захаваць настальгію па рэальным музеі

Дзяржаўны музей не зачынены, але малая колькасць наведвальнікаў уносіць свае карэктывы ў яго дзейнасць. І тым не менш установа не журыцца — займаецца ўнутранымі справамі, вядзе віртуальныя экскурсіі ды нават зрабіла невялікі рамонт.

Алена Ге, старшы навуковы супрацоўнік Музея Марка Шагала ў Віцебску:

— Зараз у нас адкрыта выстава “Да 100-годдзя Генрыха Мандэля” — гэта самы буйны наш мецэнат, калекцыянер Марка Шагала. Ён падарыў нам вельмі шмат: навуковую бібліятэку, каталогі для вызначэння сапраўднасці работ, шмат перыёдыкі, дакументаў і графікі, Шагала, у тым ліку. Гэта велізарны інфармацыйны масіў, выстава вельмі насычаная ў гэтым сэнсе. І вельмі ўдала, што яна ж з нашых фондаў! На жаль, наведвальнікаў у музеі зараз амаль няма. У мінулыя выхадныя было літаральна тры — чатыры чалавекі (матэрыял рыхтаваўся напачатку мая — заўв.рэд.), хоць звычайна ў майскія святы — больш за 100. І ў гэтым годзе таксама на кожную гадзіну быў запланаваны аўтобус і запіс на экскурсіі, але ўсё гэта адмянілася.

Адкрыццё выставы групы “Март” перанеслі на больш позні тэрмін. Будзем глядзець па сітуацыі: працы да выставы гатовыя, удзельнікі таксама, але паказваць у сетцы фатаграфіі замест жывога мастацтва не хочацца. Гэта будзе “Пранікненне ў эпоху УНОВИС”: мастакі не пераймаюць легендарную школу, а толькі адштурхоўваюцца ад яе стылю, працуюць па-свойму. У “Марта” ёсць свая публіка, таму мы вырашылі пачакаць.

Перанеслі і наш чэрвеньскі Міжнародны пленэр — для яго таксама ўсё арганізавана, і мы працягваем зносіны з усімі ўдзельнікамі, каб правесці яго адразу, як толькі тое будзе магчымым.

Пакуль у залах няма людзей, мы шмат займаемся мемарыяльным Домам Марка Шагала — нешта паляпшаем у экспазіцыі, прыбіраем, сваімі сіламі пераляпілі шпалеры. Працягваецца навуковая праца з фондамі, ліставанне з нашымі міжнароднымі партнёрамі, з Арт-цэнтрам Шагала, паколькі публікацыі і ўсю сувенірную прадукцыю мы павінны з імі ўзгадняць.

Мы працуем, але стараемся не перагружаць нашых гледачоў анлайн-фарматамі. Уважліва сочым за рэкамендацыямі ICOM: ёсць меркаванне, што трэба актыўна займацца рэкламай у Сеціве, а ёсць іншае, што ў Сеціве мы працуем дазавана, так, каб захаваць настальгію па рэальных падзеях, па рэальным музеі. Мы абмяркоўваем усе пазіцыі, і цяпер вельмі шануем падобны настрой, гатоўнасць гледача да будучых выстаў. У Ноч музеяў 16  — 17 мая, згодна з прапановай ICOM, як і вядучыя музеі свету, правядзём акцыю ў анлайне. А ў лістападзе ўжо спадзяемся на традыцыйныя імпрэзы ў залах.

Вось такая праца: выкладваем невялікія матэрыялы, застаемся на сувязі з усімі партнёрамі, і захоўваем імкненне да жывога мастацтва.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст