Як па мне, дык ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — увесь савецкі народ тае пары. Усіх закранула — і тых, хто быў на перадавой, і тых, хто ў тыле, хто ў акопе і хто ля станка. Усе шчыравалі дзеля Перамогі. І ўсё гэта без пафасу. Будзённа.
Я ведаў чалавека, які ў вайну быў занадта малым, каб служыць у войску, дык стаў ён рабочым перасоўнага танкарамонтнага завода. Такія прадпрыемствы суправаджалі танкавыя арміі. Рамантаваць тэхніку даводзілася проста на полі боя пад абстрэлам. Ён шчыра здзівіўся, калі я назваў гэта гераізмам. На ягоную думку, гэта звычайная для тых абставін работа.
Зусім без пафасу распавядалі пра вайну і мой бацька Пётр Савельевіч Васілеўскі, і бацька маёй жонкі Аляксандр Давыдавіч Касэнка. Першы быў шараговым чырвонаармейцам, служыў на Паўночным фронце ў раёне Мурманска. Другі — афіцэр-пагранічнік, які сустрэў вайну на беларускай зямлі, а калі граніца засталася ў тыле наступаючых немцаў, стаў партызанам. Абодва былі параненыя і да скону насілі ў сабе асколкі тае вайны. Абодва пра вайну гаварылі мала, выбіраючы з успамінаў эпізоды хутчэй бытавога, чым баявога зместу. А неяк, памятаю, Аляксандр Давыдавіч сказаў, што не кожны чалавек здольны ўспрыняць усю праўду пра вайну — надта ж гэта брудная і страшная рэч. Дарэчы, пасля вайны ён стаў журналістам, працаваў у “Гродзенскай праўдзе” ў адзін час з Васілём Быкавым. Два ветэраны разумелі адзін аднаго, сябравалі. Аляксандр Давыдавіч быў сведкам першых літаратурных крокаў нашага вялікага пісьменніка, адным з першых ягоных чытачоў.
Тое, як успрымаў вайну мой бацька, якому давялося пабачыць яе з акопа, рознілася ад афіцыйнай карціны Вялікай Айчыннай, якую малявала, і, дарэчы, досыць прафесійна, патрыятычная прапаганда. Але, па ягоных словах, і насамрэч было “За Родину! За Сталина!”, і пехоту, прыціснутую агнём да зямлі, падымалі ў атаку заклікам “Коммунисты, вперёд!”
З вайны не прыйшоў брат маёй маці Віталь, прызваны ў войска ў 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі. Загінуў у Польшчы. Мая бабуля ўсё жыццё хацела з’ездзіць на магілу сына, ды так і не атрымалася. А цяпер ці ёсць ўвогуле тая магіла...
Мая маці, беларуская пісьменніца Галіна Ануфрыеўна Васілеўская, яшчэ дзяўчом перажыла ў Мінску акупацыю. Пасля вайны, калі паступала ў Камсамол, гэты факт ставілі ёй у віну, усур’ёз пыталіся, чаму яна засталася жывой, між тым як савецкіх патрыётаў немцы бязлітасна нішчылі. А маці маёй жонкі Наталля Арсеньеўна стала бежанкай. У эвакуацыі жыццё было не цукар — голадна і холадна, адно што ад ворага адносна далёка.
За свой подзвіг і пакуты асноўная маса ветэранаў — а гэта, бадай, увесь савецкі народ, — не атрымала належнай узнагароды, якая б мела годнае для жыцця матэрыяльнае ўвасабленне. І я не стаў бы кагосьці ў гэтым вінаваціць. Скончылася Другая сусветная вайна, пачалася вайна пад назвай Халодная, якая адцягвала ад мірных спраў велізарныя сродкі на будаўніцтва ракетна-ядзернага шчыта. А ветэраны мусілі быць прыкладам для новага пакалення ў выпадку, не дай Божа, перарастання халоднай вайны ў гарачую.
З маім бацькам, які пасля вайны стаў драматургам і кінарэжысёрам, у меня заўжды былі даволі складаныя стасункі. Відаць, гэта праява завядзёнкі пад назвай “канфлікт пакаленняў”, да таго ж у нас розныя характары, і розная шкала каштоўнасцяў і інтарэсаў. За побытам, за дробнымі канфліктамі я не надта заўважаў насамрэч важнае ў ягонай асобе. У дадзеным выпадку тое, што ён быў салдатам Вялікай вайны і сваёй пралітай крывёй дачыніўся да Вялікай Перамогі. Я адчуў гэта на ягоным пахаванні, калі яго, чалавека ва ўсіх адносінах цывільнага, суправаджаў у апошні шлях ваенны аркестр камендатуры Мінскага гарнізона.