Промні “9 мая” ад завода “Луч”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Мінскі гадзіннікавы завод “Луч” да 75-годдзя Перамогі падрыхтаваў святочную лімітаваную серыю “9 мая”. Тры мадэлі гадзіннікаў былі створаны па матывах прыбораў кіравання ваеннай тэхнікі краін-саюзнікаў, што прымала ўдзел у баях Другой сусветнай вайны і стала сімвалам змагання: савецкага танка Т-34, амерыканскага грузавіка Studebaker US6 і англійскага самалёта-знішчальніка Supermarine Spitfire.

/i/content/pi/cult/798/17151/02.JPGДля “Луча” выпуск лімітаваных калекцый да Дня Перамогі — добрая традыцыя. Сёлетная юбілейная серыя адразу ж выклікала вялікую цікавасць і нават захапленне ў знаўцаў і аматараў — і самой ідэяй, і дызайнерскай думкай, і выкананнем: яна быццам вяртае нас у той час, пра “дзедаўскія гадзіннікі” нагадваюць нават раменьчыкі з напульснікам. Кожнай мадэлі выпушчана па 200 асобнікаў, і відавочна, неўзабаве яны стануць рарытэтам.

— Гэтая калекцыя — сімбіёз стылістыкі прыбораў кіравання ваеннай тэхнікі і наручных гадзіннікаў 40-х гадоў у сучасным выкананні, — гаворыць арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Іван Краўчэня. — Ствараць калекцыю да Дня Перамогі заўсёды асабліва складана. Для мяне гэта дзень смутку і памяці пра простых салдат, што не вярнуліся дадому, — як мой прадзед, пра тых, хто выжыў на акупаванай тэрыторыі — як мае бабулі і дзядулі, пра тых, хто сваёй працай ва ўсіх краінах, на ўсіх кантынентах дапамагаў перамагчы. Гэтыя гадзіннікі не пра “можам паўтарыць”, а пра дапамогу, узаемавыручку, гуманізм і надзею. Перамога наша агульная, а не ў кожнага свая.

Ідэя ўзяць за аснову дызайну шкалу прыбораў тэхнікі, што адыграла вялікую ролю ў вайне, належыць Сяргею Скрыпнічэнку. Для яго гэта дэбют у гадзіннікавай справе, але ў свеце графічнага дызайну, рэкламы, кніжнай ілюстрацыі ён чалавек вядомы і паважаны. Акрамя ўсяго, Сяргея Скрыпнічэнку добра ведаюць аматары беларускай папулярнай музыкі ў якасці лідара групы “Жыгімонт Ваза”. Ён — сын знакамітага беларускага мастака Георгія Скрыпнічэнкі. Акрамя ўсяго, Сяргей здаўна захапляецца гісторыяй, асабліва ваеннай гісторыяй Еўропы XX стагоддзя. У яго ёсць і адна з самых вялікіх у свеце калекцый вайсковых кукард краін постсавецкай прасторы — каля тысячы экзэмпляраў. І тэма Другой Сусветнай для дызайнера добра знаёмая, таму ідэя для святочнай серыі гадзіннікаў хоць і прыйшла як “Эўрыка!”, але нічога выпадковага ў ёй няма.

— Легендарны танк “Т-34” больш чым проста танк — адзін з найзнакаміцейшых сімвалаў ва ўсім свеце. Англійскі знішчальнік Supermarine Spitfire — сімвал Бітвы за Брытанію, адной з асноўных частак Другой сусветнай. Амерыканскі грузавік Studebaker US6, што выпускаўся ў часы вайны, быў самым масавым транспартным сродкам, які пастаўляўся ў Савецкі Саюз па лэнд-лізе, — расказвае Сяргей Скрыпнічэнка. — Серыя абмежаваная трыма гадзіннікамі, таму і абраныя былі толькі тры краіны-саюзніцы. Я вывучыў прыборы кіравання і танка, і самалёта, і грузавіка. Спідометры, цыферблацікі, усе гэтыя стрэлачкі, індэксы — вельмі яскравая стылістыка. Я ёй, можна сказаць, быў інспіраваны, натхніўся і стварыў свой дызайн. Гэта не копія, не паўтор — гэта стылізацыя.

Корпус гадзіннікаў зроблены з латуні. Стрэлкі паўтараюць форму арыгінальных стрэлак прыбораў тэхнікі і свецяцца ў цемры. Лічбы на цыферблаце выкананы друкам у такіх жа каляровых спалучэннях, як і ў арыгінальных прыборах кіравання. Кожны экзэмпляр мае свой унікальны нумар, які выгравіраваны на заднім вечку з нержавеючай сталі. Асаблівай увагі варты і раменьчыкі — іх выраблялі ўручную, з арыгінальным цісненнем і гравіроўкай “1945—2020”. У камплекце з гадзіннікамі ідзе інфармацыйны ўкладыш пра тэхніку, якой прысвечана канкрэтная мадэль.