Клопат нашчадкаў

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Напярэдадні першамайскіх святаў у прэс-цэнтры Дома прэсы абмяркоўвалі пытанні добраўпарадкавання мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя прэс-канферэнцыі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі музеяў і мемарыяльных комплексаў, адбылася відэатрансляцыя з Брэсцкай крэпасці, а таксама ад помніка піянеру-герою Марату Казею ў Мінску, дзе адбывалася добраўпарадкаванне тэрыторыі ў рамках акцыі “Беларусь памятае. Ніхто не забыты, нішто не забытае”, зладжанай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй.

У нашай краіне клопат аб ваенных мемарыялах з’яўляецца неад’емнай часткай палітыкі дзяржавы і грамадскага жыцця, бо трагедыя вайны так ці іначай закранула кожную сям’ю. Дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артур Зельскі нагадаў, што для захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны неабходна звяртаць увагу не толькі на подзвіг салдат і партызан, але і на трагічны лёс мірнага насельніцтва падчас акупацыі.

За апошні год мемарыяльны комплекс “Хатынь” наведалі 250 тысяч чалавек. Важна, каб гісторыя вайны ўспрымалася не абстрактна, а асабіста, на прыкладзе канкрэтных лёсаў.

Захаванне памяці аб вайне знаходзіць сваё адлюстраванне і ў міжнародным супрацоўніцтве. Дарадца-пасланнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Фралоў распавёў аб перадачы расійскаму боку сямі капсул з зямлёй з месцаў баёў на тэрыторыі шасці абласцей Беларусі і Мінска. Урачыстая цырымонія перадачы адбылася 30 красавіка на пляцоўцы перад Храмам-помнікам у гонар Усіх святых у Мінску. Капсулы будуць закладзеныя ў падмурак пліт Галоўнага храма Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

Ваенныя мемарыялы існуюць у розных рэгіёнах Беларусі, але ўся інфармацыя аб падзеях, на памяць аб якіх яны ўзведзеныя, назапашваецца і знаходзіць адлюстраванне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Вучоны сакратар музея Валерый Надтачаеў распавёў аб працы, якая праводзіцца гэтай установай па ўкараненні новых тэхналогій. У кожным з музейных залаў размешчаныя інфармацыйныя тэрміналы, якія дазваляюць аператыўна праглядаць падборкі музейнай і архіўнай інфармацыі, мастацкіх і дакументальных фільмаў, інтэрв’ю з удзельнікамі падзей. Інфармацыя ў тэрміналах, колькасць якіх дасягае трох дзясяткаў, пастаянна абнаўляецца, што дазваляе пазнаёміць наведвальнікаў з як мага большай колькасцю паступленняў у фонды музея, куды штогод трапляюць каля тысячы новых артэфактаў.

Матэрыялы, якія не могуць быць прадстаўленыя ў пастаяннай экспазіцыі, таксама актыўна выкарыстоўваюцца — так, напрыклад, 6 мая ў музеі адкрылася часовая экспазіцыя “Героі вайны на Краснай плошчы”, прысвечаная ўраджэнцам Беларусі, якія ўдзельнічалі ў Парадзе Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Тут можна будзе пабачыць іх асабістыя рэчы, а таксмама мундзіры і штандары франтоў, якія выкарыстоўваліся падчас парада.