А.Алонцаў. “Палявыя кветкі”. |
Выхаванец мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і Украінскага паліграфічнага інстытута імя І.Фёдарава ў Львове, ён прадставіў на выстаўку 20 новых акварэльных пейзажаў і нацюрмортаў. І ў гэтай маленькай экспазіцыі — сведчанні доўгага творчага шляху — адлюстравалася ўсё віртуознае валоданне складанай і непрадказальнай тэхнікай.
У работах мастака — імгненне, якое знікае, і велічная эпічная нерухомасць, і бязмежныя панарамы, і камерныя куткі прыроды — бяздоннае неба ў перакуленых водных адлюстраваннях.
І ўсюды — святло, шмат святла: пранізлівыя адзінокія промні ранішняга золку, ліловая ўспышка дня, што згасае, рваная касая сцяна паўдзённага марыва, манатонная шызая містыка поўні. Гэтая колерамузыка перацякае ў нацюрморты, прабівае шкло бакалаў, праразае лісце, затрымліваецца ў пялёстках і бутонах, патанае ў бляску вазы, рассыпаецца рэфлексамі на стале, асядае блікамі на яблыках, аплятае букеты...
У нацюрмортах — заўсёды кветкі, свежыя, жывыя, духмяныя, іх багацце і разнастайнасць. Сціплыя палявыя букецікі, лясныя і лугавыя ахапкі. Калматыя вялікія півоні і рассыпаныя буйнымі перлінамі ландышы. Гордыя даўганогія ружы і іх смешныя нязграбныя “сваякі” — кактусы. Строгія галінкі ўрачыстых гладыёлусаў. Беласнежная дзіравая пена чаромхі і чарнільныя стрэлы касачоў.
Акварэлі Аляксандра Алонцава можна разглядаць доўга і ўважліва: спачатку — што зроблена, потым — як...
Паблізу — быццам сырыя пералівы палітры, у адхіленні — цэласныя прыгожыя кампазіцыі, напісаныя на адным дыханні, віртуозна, без правак, адразу начыста, смела і размашыста.
Творчасць мастака не толькі дэманструе невычарпальныя магчымасці акварэльнай тэхнікі, але і закладвае аснову прыгожай традыцыі — адкрываць новы навучальны год у мастацкай школе разам з Майстрам.
Алена ДЗІЧЭНСКАЯ
Брэст