Найдорф, лета 44-га

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Аповесць Івана Пташнікава стала серыялам
За аповесць “Найдорф” у 1978 годзе пісьменнік Іван Пташнікаў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. Ён пісаў пра апошнія дні партызанскай вайны і першыя дні міру ў адной беларускай мясціне. Да 75-годдзя Перамогі прымеркаваная прэм’ера тэлевізійнага міні-серыяла “Алёша”, знятага паводле аповесці. Фільм расійскай вытворчасці, але зроблены ў Беларусі, па беларускім сцэнарыі, пры ўдзеле беларускіх акцёраў. Дзеянне, як і ў кнізе, адбываецца паблізу беларускай вёскі Найдорф.

/i/content/pi/cult/797/17146/024.JPGУ вечар 9 Мая ўсе чатыры серыі ўбачаць тэлегледачы канала НТВ, і канала НТВ-Беларусь адпаведна. Па заказе НТВ карціну рабілі “Киностудия КИТ” і “ТРОМЕДИА”. Падтрымку ў здымках аказала беларуская кінакампанія “Белроскино”, і менавіта праз яе быў знойдзены сцэнарый, які паводле аднаго з лепшых твораў класіка беларускай літаратуры напісаў Артур Ільіных — рэжысёр, акцёр і дацэнт Беларускай акадэміі мастацтваў. У працэсе здымак, як часта здараецца, нешта было дапрацавана і перапрацавана. Рэжысёр карціны Юрый Паповіч вывеў на першы план гісторыю сталення падлетка Алёшы Белановіча (таму і называецца серыял “Алёша”), і яго ўзаемаадносін з другім галоўным героем, таксама партызанам Яфрэмам Жаваранкам.

Сюжэт будуецца на кантрасце паміж вайной і мірным жыццём, пра якое часта ўспамінаюць героі. Апошняя фашысцкая блакада ў партызанскім раёне Беларусі змяняецца першымі днямі на вызваленай зямлі, калі да спаленых дамоў вяртаюцца жыхары. Найдорф — гэта назва і беларускай вёскі, заснаванай калісьці паволжскімі немцамі, з лютаранскай царквой, і назва роднай вёскі палоннага немца. Адна з гераінь — Кланя, жонка Яфрэма Жаваранка — таксама немка па паходжанні.

— Канешне, гэта не пацыфісцкая гісторыя, — гаворыць рэжысёр Юрый Паповіч, — таму што людзі са зброяй у руках абараняюць сваю зямлю, найперш свой кавалак зямлі, сваю сям’ю. Але, як гаворыць адзін з партызанаў: “Калі можаш не страляць — не страляй. Таму што настраляліся ўжо”. І Алёша не забівае ў выніку таго немца, якога параніў.

Пяць гадоў таму Юрый Паповіч зняў ваенную драму “Пра Пятра і Паўла”, дзе ў цэнтры сюжэта была сустрэча двух хлопчыкаў — рускага і нямецкага, і гэта таксама была гісторыя пра дзяцей на вайне. Рэжысёр гаворыць, што і ў фільме “Алёша” ён працягнуў сваю тэму сталення чалавека — калі хлопчык праходзіць праз так званы абрад ініцыяцыі і становіцца мужчынам.

Карціна “Пра Пятра і Паўла” таксама здымалася ў Беларусі. На гэты раз беларускага гледача павінны зацікавіць і наш беларускі сюжэт, хоць кіно стваралася ў першую чаргу для расійскага тэлебачання. Калі фільм з’явіцца, мы зможам ацаніць вынік. Да пытання мовы стваральнікі серыяла паставіліся так: у карціне гучаць тры мовы — руская, нямецкая і тая, якую рэжысёр называе “трасянкай”, — на ёй гавораць беларускія сяляне і партызаны. Маўляў,трэба было знайсці кампраміс паміж ужываннем беларускіх слоў і тым, каб расійскі глядач усё зразумеў. Гэты момант насцярожвае, бо вельмі непрыемна будзе пачуць не натуральную беларускую гаворку, на якой перад вайной і ў час вайны размаўлялі ў нашых вёсках, а нешта штучнае, прыдуманае.

Алёшу сыграў юны расійскі акцёр Максім Сапрыкін. Ён кажа, што прыклаў шмат намаганняў, каб справіцца з вымаўленнем і інтанацыяй, у чым яму сур’ёзна дапамагла здымачная група, у якой было многа беларусаў.

— Асноўным арыенцірам для мяне быў герой фільма “Иди и смотри” Флёра, — расказвае Максім Сапрыкін. — Ён мяне моцна ўразіў, таму я хацеў быць трохі на яго падобным.

Рэжысёр Юрый Паповіч таксама называе “Иди и смотри” Элема Клімава паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча сярод фільмаў, якія найбольш на яго паўплывалі, разам з фільмам Ларысы Шапіцька “Восхождение” паводле аповесці Васіля Быкава. Але асаблівым камертонам у працы над серыялам “Алёша” для яго была славутая карціна Аляксея Германа “Проверка на дорогах”.

Другую галоўную ролю — Яфрэма Жаваранка — выканаў папулярны расійскі акцёр Уладзімір Епіфанцаў, яго жонку Кланю сыграла Ганна Папова. Але значная частка акцёраў — беларускія, сярод іх ёсць і мэтры, напрыклад, Ігар Дзянісаў і Вячаслаў Паўлюць, і зусім маладыя акцёры. Ізноў жа Юрый Паповіч запрасіў у сваю карціну мінскага акцёра Кірыла Навіцкага, які на думку рэжысёра выдатна справіўся з роляй і ў фільме “Пра Пятра і Паўла”. Для рэжысёра серыял “Алёша” стаў чарговай карцінай, якая цалкам здымалася ў нас. І ён не перастае казаць, што вельмі любіць працаваць у Беларусі, маўляў, “адчуваецца блізкасць Еўропы — усё спакойна, прыемна”.

— Розніца ёсць нават на ўзроўні кейтэрынгу, — гаворыць Юрый Паповіч.  — У Расіі нам ніколі не прапанавалі б бутэрброд з салам (усміхаецца).

Не сакрэт, што зараз вельмі многія расійскія фільмы здымаюцца ў Беларусі, але ў рэжысёра Юрыя Паповіча асабліва даўнія і цёплыя адносіны з нашай краінай. Сваю першую ролю як акцёр ён калісьці сыграў менавіта на “Беларусьфільме” — гэта была карціна “Наше призвание” рэжысёра Генадзя Палокі, 1980-ты год. У 1988-м ізноў жа ў Мінску ён адзняўся ў фільме Палокі “А был ли Каротин”. Кажа, што ў свой час перажыў сапраўдную юнацкую ўлюбёнасць у Мінск, і цяпер адчувае духоўную роднасць з нашай краінай.

Дарэчы, міні-серыял “Алёша” паводле аповесці Івана Пташнікава — не адзіная цалкам адзнятая ў Беларусі карціна Паповіча, якая днямі ўпершыню выйдзе на экран. Прэм’ерны паказ “Алёшы” адбудзецца 9 мая на НТВ, а 10 мая там жа — прэм’ера яшчэ аднаго цікавага, таксама чатырохсерыйнага фільма на ваенную тэматыку — “Дзед Марозаў”. Гэта гісторыя рэальнага чалавека Мікалая Марозава, які ў юнацтве прымаў удзел у замаху на цара Аляксандра ІІ, стаў знакамітым навукоўцам, а ў 1941 годзе ва ўзросце 87-мі гадоў добраахвотна адправіўся на фронт. У фільме 84 персанажы, і толькі пяцярых сыгралі расійскія акцёры, усіх астатніх — нашы беларускія.

— Я з захапленнем адкрыў для сябе многіх беларускіх артыстаў, — гаворыць Юрый Паповіч. — Напрыклад, Валянціну Гарцуеву, якая сыграла медсястру Фаю, ці Івана Труса, у якога, упэўнены, наперадзе вялікая будучыня.

У галоўнай ролі — Мікалая Марозава — адзняліся два артысты. Арыстарх Ліванаў іграў перыяд жыцця свайго героя ад 60-ці гадоў і вышэй, а больш маладога Марозава сыграў латвійскі артыст з беларускімі каранямі Мікалай Шастак, якога мы вельмі чакаем пабачыць у галоўнай ролі фільма “Купала”.

Рэжысёр Юрый Паповіч, дарэчы, і далей плануе працаваць з беларускім матэрыялам. Яго даўно хвалююць два сюжэты, якія ён разлічвае ўвасобіць на экранах.

— Я ўсё падбухторваю вашага драматурга Колю Рудкоўскага напісаць сцэнарый пра беларускага авантурыста Барыса Скосырава, караля Андоры, — расказвае Юрый Паповіч. — І яшчэ адна гісторыя мяне моцна вабіць — пра гета ў Мірскім замку і пра тое, як манах Даніэль Руфайзэн выратаваў з яго некалькі сотняў яўрэяў. Я працаваў з архівамі, ужо многае ведаю, ездзіў у Мірскі замак. Спадзяюся, мне ўдасца здзейсніць свае планы.