Хто ж найбліжэйшы “сваяк” ружы?

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

У выставачнай зале “Гасцёўня” дзіцячай мастацкай школы г. Брэста працуе персанальная выстаўка акварэлі Аляксандра Алонцава, заснавальніка і шматгадовага дырэктара гэтай школы.

 /i/content/pi/cult/176/1715/Roza.jpg

А.Алонцаў. “Палявыя кветкі”.

Выхаванец мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і Украінскага паліграфічнага інстытута імя І.Фёдарава ў Львове, ён прадставіў на выстаўку 20 новых акварэльных пейзажаў і нацюрмортаў. І ў гэтай маленькай экспазіцыі — сведчанні доўгага творчага шляху — адлюстравалася ўсё віртуознае валоданне складанай і непрадказальнай тэхнікай.

У работах мастака — імгненне, якое знікае, і велічная эпічная нерухомасць, і бязмежныя панарамы, і камерныя куткі прыроды — бяздоннае неба ў перакуленых водных адлюстраваннях.

І ўсюды — святло, шмат святла: пранізлівыя адзінокія промні ранішняга золку, ліловая ўспышка дня, што згасае, рваная касая сцяна паўдзённага марыва, манатонная шызая містыка поўні. Гэтая колерамузыка перацякае ў нацюрморты, прабівае шкло бакалаў, праразае лісце, затрымліваецца ў пялёстках і бутонах, патанае ў бляску вазы, рассыпаецца рэфлексамі на стале, асядае блікамі на яблыках, аплятае букеты...

У нацюрмортах — заўсёды кветкі, свежыя, жывыя, духмяныя, іх багацце і разнастайнасць. Сціплыя палявыя букецікі, лясныя і лугавыя ахапкі. Калматыя вялікія півоні і рассыпаныя буйнымі перлінамі ландышы. Гордыя даўганогія ружы і іх смешныя нязграбныя “сваякі” — кактусы. Строгія галінкі ўрачыстых гладыёлусаў. Беласнежная дзіравая пена чаромхі і чарнільныя стрэлы касачоў.

Акварэлі Аляксандра Алонцава можна разглядаць доўга і ўважліва: спачатку — што зроблена, потым — як...

Паблізу — быццам сырыя пералівы палітры, у адхіленні — цэласныя прыгожыя кампазіцыі, напісаныя на адным дыханні, віртуозна, без правак, адразу начыста, смела і размашыста.

Творчасць мастака не толькі дэманструе невычарпальныя магчымасці акварэльнай тэхнікі, але і закладвае аснову прыгожай традыцыі — адкрываць новы навучальны год у мастацкай школе разам з Майстрам.

Алена ДЗІЧЭНСКАЯ
Брэст