Тэма, роўная бясконцасці

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

З належнай пашанай і ўрачыстасцю прайшло святкаванне даты 75-годдзя Вялікай Перамогі, але адзначэнне слаўнага юбілею працягваецца. Пра меркаваныя накірункі і тэмы новых даследаванняў, а таксама чаканыя мерапрыемствы і захады па вывучэнні і захаванні памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны распавядаюць беларускія гісторыкі і прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў.

/i/content/pi/cult/798/17152/03.JPGПа словах дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслава Даніловіча, падначаленай яму ўстановай сёлета запланаваны шэраг навуковых канферэнцый і форумаў. На жаль, эпідэміялагічная абстаноўка вымушае ўносіць карэктывы ў планы іх правядзення, але, так ці іначай, па выніках гэтых мерапрыемстваў будуць выпушчаныя зборнікі з найноўшымі напрацоўкамі навукоўцаў, прысвечанымі праблематыцы Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ўлетку разам з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук запланаванае правядзенне міжнароднай школы гісторыкаў па тэме “Савецкі Саюз у Другой сусветнай вайне: актульныя праблемы гісторыі і гістарычнай памяці”. А ўвосень у рамках VII Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі на базе Нацыянальнай акадэміі навук будзе працаваць секцыя, прысвечаная асновам выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці, якая таксама закране пытанні захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Кантэкст перамогі

Як адзначыў загадчык аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Літвін, для разумення каранёў і прычын падзей Вялікай Айчыннай вайны варта звяртаць увагу таксама на ваенную гісторыю перыяду 1920 — 1930-х гадоў, калі Заходняя вайсковая акруга, што існавала на тэрыторыі Беларусі, займала цэнтральнае месца ў абарончай стратэгіі СССР — тут адбываліся выпрабаванні новай вайсковай тэхнікі, праходзілі самыя значныя і маштабныя вайсковыя вучэнні. Не варта таксама забываць пра тое, што насельніцтва Заходняй Беларусі вайна непасрэдна закранула ўжо 1 верасня 1939 года, і больш за 80 тысяч нашых суайчыннікаў змагаліся ў польскім войску. Не застаецца без увагі і даследаванне ўдзелу ўраджэнцаў Беларусі ў Фінскай вайне 1939 — 1940 гадоў, а таксама баявых дзеяннях у Японіі 1938 — 1939 і 1945 гадоў — значная частка ўдзельнікаў гэтых канфліктаў змагалася таксама і падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Старшы навуковы супрацоўнік Аляксандра Кузняцова-Ціманава дадае, што вывучэнне падзеяў вайны не мусіць абмяжоўвацца толькі гісторыяй баявых дзеянняў. Неабходна звяртаць увагу таксама на жыццё цывільнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі, умовы якога істотна адрозніваліся для розных рэгіёнаў Беларусі, бо тэрыторыя нашай краіны была падзеленая захопнікамі між шэрагам створаных імі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Важнай часткай гісторыі вайны таксама з’яўляецца праца беларусаў у савецкім тыле для дапамогі фронту. Навукоўцы ўсё часцей звяртаюць увагу на вывучэнне эканамічных, сацыяльных, гендарных, узроставых і міжнацыянальных дачыненняў падчас вайны. Важнай застаецца тэма ваенных разбурэнняў і людскіх стратаў, якая патрабуе ўзважанага падыходу без спекуляцый і маніпуляцый. Таму перадусім даследаванне рэалій вайны мусіць пачынацца з вывучэння персаналій, канкрэтных лёсаў розных катэгорый людзей, якія складваюцца ў агульную карціну трагедыі і подзвігу.

Супольны ўнёсак народаў

Што тычыцца навукова-папулярных выданняў, прысвечаных тэме вайны, адмыслоўцы адзначаюць з’яўленне перавыдання кнігі “Унёсак беларускага народа ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, першае выданне якой пабачыла свет у 2015 годзе, але сёлета было істотна дапрацавана і дапоўнена. Як падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Анатоль Крыварот, пасля распаду Савецкага Саюза ўзмацнілася цікаўнасць да вызначэння ўнёску кожнага з народаў у агульную перамогу — таму сёння навукоўцы звяртаюць увагу не толькі на ўдзел беларусаў у вайне, але і на ўнёсак кожнага з народаў былога СССР у змаганне за вызваленне Беларусі. У сувязі з гэтым наладжанае плённае супрацоўніцтва з гісторыкамі постсавецкіх краін.

Упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі з’явілася даследаванне “Сузор’е герояў зямлі беларускай”, дзе ўпершыню сабраныя біяграфіі ўсіх Герояў Савецкага Саюза — беларусаў па нацыянальнасці, а таксама ўраджэнцаў Беларусі — агулам такіх налічваецца 494 чалавекі. Таксама ў кнізе прадстаўленыя звесткі аб 73 поўных кавалерах ордэна Славы. Інстытутам гісторыі НАН надаецца вялікая ўвага асвятленню тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны ў навучальным працэсе, рэалізуецца сумесны праект па выданні вучэбнага дапаможніка для настаўнікаў Расіі і Беларусі, прысвечнага падзеям Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн.

Раскрыць малавядомыя старонкі

Пра іншыя кніжныя навінкі распавядаюць прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў. Дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна паведаміла, што ў серыі “Беларусь памятае”, дзе раней ужо з’явіліся выданні “Беларусь партызанская”, “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга дараваць” і “Сузор’е герояў зямлі беларускай”, цяпер пабачыла свет кніга Аляксея Літвіна “Савецкія святы і партызанскія парады на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Самы вядомы партызанскі парад адбыўся ў Мінску 16 ліпеня 1944 года, сабраўшы 30 тысяч партызан-удзельнікаў і 50 тысяч гледачоў з ліку цывільнага насельніцтва — але падобныя мерапрыемствы праходзілі і ў іншых абласных і раённых цэнтрах рэспублікі.

Каля 180 тысяч партызан уліліся ў шэрагі Чырвонай арміі, а астатнія засталіся адбудоўваць панішчаную вайной краіну. Акурат пасляваеннаму аднаўленню сталіцы рэспублікі будзе прысвечаная наступная кніга серыі “Беларусь памятае” пад назвай “Адроджаны з попелу, скіраваны ў будучыню” якая мусіць з’явіцца неўзабаве. У серыі “Трагедыя і праўда памяці”, дзе ўжо выйшлі кнігі, прысвечаныя ваеннай гісторыі Хатыні, Трасцянца, навагрудскага гета і Масюкоўшчыны, з’явілася новая кніга аб Азарыцкіх лагерах смерці, а таксама рыхтуецца кніга аб ваенных лёсах Асіповічаў.

Дырэктар выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў адзначыў новую кнігу “Партызанскі “другі фронт” у Беларусі”, напісаную вядомым даследчыкам Мікалаем Смірновым, і прысвечаную дзейнасці на акупаванай тэрыторыі краіны спецгруп Народнага камісарыята ўнутраных спраў і Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі. Таксама ў супрацоўніцтве з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам падрыхтаваная кніга “Беларусь памятае, Міншчына ганарыцца”, што складаецца з успамінаў ветэранаў, якія жывуць у Мінскай вобласці. А ў выдавецтве “Беларусь”, як паведаміла спецыяліст Кацярына Разуменка, пабачыла свет кніга Галіны Аляхновіч “Працоўная Беларусь — фронту”, прысвечаная эканамічным аспектам вайны і ўнёску беларусаў у працу для патрэб ваюючай арміі і пераадолення наступстваў ваенных разбурэнняў у вызваленай краіне.