Атака пад марш на баяне

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Ужо больш за 65 гадоў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны экспануецца нямецкі акардэон, захоплены партызанамі Віцебшчыны ў якасці трафея ў 1942 годзе. Гісторыю гэты экспанат мае надзвычай цікавую. Як і многія іншыя музычныя інструменты, што гучалі ў гады вайны ў беларускіх гаях, смяротна небяспечных для ворага.

/i/content/pi/cult/797/17148/027.JPGПахавальная музыка для Гітлера

16 мая 1942 года байцы атрада Дзіка 1-й Беларускай брыгады заўважылі на Заходняй Дзвіне каля вёскі Астроўскія дзве маторныя лодкі праціўніка, якія рухаліся з гарадка Сураж у Віцебск. Зладзіўшы на беразе засаду, партызаны адкрылі агонь і пашкодзілі адну лодку. Другой удалося праскочыць, аднак неўзабаве яна ізноў натрапіла на партызан — каля вёскі Белікава.

У выніку аперацыі абедзве маторкі былі захопленыя і пасля рамонту выкарыстоўваліся партызанамі для сувязі паміж атрадамі і штабам брыгады. Узятыя ў палон трое нямецкіх салдат і унтэр-афіцэр. Сярод іншых трафеяў была не толькі зброя, але і акардэон. Ён таксама знайшоў прымяненне — балазе, музыканты, здольныя на ім граць, у атрадзе былі. І неўзабаве інструмент загучаў у канцэртах партызанскай самадзейнасці. Ладзіліся яны не толькі ў лагеры, але і падчас агітацыйных паездак па вёсках, мэта якіх — паказаць усяму люду, што нямецкая ўлада тут не назаўсёды.

Пазней акардэон быў перапраўлены праз “Суражскія вароты” ў Маскву. Партызаны прасілі ўрад БССР перадаць яго Беларускаму ансамблю песні і танца. У суправаджальным лісце яны пісалі: “Грайце на ім весялей, і хай гукі яго грукочуць пахавальным маршам для Гітлера”.

У верасні 1942 года гэты запавет быў выкананы. Намеснік старшыні СНК БССР І.Ф. Валошын быў накіраваны ў Новасібірск, дзе ансамбль на той час працаваў у эвакуацыі. Уручэнне ліста і падарунка ад беларускіх партызан адбылося ва ўрачыстай атмасферы. Кіраўніцтва горада арганізавала вечар, на якім прысутнічала 350 чалавек — прадстаўнікоў грамадскіх, партыйных, камсамольскіх арганізацый, заводаў і фабрык Новасібірска. Пасля дакладу пра барацьбу на акупаванай тэрыторыі на сцэну выйшаў Беларускі ансамбль песні і танца. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася праграма таго канцэрта: песні беларускіх кампазітараў, а таксама рускія народныя песні і, вядома, знакамітая “Кацюша”. Таксама шмат было і танцавальных нумароў. А партызанскі падарунак тут жа апрабавалі на сцэне.

Трафейны акардэон прайшоў нямала франтавых дарог, стаўшы паўнапраўным удзельнікам канцэртных брыгад, сфармаваных Беларускім ансамблем песні і танца. Ён гучаў на перадавых пазіцыях і ў шпіталях, яго слухалі маладыя байцы перад адпраўкай на фронт. Ды і пасля вайны інструмент служыў на карысць мастацтву. З 1944 па 1953 год ён лічыўся музычным рэквізітам Дзяржаўнай харавой капэлы БССР імя Р. Шырмы. А 20 лютага 1954 года загадам міністра культуры БССР партызанскі трафей быў перададзены музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Партызанскі баяніст

І гэты выпадак быў далёка не адзінкавы. Не менш цікавы лёс і іншых трафейных інструментаў, якімі камандаванне брыгад і атрадаў часцяком узнагароджвала сваіх лепшых байцоў-музыкаў.

Ураджэнец вёскі Струй Полацкага раёна Васіль Мураўёў у чэрвені 1942 года ўступіў у партызанскі атрад імя М. Шчорса брыгады імя К. Ракасоўскага і з першых жа дзён пачаў удзельнічаць у баявых аперацыях. А калі пры разгроме варожага гарнізона быў здабыты нямецкі баян, камандзір быў вельмі ўзрадаваны, даведаўшыся, што навабранец умее карыстацца не толькі вінтоўкай. У гадзіны зацішша або адпачынку Васіль весяліў байцоў. Пад акампанемент яго баяна партызаны спявалі і нават ладзілі танцы.

У адным з баёў хлопец атрымаў цяжкае раненне, пасля якога ён ледзь мог хадзіць. Аднак Васіль застаўся ў страі, стаўшы… партызанскім баяністам! Разам з самадзейнымі спевакамі, яны нават ладзілі своеасаблівыя гастролі, выступаючы ў іншых атрадах і суседніх брыгадах. Не раз канцэрты адбываліся і для вяскоўцаў, што павялічвала іх веру ў немінучую Перамогу.

Калі ўлетку 1943 года брыгада імя К. Ракасоўскага атрымала загад аб перадыслакацыі ў заходнія раёны Беларусі, Васіль Мураўёў праз сваю інваліднасць не змог удзельнічаць у гэтым доўгім і цяжкім маршы па тылах праціўніка, і камандаванне самалётам адправіла яго на Вялікую Зямлю. Верны баян быў з ім. Музыкант атрымаў яго ад камандавання ў якасці развітальнага падарунка — у знак падзякі, як за баявую адвагу, так і за пранікнёныя вячоркі.

Па дакументах архіва вядома, што партызан-баяніст быў накіраваны ў Свярдлоўскую вобласць, дзе паступіў на пасільную працу на адным з ваенных заводаў. Менавіта туды 26 студзеня 1944 года Беларускі штаб партызанскага руху накіраваў паведамленне: загадам ад 23 лістапада 1943 года Васіль Мураўёў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” II ступені.

“Гінуць — дык з музыкай”

Працуючы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, я звярнуў увагу на фармулёўку ў адным з узнагародных лістоў. Як правіла, прадстаўляючы таго ці іншага байца да ўзнагароды, камандаванне партызанскіх фарміраванняў паведамляла пра колькасць праведзеных дыверсій на камунікацыях праціўніка або адвагу падчас разгрому варожых гарнізонаў. А тут гранічна, коратка… і незвычайна: “За ўмелую арганізацыю побыту, адпачынку і культурных забаў байцоў, бесперабойнае забеспячэнне асабістага складу і насельніцтва вёсак радыёзводкамі прадстаўляецца да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі”. Атрымаў яго партызан 760-га атрада імя М. Беразоўскага Магілёўскай вобласці Быкадораў Міхаіл Аляксеевіч.

Вось што распавялі пра яго адшуканыя мной дакументы архіва. Нарадзіўся ён у 1921 годзе ў вёсцы Круглае Азоўскага раёна Растоўскай вобласці. Да вайны атрымаў музычную адукацыю, працаваў у Растоўскім тэатры. У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, кіраваў ансамблем 4-й Дона-Стаўрапольскай казацкай дывізіі, якая напярэдадні вайны знаходзілася ў Гродна.

У першыя трагічныя дні вайны Быкадораў, як і тысячы іншых савецкіх байцоў, быў змушаны прарывацца з нямецкіх катлоў. Пасля доўгіх блуканняў і страты надзеі перайсці лінію фронту давялося спыніцца ў вёсцы Дуброўка Клічаўскага раёна, дзе яго прытуліў адзін з мясцовых жыхароў. Міхаіл дапамагаў яму па гаспадарцы, вучыў яго сына ігры на баяне. Тут жа Быкадораву спатрэбіліся і веды па радыётэхніцы, атрыманыя ім у першы год службы ў войску. Употай ад акупантаў ён змайстраваў прымач, наладзіў яго “на Маскву” і разам з іншымі жыхарамі вёскі пачаў слухаць савецкія зводкі.

Паступова наладжваў ён і сувязь з першымі партызанскімі атрадамі, якія пачалі дзейнічаць у навакольных лясах. І 1 красавіка 1942 года Міхаіл Быкадораў увайшоў у склад аднаго з іх. Неўзабаве ўжо паўдзельнічаў у баі каля вёскі Развада, дзе, па словах камандзіра, “дзейнічаў смела і ўпэўнена”.

Дзякуючы Быкадораву байцы атрада пастаянна слухалі Маскву. Нават падчас зімовай блакады 1944 года, калі фашысты былі зусім побач, Міхаіл прымаў па радыё зводкі Саўінфармбюро і зачытваў іх партызанам, што надавала ім сіл і ўпэўненасці. Галодны і знясілены, ён здолеў захаваць прыёмнік і выйсці з ім з акружэння.

Гэтаксама не расставаўся Міхаіл і са сваім баянам. Адна справа, калі падчас зацішша ён весяліў сваіх баявых сяброў ці ўздымаў настрой жыхароў навакольных вёсак. І зусім іншая — калі яму даводзілася пакідаць лагер або стаянку падчас карных экспедыцый нацыстаў, цягнучы на сабе не толькі вінтоўку, але і радыёпрымач ды баян. Вядома, дапамагалі таварышы. Але калі ў пачатку мая 1943-га карнікі блакавалі атрад, і партызаны адчайна шукалі выхад з акружэння… У такіх варунках, здавалася б, трэба пазбавіцца ўсяго лішняга, каб лягчэй было ісці. Бачачы, як знемагае ад цяжару Быкадораў, таварышы па зброі раілі яму кінуць баян або схаваць яго ў лесе — маўляў, жыццё ж даражэйшае. На што Міхаіл адказаў: “Хлопцы, гінуць — дык з музыкай”.

І сапраўды, у крытычны момант, калі варожае кола амаль самкнулася, Быкадораў зайграў бравы марш. Байцы з крыкам “ура” рванулі наперад — і вырваліся з акружэння.

Ва ўзнагародным лісце камандавання партызанскага атрада імя М. Бярозаўскага на прадстаўленне М.А. Быкадорава да ўзнагароджання медалём “Партызана Айчыннай вайны” ёсць прыпіска, зробленая камандзірам Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы Д.І. Фядотавым (760-ты атрад уваходзіў у яе склад): “5 мая 1943 года ў дзень прарыву блакады Быкадораў ігрой на баяне падняў настрой байцоў, што спрыяла поспеху ў баі па разрыву варожага кальца”.

А ў выніковай справаздачы атрада ў раздзеле “Побыт і адпачынак” чытаем: “Вольныя гадзіны, прызначаныя для забаў, знаходзіліся ва ўладзе Быкадорава. Камсамолец, таленавіты і майстэрскі баяніст, радыст і майстар іншых лясных спецыяльнасцяў — ён з’яўляўся арганізатарам вольнага часу, насычаў яго займальным і карысным зместам. Зямлянкі і сялянскія хаты, дзе ўсталёўваў Быкадораў радыёпрыёмнікі, заўсёды былі дарэшты набітыя людам”.

30 чэрвеня 1944 года 760-ты партызанскі атрад імя М. Бярозаўскага злучыўся з часткамі Чырвонай Арміі. Пасля яго расфарміравання многія партызаны былі накіраваныя на фронт або на працу па аднаўленні народнай гаспадаркі Беларусі, некаторыя паступілі ў распараджэнне абласных партыйных арганізацый. У іх ліку быў і Міхаіл Быкадораў. У спісе асабістага складу атрада ў графе “куды выбыў” запісана: “У распараджэнне Магілёўскага абкама КП(б)Б”.

На гэтым звесткі аб партызанскім радысце, баянісце і проста патрыёце нашай агульнай тады радзімы сканчаюцца. Як склаўся яго далейшы лёс? Хочацца спадзявацца, што праз чытачоў газеты атрымаецца даведацца болей пра гэтага выдатнага чалавека.

Генадзь БАРКУН, гісторык