Прыярытэт, з якім трэба быць “на ты”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Пандэмія, звязаная з каранавірусам, усё яшчэ крочыць па планеце, не абмінаючы Беларусь. Але ж, нягледзячы на адмену маштабных масавых мерапрыемстваў, сваю дзейнасць працягваюць многія ўстановы культуры нашай краіны, у тым ліку — і абласныя метадычныя цэнтры. Якім чынам арганізавана іх работа з раёнамі, што робіцца для метадычнай падтрымкі культработнікаў, ці шмат ладзіцца анлайн-

/i/content/pi/cult/798/17155/06.JPGНовае — гэта забытае старое

Менавіта так сцвярджае народная мудрасць. І сапраўды: многія абласныя ўстановы культуры, якія сёння, у “каранавірусную эпоху”, актыўнічаюць у Сеціве, здаўна карысталіся для сувязі з раёнамі сацыяльнымі сеткамі ды мэсэнджарамі ці электроннай поштай. А таксама ладзілі відэаканферэнцыі, асабліва калі гаворка ішла пра кантакты з калегамі з іншых краін — скажам, Расіі, Украіны, Германіі ды Аўстрыі. Асабіста ведаю такія прыклады анлайн-супрацоўніцтва ў дзейнасці розных устаноў Беларусі.

Ладзілі падобныя віртуальныя відэаканферэнцыі і абласныя метадычныя цэнтры нашай краіны. Ладзілі, і, натуральна, ладзяць і цяпер. Напрыклад, як адзначыў “К” дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, кіраўнік Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці Алег Хмялькоў, літаральна на мінулым тыдні прайшла чарговая відэаканферэнцыя, удзел у якой узялі кіраўнікі метадычных цэнтраў шэрага абласцей краіны, а таксама дырэктар падобнай метадычнай установы з Азербайджана. Замежны госць падзяліўся з беларускімі калегамі вопытам работы ягонага цэнтра ў часы каранавіруса, а таксама паслухаў выступленні сваіх калег з Беларусі.

— Таксама днямі наш Цэнтр выпусціў відэаролік, прысвечаны святкаванню 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — расказаў Алег Хмялькоў. — У стварэнні відэа прынялі ўдзел усе раёны вобласці. Здымкі прайшлі каля помнікаў, мемарыялаў, Алей Герояў Савецкага Саюза, пахаванняў воінаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны.

Як зазначыў Алег Хмялькоў, сёння рыхтуецца цыкл перадач пра медыкаў, якія з’яўляюцца не толькі самаадданымі работнікамі на сваёй асноўнай працы, але і творчымі людзьмі. Менавіта пра такіх людзей, удзельнікаў розных аматарскіх калектываў, і будзе расказвацца ў кароткіх відэароліках, якія пазней размесцяць на сайце ўстановы.

Акрамя таго, на згаданым сайце для раённых метадыстаў, а таксама для ўсіх ахвотных змяшчаюцца самыя розныя метадычныя матэрыялы. Напрыклад, нядаўна быў паказаны майстар-клас па тым, як зрабіць з саломкі традыцыйны сямейны абярэг — “Саламянага анёла”.

У анлайн-фармаце ладзяцца і некаторыя конкурсы. Скажам, у маі запланавана правядзенне Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу мастацтваў “Яркія агні”. У ім возьмуць удзел індывідуальныя выканаўцы і творчыя калектывы, якія прадэманструюць свае ўменні ў вакальным, харэаграфічным ды тэатральным мастацтве. Конкурсныя нумары будуць праглядацца па відэазапісах. Ацэньваць выступленні заклікана прафесійнае журы, якое вызначыць уладальнікаў Гран-пры, лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу.

Як вядома, Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, што планавалася правесці 29 — 31 мая ў Клімавічах, быў адменены згодна з рашэннем мясцовага райвыканкама і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства культуры Беларусі. Разам з тым, адзначыў Алег Хмялькоў, сёння з дапамогай інтэрнэту ладзяцца рэпетыцыі шматлікіх калектываў, удзел якіх запланаваны ў традыцыйным купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”. Свята, як вядома, мяркуецца правесці напачатку ліпеня ў Шклоўскім раёне. Хацелася б спадзявацца, што да гэтага часу эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай краіне палепшыцца і дазволіць арганізатарам зладзіць гэтае маштабнае мерапрыемства так, як і планавалася.

Адмяніць ці правесці?

Падобным чынам — з дапамогай інтэрнэту — арганізуюць сваю працу і ў іншых абласных метадычных цэнтах краіны. Напрыклад, як кажа дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, на іх сайце быў змешчаны анлайн-канцэрт “Пра Перамогу з любоўю”, зладжаны анлайн-праект “Песні Вялікай Перамогі” ды іншыя культурніцкія акцыі.

— Абласны пленэр рэзчыкаў па дрэве, які запланавана правесці ў жніўні ў Кобрыне, мы пакуль не адмянялі, — кажа Святлана Каржук. — Як і яшчэ адно наша абласное свята аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе”, якое па плане павінна адбыцца восенню.

Побач, у суседзяў, на Гродзеншчыне, таксама шмат культурных акцый праходзіць у фармаце анлайн. Як кажа дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Мурэня, у Сеціве праводзіцца школа вучобы, сотні ўдзельнікаў з усіх куткоў Гродзеншчыны далучыліся да маштабнай інтэрнэт-эстафеты “Галасы Перамогі”. Да таго ж, у выставачнай зале ўстановы нядаўна адкрылася экспазіцыя, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Акрамя таго, у Гродзенскім АМЦНТ працягваецца стварэнне габелена, прысвечанага згаданаму 75-годдзю Перамогі. Мясцовыя ткачыхі Алена Шунейка і Юлія Барадзіна ўжо завяршылі першы этап, на што ім спатрэбілася каля трох месяцаў і 352 метры нітак. На палатне ўжо ёсць арнамент і карункі беларускіх посцілак, а таксама выявы воінаў. Сёння ідзе дапрацоўка эскіза габелена. Працу курыруе Яўген Шунейка, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Таксама, па словах Алены Мурэні, сёння, у сувязі з наяўным эпідэміялагічным становішчам, вырашаецца пытанне пра адмену ці правядзенне Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Гэтае рашэнне Гродзенскі гарвыканкам прыме ў самыя бліжэйшыя дні.

І яшчэ. Вандруючы па інтэрнэт-старонцы Гродзенскага АМЦНТ, у раздзеле “Навіны” я заўважыў урывак з маёй нядаўняй публікацыі “Маеш сайт — маеш і імпрэзы”. На жаль, без пазначэння аўтарства ды спасылкі на сайт газеты “Культуры”. Спадзяюся, гэта проста прыкры недагляд, які неўзабаве будзе выпраўлены адміністратарамі партала.

У рэжыме анлайн

І ў іншых абласных метадычных цэнтрах, як я пераканаўся, у працы актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт. Так, па словах намесніка дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алены Марчуковай, для метадыстаў раёна ладзяцца майстар-класы, на сайт выкладваюцца метадычныя матэрыялы. Акрамя таго, ва ўстанове нядаўна адкрылася фотавыстава “Вобраз Перамогі”, дзе змешчаны партрэты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца жыхарамі Гомеля.

Не адстае ад анлайн-фармату і Міншчына. Намеснік дырэктара Мінскага абласнога метадычнага цэнтра Наталля Даўнаровіч адзначыла “К”, што многія конкурсы ладзяцца сёння дыстанцыйным шляхам. Акрамя таго, учора, 15 мая, завяршыўся прыём заявак на фестываль-конкурс беларускай эстраднай песні маладых аўтараў і аўтарскіх калектываў. Фінал спаборніцтва запланавана правесці ў чэрвені, у рамках XX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Калі яго, канешне, не перанясуць.

Што да Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, дык тут праца ў інтэрнэце пастаўлена з сапраўдным размахам. Як адзначыла “К” загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага АМЦНТ Надзея Уліновіч, на сайце ўстановы дэманструюцца шматлікія майстар-класы па традыцыйных рамёствах вобласці як для спецыялістаў, так і для ўсіх ахвотных. Так ужо былі праведзены майстар-класы па выцінанцы, ткацтве пояса на дошчачках і бёрдзечках. Акрамя таго, быў прадэманстраваны майстар-клас па вырабе віншавальнай паштоўкі да Дня Перамогі.

Сёлета ўпершыню ў Віцебскай вобласці адбудзецца дыстанцыйны конкурс вакалістаў “На адной хвалі”. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ва ўзросце ад сямі гадоў. На суд прафесійнага журы ўдзельнікі павінны будуць прадставіць адзін творчы нумар працягласцю не больш за чатыры хвіліны, выкананы пад фанаграму, а капэла або ў інструментальным суправаджэнні. Заяўкі і спасылкі на відэа (або відэазапіс) выступаў можна дасылаць да канца мая, а вынікі конкурсу будуць падведзеныя на працягу наступнага месяца.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне, абласное свята ”Тэатральная вясна — 2020“ вырашана таксама правесці дыстанцыйна. У свяце прымуць удзел аматарскія тэатральныя калектывы раённых, гарадскіх і сельскіх устаноў культуры вобласці, якія маюць найменне ”народны“, або калектывы, якія прэтэндуюць на яго прысваенне.

І апошняе. Не магу не згадаць, што літаральна ў мінулым месяцы з друку выйшла кніга “Прыдзвінскія карункі”, напісаная супрацоўнікамі Віцебскага АМЦНТ. У выданні расказваецца пра народную танцавальную спадчыну Віцебшчыны, пра мясцовыя карагоды, традыцыйныя найгрышы, запісаныя ад непасрэдных носьбітаў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны вядомым харэографам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі — Івану Серыкаву, Леаніду Барадульку, Осіпу Партному. Акрамя таго, падаецца інфармацыя пра лепшыя фальклорныя калектывы Віцебшчыны ды абласныя акцыі, накіраваныя на развіццё і папулярызацыю танцавальнай спадчыны.

Як бачна, нягледзячы на неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, абласныя метадычныя цэнтры працягваюць сваю дзейнасць на карысць развіцця культуры ў рэгіёнах з дапамогай Сеціва. Мяркую, што нават і пазней, калі каранавірус сыдзе, падобная інтэрнэт-сувязь застанецца для абласных Цэнтраў прыярытэтнай і важнай. Бо, што ні кажы, а з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі заўсёды трэба быць “на ты”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"