Незабыўная цёця Уладзя…

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Літаральна праз пару тыдняў, 18 мая, акурат у Міжнародны дзень музеяў, споўніцца шэсць дзясяткаў гадоў з таго часу, як гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў добра вядомы сучаснікам будынак, дзе месціцца адна са старэйшых культурных устаноў Беларусі — Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Але самая першая яго экспазіцыя запрацавала адразу праз некалькі месяцаў пасля Перамогі — 20 верасня 1945-га. Амаль за семдзясят пяць гадоў існавання ў музеі сабрана ўнікальная калекцыя сапраўдных рарытэтаў: захоўваюцца рукапісы паэта і яго асабістыя рэчы, узноўлены мемарыяльныя пакоі, экспанаты ў залах распавядаюць пра жыццё і творчасць Песняра. Сёння ў фондах музея налічваецца 42 602 музейных прадмета, якія ўваходзяць у склад 22 калекцый.

/i/content/pi/cult/796/17125/022.JPG“Сабраць усё, што можна, аб Купалу — гэта наш абавязак перад гісторыяй”, — пісала жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, стваральнік і першы дырэктар музея. “Купаліха” або “цёця Уладзя” — так яе ласкава называлі знаёмыя. Запаволенай, абыякавай ці сумнай яе ніколі не бачылі. Яна смяялася гарэзліва і залівіста, гаварыла з імпэтам, радавалася чужым поспехам, ажно іскрылася, а людскія беды станавіліся ейнымі клопатамі. Адметнай рысай характару Уладзіславы Францаўны была экспансіўнасць, якая перайшла ёй у спадчыну ад маці Эміліі Манэ. Нягледзячы на рангі і пасады жонка паэта гаварыла ў вочы тое, што думала. Калі гэтаму здзіўляліся, яна адказвала: “Мая маці была францужанка, яны ж усе экспансіўныя”. Уладзіслава Францаўна заўсёды была ў няспынным жыццёвым гарэнні, што дапамагло ёй у справе стварэння музея Янкі Купалы, які плённа працуе ўжо сем з паловай дзесяцігоддзяў.

У вайну загiнуў сямейны архiў Івана Луцэвіча, таму стварэнне музея ішло разам з вялікай збіральніцкай, навуковай і арганізатарскай працай. Уладзіслава Францаўна па крупінках вышуквала ўсё, што магло б стаць экспанатам музея ці матэрыялам для фондаў. Па кнiжачцы, па старонцы, па здымку збiрала паплечніца паэта дарагiя яе сэрцу рэлiквii. Для набыцця экспанатаў дырэктар музея не шкадавала і асабістых сродкаў. Пісьменнік і адзін з першых супрацоўнікаў музея Я. Крамко ўзгадваў: “Яна купляла ўсе карціны і скульптуры, калі яны датычылі Янкі Купалы… Яна купляла ўсе кнігі, у якіх сутракалася імя Песняра”. Уладзiслава Францаўна знаходзiла энтузiястаў, улюбёных у творчасць Купалы. Шукала тых, хто бываў у iх у доме і добра ведаў Купалу, прасiла напiсаць успамiны.

Менавіта Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч былі зроблены ўсе магчымыя захады, каб рукапісы Янкі Купалы вярнуліся на радзіму. За вельмі кароткі тэрмін удалося сабраць многае: выданні на розных мовах, рукапісы і выступленні паэта на з’ездах, пленумах, мітынгах, ацалелыя фотаздымкі, лісты, аўтографы, успаміны пра паэта, творы Янкі Купалы, пакладзеныя на музыку, урадавыя пастановы СССР і БССР, што тычыліся ўшанавання памяці паэта, і іншае.

Некалькі адрасоў давялося змяніць музею Янкі Купалы, пакуль ён атрымаў пастаянную прапіску. Спачатку ўстанова размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23, дзе 20 верасня 1945 года ў дзвюх залах адкрылася першая выстаўка пра жыццё і творчасць Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/796/17125/023.JPGПраз пяць гадоў музей Песняра пераехаў у будынак Саюза пісьменнікаў БССР па вуліцы Энгельса, 9, дзе экспазіцыя адкрылася ў пяці залах цокальнага паверха. У першай стацыянарнай экспазіцыі, якая была створана пад кіраўніцтвам Уладзіславы Луцэвіч, навукоўцы імкнуліся паказаць усе тыя матэрыялы пра Янку Купалу, што былі знойдзены і сабраны ў час вайны і ў першыя пасляваенныя гады.

/i/content/pi/cult/796/17125/024.JPGЗбіральніцкая і навукова-даследчая работа першых супрацоўнікаў музея адбывалася ў вельмі складаных умовах. Але тыя, каму пашчасціла працаваць з Уладзіславай Францаўнай, вельмі цёпла ўспаміналі пра яе. Паэт, адзін з першых супрацоўнікаў музея Іван Курбека пісаў: “Шанавалі мы, музейцы-купалаўцы, свайго дырэктара — Уладзіславу Францаўну, цёцю Уладзю… Яна турбавалася за кожнага з нас. Магла ўлагодзіць і заспакоіць, калі надараліся непрыемнасці. Гэтак жа і зусім чужым людзям спрыяла. Нездарма займела такое свойскае, пяшчотнае імя — цёця Уладзя”.

/i/content/pi/cult/796/17125/025.JPGУладзіслава Францаўна сама прымала наведвальнікаў, заўсёды першая ішла насустрач, першая працягвала руку, задавала пытанні, любіла праводзіць экскурсіі, падрабязна расказваючы пра кожны экспанат. Простая і таварыская, яна ўмела разумець і цаніць людзей. З ёй заўсёды было цікава. Няўрымслівая, гаваркая, жыццярадасная… “Пра выключную абаяльнасць Уладзіславы Францаўны гаварылі ўсе, хто хоць аднойчы з ёй сустракаўся. Дзе б яна ні была, куды б ні ездзіла… усюды яна зачароўвала людзей сваёй весялосцю, энергіяй, душэўнай прыгажосцю…”, — успамінала пляменніца Янкі Купалы Ядвіга Раманоўская.

Экспазіцыя дзейнічала ў 1951 — 1959 гадах і дасягнула сваёй галоўнай мэты: у культурнае жыццё рэспублікі і яе сталіцы трывала ўвайшло ўсведамленне аб нараджэнні і дзейнасці Літаратурнага музея Янкі Купалы. “У гэты яшчэ невялікі ў той час музей, як на агеньчык у непагодную ноч, ішлі мінчане. Нельга было прайсці міма і не зайсці да цёці Уладзі, не пакланіцца памяці беларускага Песняра. Для Уладзіславы Францаўны кожны наведвальнік быў жаданым госцем. Ішлі не толькі ў музей, ішлі да яе — ветлівай, добрай, горача заклапочанай тым, каб Янкава слова пашыралася ў народзе”, — адзначала бібліёграф, літаратуразнаўца Ніна Ватацы.

Неўзабаве ўзнікла пытанне аб узвядзенні асобнага будынка для музея. Ён быў пабудаваны ў цэнтры Мінска дзякуючы неверагоднай энергii Уладзiславы Францаўны ў 1959 годзе — амаль на тым самым месцы, дзе калiсьцi стаяў аднапавярховы драўляны дом, у якiм сям’я Луцэвiчаў пражыла з 1927 па 1941 гады.

Будаўніцтва музея, а таксама стварэнне экспазіцыі аб жыцці і творчасці народнага Песняра Беларусі, якая размясцілася ў 12 залах, праходзіла пад непасрэдным кіраўніцтвам Уладзіславы Луцэвіч. “Яна спрачалася з архітэктарамі і будаўнікамі, “выбівала” патрэбныя матэрыялы, бо тады, у разбураным Мінску, не так лёгка было здабыць неабходнае, яна была прарабам і суворым кантралёрам па якасці і натхняла будаўнікоў рабіць як найлепш…”, — узгадваў паэт Сяргей Грахоўскі.

Да падбору супрацоўнікаў у музей Уладзіслава Францаўна падыходзіла вельмі прыдзірліва. Магчыма, гэтаму садзейнічала тое, што з самага пачатку ў яе працавалі такія цудоўныя людзі, як Алеся Іванаўна Александровіч і Валянцін Паўлавіч Таўлай, да якіх Уладзіслава Францаўна ставілася з вялікай любоўю і павагай. У розныя гады ў музеі працавалі: Надзея Вітушка, Іосіф Жыдовіч, Янка Шарахоўскі, Лілія Копаць, Яніна Прыбыткова, Тамара Тарасава, Ядвіга Раманоўская, Жанна Дапкюнас, Алесь Есакоў, Алесь Бажко, Уладзімір Юрэвіч і многія, многія іншыя.

Уладзіслава Францаўна любіла паўтараць: “Мы будзем жыць колькі захочам”. На жаль, гэтаму не дадзена было спраўдзіцца: у лютым 1960 года яна пайшла з жыцця, не дажыўшы літаральна пару месяцаў да спаўнення сваёй мары — адкрыцця музея Янкі Купалы ў новым будынку, якое адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы 18 мая 1960 года.

Пуста і сцюдзёна стала кожнаму, хто ведаў, хто хоць раз адчуў цеплыню ласкавае рукі цёці Уладзі, Купаліхі, Уладзіславы Францаўны. Але яна засталася назаўсёды ў Купалавым доме, у яго атмасферы, у кожнай драбніцы, у вершах Янкі Купалы, у нашай памяці і сэрцах. Увекавечыць памяць мужа — у гэтым быў сэнс яе жыцця. Аднойчы з нястоеным болем яна сказала Сяргею Грахоўскаму: “Каб я тады паехала з Янкам у Маскву, не трэба было б рабіць і музея. Ён быў бы з намі”.

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы побач з вялікім паэтам прысутнічае і вобраз яго жонкі Уладзіславы Францаўны. У кожным дакуменце, фотаздымку, у кожным экспанаце — яе душа, яе сэрца. “Штодня музей Янкі Купалы наведваюць людзі, праходзяць па яго залах, знаёмяцца з неўміручай спадчынай паэта. І заўсёды побач з імі нябачна ідзе яна, незабыўная цёця Уладзя. Яна назаўсёды пасялілася ў Доме Купалы. Верны друг, памочнік і дарадчык вялікага Песняра, яна пражыла жыццё як песню, песню вернасці вялікаму паэту”, — напісала адна з першых супрацоўніц музея Т.С. Тарасава.

Урад Беларусі высока ацаніў плённую дзейнасць Уладзіславы Луцэвіч. Яна была ўзнагароджана двума ордэнамі “Знак пашаны”, медалямі, граматамі, а ў 1959 годзе ёй было нададзена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”. У нацыянальнай скарбніцы культуры яе імя займае асаблівае месца: яна стварыла грандыёзны помнік паэту — музей! Радкі Анатоля Астрэйкі ярка праецыруюцца на нашы адносіны да яго: “Усё сабрана ў доме тым,// Што дарагім было Купалу,// Што сэрцам дорага людскім,// Што скарбам для народа стала.”

Для даведкі:

Нарадзілася Уладзіслава Станкевіч 25 снежня 1891 года ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна ў сям’і Франца і Эміліі Станкевічаў. У 1906 годзе скончыла экстэрнам Віленскую гімназію, у 1908 двухгадовыя педагагічныя курсы ў Варшаве. З 1908 года працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. 23 студзеня 1916 года павянчалася ў Маскоўскім Петрапаўлаўскім касцёле з Іванам Дамінікавічам Луцэвічам. З 1919 года жыла ў Мінску, працавала ў дзіцячым ачагу № 8 выхавацелькай, а затым і загадчыцай. Па ўспамінах М.Сеўрука, Уладзіслава Францаўна, як родная маці, як дбалы і ўмелы кіраўнік акружала сваімі клопатамі дзетак. У працы з дзецьмі “цёця Уладзя” заўсёды звярталася да самабытных ўзораў беларускай народнай культуры.

Дзіяна ФІЛІПОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы