“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
(Працяг. Пачатак у №№15 —17.) Да Зорыча Шкловам валодалі такія слынныя вялікакняжацкія роды, як Гаштольды, Хадкевічы, Сіняўскія і Чартарыйскія. Па іроніі лёсу, датай яго заснавання лічыцца 1535 год, калі горад упершыню быў згаданы ў Ніканаўскім летапісе з вельмі сумнай нагоды — рускія войскі князя Васіля Шуйскага яго спалілі. Зрэшты, ёсць яшчэ больш ранняя згадка пра Шклоў — што праўда, тады ён знаходзіўся ў 4 кіламетрах ад сучаснага — у нататках пасла Святой Рымскай імперыі Сігізмунда фон Герберштэйна, якія апісваюць яго дыпламатычную паездку ў Маскву ў 1520 годзе. Адпаведна, калі верыць гэтым дакументам, сёлета ёсць нагода адзначыць юбілей горада — 500 гадоў!

/i/content/pi/cult/796/17127/029.JPGШкола афіцэраў

Перакананы халасцяк, Зорыч ніколі не меў намеру ажаніцца — хаця жанчын не цураўся. Сваіх дзяцей у яго не было. І, магчыма, гэтая акалічнасць натхніла яго на праяву выключнай шчодрасці. За ўласныя грошы ён заснаваў Шклоўскую шляхецкую вучэльню для хлопчыкаў з сем’яў збяднелых дваран і ветэранаў войнаў.

Кажуць, што ў якасці ўзору Зорыч узяў французскую вайсковую школу ў Брыён-ле-Шато, у якой, дарэчы, у тыя самыя гады вучыліся Напалеон Банапарт, яго малодшы брат Люсьен і будучы напалеонаўскі “жалезны” маршал Луі Нікола Даву. Адзін з сучаснікаў пісаў пра Зорыча: “Был взят им образец французский — // военный строй, режим, язык, // но дух царил там чисто русский…” Але ж невядома, адкуль Зорыч мог атрымаць звесткі пра гэтую школу, якая ўзнікла толькі ў 1776 годзе! Дый у Францыі ён ні разу не быў.

Таму хутчэй за ўсё Зорыч у якасці ўзору ўзяў імператарскі Шляхецкі сухапутны кадэцкі корпус, які быў створаны ў Пецярбургу ў 1732 годзе. Але там, акрамя вайскоўцаў-прапаршчыкаў, рыхтавалі і грамадзянскіх чыноўнікаў — то-бок, ваенныя дысцыпліны не ўваходзілі ў лік прыярытэтаў. Вядомы дыпламат Сямён Варанцоў (які, дарэчы, быў заўзятым праціўнікам усіх трох падзелаў Рэчы Паспалітай) казаў пра выпускнікоў корпуса, што яны “гралі камедыі, пісалі вершы, ведалі, словам, усё, акрамя таго, што належыла ведаць афіцэру”. У Шклове прынцып навучання быў зусім іншым. Зорыч заснаваў на беларускіх землях першую прыватную гвардзейскую вучэльню, якая выпускала менавіта баявых афіцэраў — як для расійскай арміі, так і для флоту.

/i/content/pi/cult/796/17127/028.JPGХаця навучальная ўстанова і не называлася вайсковай, але ж мела менавіта такі характар. Складалася яна з эскадрону кавалерыі, які падзяляўся на два ўзводы (кірасірскі і гусарскі), і трох рот пяхоты — дзвюх грэнадзёрскіх і адной егерскай. Кожнае падраздзяленне мела сваё абмундзіраванне. Класаў было пяць. Заняткі (пасля мацыёну, сняданку і малітвы) пачыналіся ў шэсць раніцы і працягваліся да васьмі вечара з перапынкамі паміж урокамі і на абед.

Ад фехтавання да матэматыкі

Датай адкрыцця вучэльні Зорыч абвясціў 24 лістапада 1778 года — дзень імянін Кацярыны ІІ. У хуткім часе лік кадэтаў ужо дасягнуў 60-ці. Сярод іх былі 11 беларускіх шляхціцаў, 28 смаленскіх дваран, 15 сербаў, два ўкраінцы, адзін ліфляндзец (мяркуючы па ўсім, латыш), адзін турак, два венгры.

Кадэты дзяліліся на тры катэгорыі. Адны жылі на поўным пансіёне за кошт Зорыча, іншыя мелі паўпансіён, а трэцім аплочвалася толькі вучоба. Сярод выкладчыкаў былі прафесіяналы — пераважна з Германіі і Францыі (у іх ліку трапляліся нават бароны і графы), а таксама — з Пецярбурга, Варшавы, Масквы. Зразумела, у Шклоў яны прыехалі таму, што Зорыч прапанаваў ім добрыя ўмовы працы.

Праз 20 гадоў у вучэльні налічвалася ўжо каля 300 вучняў — пераважна з Магілёўскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых суседніх губерняў Расійскай імперыі. Аднак траплялі курсанты і з Польшчы, Чарнагорыі, Герцагавіны, Венгрыі, Турцыі. Імі апекаваліся 29 педагогаў, інспектар, чатыры наглядчыкі, паліцмайстар, два лекары — і, у дадатак, 25 музыкантаў.

Кадэты вучылі тры замежныя мовы, мелі шмат ваенных дысцыплін — артылерыя, фехтаванне, тактыка, ваенная архітэктура, экзерцыі (практыкаванні са стрэльбай), верхавая язда, вальтыжыроўка (гімнастычныя і акрабатычныя трукі на конях). Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы — ад малявання, танцаў, ігры на музычных інструментах да гісторыі, геаметрыі, арыфметыкі, вышэйшай матэматыкі, геаграфіі, грамадзянскай архітэктуры і Закона Божага.

Па першым часе вучэльня размяшчалася ў тым самым невялікім флігелі палаца, папярэдне прыведзеным да ладу. Аднак з павелічэннем колькасці вучняў Зорыч пабудаваў адмысловую трохпавярховую камяніцу на правым беразе Дняпра, два драўляныя флігелі для бальніцы і музычнай каманды, выдатны манеж для кавалерыстаў і карусель. А неўзабаве з’явіліся тэатр і аранжарэя з вялікімі заламі.

Пасля заканчэння выхаванцамі вучэльні Зорыч, як правіла, хадайнічаў перад імператрыцай аб іх размеркаванні на годныя месцы. Кожнаму пры выпуску дарыў мундзір, падаваў афіцэрскі экіпаж, забяспечваў грашыма на праезд — колькі каму трэба было — і ў дадатак выдаткоўваў па сто рублёў “на асабістыя патрэбы”.

Напярэдадні чарговага выпуску новаспечаны ўладальнік Шклова апавёў імператрыцы пра выдатную працу вучэльні — і атрымаў у адказ падзячны ліст такога зместу: “Спадар генерал-маёр і Шклоўскай шляхетнай вучэльні слаўны заснавальнік, рапарт ваш 21 мая Я атрымала, і адносна выхаванцаў Шклоўскай шляхетнай вучэльні, якія жадаюць паступіць на ваенную службу ў Чарнаморскі флот 23-ох і столькі ж у артылерыю, а трох у кавалерыю, а ўсяго 49 чалавек, чые вы добрыя паводзіны атэстуеце, Я размеркаваць загадала і выказваю вам тут МАЮ зычлівасць за працу і руплівасць вашу, якія скіроўваеце вы на выкладанне правілаў службы і дабрапрыстойнасці, карыснымі МНЕ і Дзяржаве маёй зрабіць іх здатных”.

На той час у Расійскай імперыі гэтая вучэльня з’яўлялася ўнікальнай. Навучанне вайсковай справе ў Шклове па ўсіх параметрах было на галаву вышэй, ніж у Пецярбургскім сухапутным кадэцкім корпусе — прынамсі, да канца XVIII стагоддзя, калі яго ўзначаліў Міхаіл Іларыёнавіч Кутузаў.

Вось толькі некаторыя імёны выпускнікоў Зорыча. Леў Энгельгардт (з сям’і віцебскага ваяводы, потым магілёўскага губернатара Мікалая Энгельгардта) — генерал-маёр, першы камандзір Уфімскага мушкецёрскага палка, які пакінуў такі запіс: “Многія выхаванцы выносілі з Шклоўскага вучылішча грунтоўныя веды, асабліва ў матэматыцы”. Аляксандр Марковіч — вядомы вучоны-артылерыст, адзін з кіраўнікоў 2-га кадэцкага корпуса. Мікалай Пятраеў — аўтар і перакладчык твораў па матэматыцы, фартыфікацыі і механіцы. Нямала афіцэраў-“шклоўцаў” адзначыліся ў руска-турэцкую вайну 1787 — 1791 гадоў — як, напрыклад, Васіль Людвіг, Іван і Пётр Кахоўскія. А некаторыя выпускнікі — ужо займеўшы да таго часу высокія чыны — праявілі сябе ў бітве на Барадзінскім полі.

Бацькоўскае стаўленне

Лішне казаць, Сямён Гаўрылавіч укладваў у гэтую вучэльню не толькі сваю душу і сэрца, але і значныя сумы. Па некаторых звестках, выхаванне маладога пакалення абыходзілася Зорычу штогод у 100 тысяч рублёў. Плюс будаўніцтва каменнага трохпавярховага асабняка і яго “напаўненне”.

У чарговы раз выправіўшыся ў 1781 годзе ў Пецярбург, Сямён Гаўрылавіч набыў для вучэльні шыкоўную бібліятэку за 8 тысяч рублёў. А потым штогод выдаткоўваў па 200 рублёў на яе папаўненне. Кнігі былі, у асноўным, на рускай, французскай і нямецкай мовах. Сустракаліся і на сербскай — яны дасталіся ў спадчыну ад любімага дзядзькі — генерал-маёра Максіма Зорыча, памерлага ў 1775 годзе. Захоўваліся фаліянты і на турэцкай: Зорыч выдатна валодаў мовай асманаў.

А яшчэ ў тым асабняку і каля яго размясціліся заалагічная калекцыя, глобусы, мапы, мадэлі машын і іншыя навучальныя дапаможнікі, некалькі “аднарогаў” (гаўбіц) для піратэхнічных эксперыментаў, а таксама асабістая карцінная галерэя Зорыча з арыгіналамі Рубенса, Веранэзе, Карла Дольчэ, Давіда Тэнірса Малодшага.

Пазней ён падарыў гэтую калекцыю вучэльні. Які яе лёс — невядома. Магчыма, згарэла падчас пажару 29 мая 1799 года, або хтосьці з братоў ці пляменнікаў паспеў вывезці карціны ды іншыя каштоўныя артэфакты за мяжу. Магчыма, увішныя людзі па патрабаванні імператара Паўла I здолелі пераправіць іх у Пецярбург...

Вось такім “малаадукаваным” чалавекам — як пра яго пляткарылі некаторыя сучаснікі — быў Зорыч. Атрымліваецца, што зусім наадварот! Ён заўсёды выпраменьваў добры настрой, быў дасціпным, разумным, зычлівым, лёгка сыходзіўся з людзьмі. Нездарма кажуць, што за адзінаццаць месяцаў “службы” ў пакоях імператрыцы ён набыў процьму сяброў, якія захавалі з ім добрыя адносіны і шматкроць прыязджалі ў Шклоў пагасціць і пазабаўляцца на ўсю катушку. Завітвалі і яго былыя гадаванцы, якія сталі ўжо афіцэрамі, каб пабачыцца са сваім “дабрадзеем”, які заўсёды сустракаў іх “совершенно по-родительски”.

Шклоўскія брэнды

Зразумела, прыём высокіх персон і сваякоў, што немаведама адкуль звальваліся яму на галаву, правядзенне шыкоўных гасцявых абедаў і святаў патрабавала немалых выдаткаў. Да ўсяго, Зорыч актыўна вёў у горадзе будаўніцтва — менавіта ён фундаваў Спаса-Праабражэнскую царкву (праўда, пры жыцці паспеў закласці толькі яе падмурак).

Усё гэта разам абыходзілася ў кругленькую суму прыкладна ў адзін мільён рублёў, а можа і больш... Каб знайсці новыя крыніцы даходаў, даводзілася круціцца бы вужака на патэльні. І спачатку ўсё ішло добра. Зорыч, закасаўшы рукавы, з дапамогай дасведчаных прафесіяналаў заснаваў у Шклове цэлы шэраг фабрык. Гэтыя мануфактуры абслугоўвалі не толькі патрэбы двара свайго гаспадара, але і выраблялі тавары на продаж, прычым працуючы пераважна на мясцовай сыравіне. Хаця ткацкая фабрыка, якая выпускала шаўковую тафту, шытыя золатам камзолы, шаўковыя паясы, тканыя золатам, ды іншыя прадметы раскошы, матэрыялы закупляла нават у Італіі.

Акрамя яе ў горадзе паспяхова дзейнічалі золата-вышывальная, канатная, парусінавая, суконная, гарбарная мануфактуры. Ёсць звесткі, што майстроў-гадзіншчыкаў з усімі неабходнымі прыладамі працы Зорыч запрасіў у Шклоў ці то з Жэневы, ці то з суседняга з ёю кантона Неўшатэль. І яны з часам навучылі мясцовых умельцаў тонкасцям рамяства. Неўзабаве гадзіннікі “шклоўскай вытворчасці” дасылаліся ў дар самой імператрыцы і яе набліжаным.

Аднак, незадоўга да скону Зорыча, яго шклоўскае “эльдарада” пачало здаваць пазіцыі. З’явіліся вялізныя пазыкі, звязаныя з імі судовыя цяжбы ды іншыя маштабныя непрыемнасці. І як вынік — фіяска. Не дапамагалі ўжо і буйныя картачныя выйгрышы. Але пра гэта ніжэй.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"