Дыстанцыя і маска — чытву не перашкода

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Хто ў сельскай мясцовасці ў лідарах кнігавыдачы?
Як гэта ні парадаксальна, але кніга ў часы пандэміі здольная ператварыцца з крыніцы ўсяго самага прыгожага і здаровага ў пераносчыка заразы. І каб падобнага не адбылося, работнікі нашых кніжніц распачалі пэўныя крокі. Якія? Давайце даведаемся аб тым з першых вуснаў.

/i/content/pi/cult/796/17124/1.jpegВольга ТАНАНА, бібліятэкар Дунілавіцкай сельскай бібліятэкі аграгарадка унілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці:

— Да канца года па плане кнігавыдача бібліятэкі павінна скласці шэсць тысяч асобнікаў друкаванай прадукцыі, а наведванне — 2800 чалавек. Канешне, каранавiрус спрабуе “ўмяшацца” ў гэтую арыфметыку, але, упэўнена, патрэбных паказчыкаў мы даможамся. Наогул наш фонд складае 8097 найменняў асобнікаў, запісана ў кніжнiцы 310 чытачоў. У дзень у сярэднім, да з’яўлення вось гэтай інфекцыі, за літаратурай прыходзіла сем — восем дарослых і пяць дзяцей. Сярод пісьменнікаў найбольшым попытам карыстаюцца творы такіх аўтараў, як Кацярына Шашкова, Дар’я Данцова, Таццяна Усцінава — гэткае чытво. З нашых першым назаву Мікалая Чаргінца. На жаль, не вельмі добра ідзе беларуская класіка. Нават у школьнікаў, якія ў асноўным задавольваюцца толькі тым, што праходзяць на ўроках. Спрабуем папулярызаваць айчынных аўтараў — праз тыя ж выставы кніг, спачатку цікавасць да іх з’яўляецца, аднак потым неяк усё згасае. Але такую дзейнасць не спыняем! У зону абслугоўвання ўстановы ўваходзіць вёска Сяргеевічы, прыводжу замоўленую літаратуру яшчэ і ў вёску Пятровічы. Пры бібліятэцы працуе экалагічнае аматарскае аб’яднанне “Крынічка” для вучняў 2 — 9-х класаў. Да 75-годдзя Перамогі рыхтуем выставу твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. Хоць і невялікімі групамі, але гэтую вялікую, святую для людзей падзею, мы адзначым, падрыхтаваўшы адпаведную тэматычную экспазіцыю. Натуральна, правядзенне масавых мерапрыемстваў у сценах кніжніцы зараз адменена, як і шэраг бягучых імпрэз — накшталт выстаў па здаровым ладзе жыцця — яны ў нас праводзяцца рэгулярна. А ад віруса, вядома, засцерагаемся. Я працую ў масцы і пальчатках, прашу наведвальнікаў, каб таксама прыходзілі ў масках. І каб трымалі дыстанцыю! Пасля здачы прачытанай літаратуры яна абавязкова апрацоўваецца антысептыкам. Праўда, колькасць чытачоў цяпер значна зменшылася…

/i/content/pi/cult/796/17124/2.jpegМарыя САБАЙДА, бібліятэкар Руднянскай сельскай бібліятэкі аграгарадка Рудня Мазырскага раёна Гомельскай обласці:

— Чамусьці так атрымалася, што сярод акцый бібліятэкі, якія запомніліся жыхарам нашага аграгарадка за апошні час, дзве маюць дачыненне да фотасправы. Першая - “Фатаграфія з любімай кнігай у незвычайным месцы”: дзе толькі дзеткі ні здымаліся — і ў кніжнiцы, і пад ложкам, і на ложку, і на стале! Колькі весялосці было, калі дзяўчынкі і хлопчыкі разглядалі гэтыя кадры! А лепшыя аўтары — іх вызначалі ўсе ўдзельнікі конкурсу — атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Другую праводзілі сумесна з Мазырскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Пушкіна, яна называлася “Спыніся і здзівіся роднай прыродзе”, а на конкурс прымаліся фотаработы, звязаныя з экалогіяй. А для дзяцей ва ўстанове дзейнічае гурток “Планета Kids” — вольнага часу, дзе мы спяваем, танчым, арганізоўваем віктарыны. Але сярод наведвальнікаў бібліятэкі больш людзей пенсійнага ўзросту, цікавасць да папяровай літаратуры ў падлеткаў пачынае знікаць дзесьці з шостага класа. Запісана ў нас 300 чалавек, да канца года павінны павялічыць гэты лік на 50 чытачоў. Кнігавыдача запланаваная ў аб’ёме шасці тысяч асобнікаў, наведванне — чатырох тысяч. Калі казаць менавіта аб кнігах, то наш фонд складае больш за две тысячы асобнікаў. У дзень прыходзіць... удакладню, прыходзіла парадку трыццаці чалавек. Што ахвотней за ўсё бяруць? Дарослыя, з нашых, — Канстанціна Нілава, Тамару Лісіцкую, Наталлю Батракову, Святлану Алексіевіч. Дзеці — усю запар забаўляльную літаратуру, яркія часопісы. Акрамя Рудні, абслугоўваем вёскі Стараселле, Ляхаўцы, Малы Бокаў і пасёлак Дружба. У сувязі з распаўсюджваннем каранавiруса наведвальнасць упала досыць моцна. Дзеці практычна перасталі прыходзіць, а тыя, што з’яўляюцца (гадоў 14 — 15-ці), вельмі хутка нешта прагортваюць і сыходзяць. Усю літаратуру, якая здаецца, апрацоўваем антысептыкам, двойчы ў дзень — вільготная ўборка памяшкання. Маскі, пальчаткі — усё ёсць у наяўнасці. А мерапрыемства, якое планавалі правесці сумесна з клубам аграгарадка 9-га Мая, адбудзецца нягледзячы ні на што! Яно будзе не такім масавым, аднак дзень гэты адзначым абавязкова!

/i/content/pi/cult/796/17124/3.jpegАлена СЫАНТОВІЧ, загадчыца Гожскай сельскай бібліятэкай аграгарадка Гожа Гродзенскага раёна:

— Кажучы пра тыя акцыі, што прайшлі ў нас нядаўна, адзначу “Чытаем кнігі пра вайну” — відэапрэзентацыю твораў Івана Шамякіна, і слайдпрэзентацыю “Памяць на паперы” — дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Наогул, зараз усе мерапрыемствы стараемся перавесці ў анлайн-рэжым. “Жывыя” праекты, iмпрэзы адклалі на будучыню. Літаратуру, якая вяртаецца, натуральна, праціраем сурвэткамі, змочанымі ў антысептыках. І кожныя дзве гадзіны ў кніжнiцы праводзіцца вільготная ўборка. Пастаянныя чытачы, вядома, цяжка перажываюць гэтыя тыдні. Як і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Берагіня”, з якім мы праводзім мерапрыемствы, звязаныя з нейкімі святамі — збіраемся, гутарым пра іх, ладзім розныя выставы, п’ем гарбату. Асноўны ж наш чытач - 30 — 50-гадовыя людзі, у навучэнцаў 8 — 11-х класаў і ў таго, каму гадоў да 25-ці, папяровая літаратура не вельмі папулярная. Але што я заўважыла! У 2020-м як ніколі раней нарасхват ідуць творы Якуба Коласа, прычым усе-усе! Быкаў, Алексіевіч, Батракова — таксама ў лідарах запытаў. А яшчэ сучасны жаночы раман і сучасны дэтэктыў — беларускіх аўтараў. У дзень да нас да нядаўняга часу зазірала чалавек 30 — 40. Запісана ў бібліятэцы 360, а да канца года павінны даць 600! Так-так! І дадзім, хоць цяпер наведванне дзесьцi напалову знізілася. У гадавых планах па ім — 12 тысяч, па кнігавыдачы — 15 тысяч асобнікаў. Справімся!

/i/content/pi/cult/796/17124/4.jpegІраіда СТРОМАК, бібліятэкар Цяпленскай сельскай бібліятэкі аграгарадка Цяплень Уздзенскага раёна Мінскай вобласці:

— Вірус вірусам, аднак пастаянныя чытачы як прыходзілі ў бібліятэку, так і прыходзяць: два, чатыры чалавекі ў дзень, але яны ёсць. Дзяцей, канешне, стала менш, мамы іх за кнігамі ідуць. Ды часам я каго-небудзь з дзяцей на вуліцы сустрэчу, сама кнігу прапаную. Выданні праціраем сурвэткамі, што змочаныя ў антысептыках, як жа без гэтага. Мерапрыемстваў наогул мы праводзім шмат, аднак цяпер яны — на аддаленасці. Аплікацыі для конкурсу “Снегіры на дрэве” хлапчукі і дзяўчынкі рабілі па хатах, я потым іх сабрала, правяла выставу і падшыла работы ў тэчку. Такім жа чынам, па дамах, дзеткі выраблялі закладкі для кніг, удзельнічаючы ў конкурсе “Гісторыя закладкі”. На май запланаванае не адмяняем, а карэктуем. 9-га ля клуба пройдзе мітынг. Натуральна, людзей будуць прасіць выконваць сацыяльную дыстанцыю, а мы для акцыі рыхтуем фотавыставу “Па дарогах вайны нашы ішлі землякі”. Да Міжнароднага дня сям’і думалі правесці гульнявую праграму “Сям’я — гэта важна, сям’я — гэта складана”, але цяпер вырашана замест яе арганізаваць конкурс малюнкаў на тэму “Як вы ўяўляеце сваю сям’ю”. А гадзіна бяспекі “Дарожны знак табе не вораг”, на які хацелі сабраць дзяцей, ператворыцца ў анкетаванне па пытанні бяспекі дарожнага руху. Дзеючы пры кніжнiцы дзіцячы клуб “Чамучка”, што прымае актыўны ўдзел практычна ва ўсіх нашых імпрэзах, зараз пераведзены на анлайн-працу. А ўсяго ў бібліятэцы запісана 140 чалавек (на канец года іх павінна быць 200, прырост забяспечым за кошт “дачнікаў” і школьнікаў, якія будуць знаходзіцца на вакацыях). Да іх паслуг — бібліятэчны фонд, ён налічвае пяць тысяч асобнікаў кніг. Ну, а калі зноў вярнуцца да праблемы інфекцыі, то і сродкамі абароны ад яе — маскамі, пальчаткамі — мы забяспечаны.

/i/content/pi/cult/796/17124/5.jpegГаліна КУНЦЭВІЧ, бібліятэкар Сінкевіцкай сельскай бібліятэкі аграгарадка Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці:

— Як мы перабудавалі сваю працу падчас распаўсюджвання каранавіруса? Людзі могуць патэлефанаваць нам, замовіць патрэбную літаратуру і яна будзе дастаўлена. Раз на тыдзень я прыходжу ў дзіцячы сад, у яго медыцынскім кабінеце збіраюцца работнікі ўстановы, заходзяць па чарзе ў пакой і я выдаю ім кнігі, часопісы. Звычайна выхавальнікі на групу бяруць 10 — 15 пэўных асобнікаў. Арганізаваныя наведванні школьнікамі бібліятэкі, як гэта было раней па суботах, цяпер адмененыя. Працуем з навучэнцамі ў індывідуальным парадку — усё ж такі дзеці, падлеткі хоць і ў малой колькасці, але кніжніцу не забываюць. Усе мерапрыемствы пераведзены ў анлайн-рэжым, будзь тое агляды навінак, тэматычныя iмпрэзы і да таго падобнае. Або акцыя, што праходзіць зараз, — “Вершы аб вайне”, арганізаваная Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, калі наведвальнікі такіх устаноў, як наша, чытаюць свае любімыя творы аб Вялікай Айчыннай вайне, і іх выступы выкладваюцца на сайце ЦБС. Дарэчы, усе тыя, хто прыходзіць у кніжніцу і пакідае яе, у абавязковым парадку павінны апрацоўваць рукі антысептыкам. Чытачоў у нас 520 чалавек, найбольш актыўныя катэгорыі — школьнікі і людзі пенсійнага ўзросту. Вялікім попытам карыстаецца беларускамоўная літаратура, сярод айчынных аўтараў — Колас, Купала, Караткевіч, Быкаў, Алесь Адамовіч, Рублеўская, Алексіевіч. Бібліятэчны ж фонд складае каля дваццаці тысяч найменняў. Да таго, як было прынята рашэнне аб прыпыненні масавых мерапрыемстваў, мы паспелі — хай і на працягу аднаго дня — правесці Тыдзень дзіцячай кнігі. На жаль, пакуль не дзейнічае і дзіцячае экалагічнае аматарскае аб’яднанне “Лесавік”…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"