“… Як добра, што вы нідзе не вучыліся!”

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Нехта з вялікіх педагогаў сказаў, што няма дарослых і дзяцей, а ёсць людзі з большым ці меншым жыццёвым досведам. А з гэтага вынікае, што аднойчы бадай кожнаму наканавана зрабіць адкрыццё, што дзеці, на якіх ён прызвычаіўся глядзець з пазіцый “дарослага” шавінізму, у чымсьці больш дарослыя, чым ён сам. Яны, маючы запас незмарнаваных сіл і не страчаных эмоцый, лепей арыентуюцца ў зменлівым свеце, больш дасведчаныя адносна навацый і трэндаў; лёгка перадольваюць стэрэатыпы, якія для старэйшых — пастулат. Зрэшты, і твой гарызонт для іх толькі кропка адліку. На гэта нельга крыўдаваць. Гэта цудоўна!

/i/content/pi/cult/796/17122/019.JPG

Менавіта з гэтых пазіцый я разглядаю так званую дзіцячую творчасць. Мяне не здзіўляе тое, што калі-нікалі выдатныя прафесіяналы імітуюць стылістыку дзіцячага малюнка і “дзікію” палітру дзяцячага жывапісу. Дзіця мае тую перавагу перад сталым творцам з-за таго, што яго немагчыма прымусіць маляваць (пець, спяваць…), словам, рабіць тое, чаго ён не хоча. Гэта як птушка, якая не будзе спяваць, калі яе змясціць у сюжэтна-тэматычную клетку.

Так што калі хочаце пабачыць свабодных людзей (ці амаль свабодных — усё ж такі абсалютная свабода немагчымая), хадзіце на выставы дзіцячай творчасці. Міжнародная выстава жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, што не так даўно праходзіла ў галерэі “Універсітэт культуры” — гэта кладзезь станоўчых эмоцый і матэрыял для разваг пра адвечныя каштоўнасці. Творчы конкурс “На сваёй зямлі”, неад’емнай часткай якога з’яўляецца выніковая выстава, заснаваны ў 2006 годзе грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж” і трыма міністэрствамі Рэспублікі Беларусь — адукацыі, культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. За час, які прайшоў з тае пара, сабрана калекцыя, што складае звыш сарака тысяч работ з пяцідзесяці сямі краін.

Сёлета ў конкурсе бралі ўдзел юныя мастакі з дваццаці шасці краін свету — Еўропа, Азія, Амерыка. Па прадстаўленых работах відаць, што на дзіцячае ўспрыманне свету зыходна не надта ўплываюць менталітэт нацыі і мясцовыя культурныя традыцыі. Усе дзеці з аднолькавай любоўю і ў аднолькавай стылістыцы малююць сваіх мам — канешне ж, “самых прыгожых у свеце”, кветкі, котак, птушак — усё тое, што складае асяроддзе маленькага чалавека.

Так доўжыцца, пакуль дзіцё не пачынае маляванню вучыцца. Трапіўшы пад вока настаўніка, ён арыентуецца на пэўныя ўзоры і каноны, засвойвае выяўленчыя прыёмы, уласцівыя мясцоваму мастацтву. Асабліва гэта бачна на прыкладзе работ з Кітая, дзе выразна адчуваецца ўплыў нацыянальнага пейзажнага жывапісу. Сувязь са школай сярэдневяковай мініяцюры можна ўбачыць у рабоце, дасланай з Турцыі.

Некаторыя работы, выкананыя падлеткамі, нармальна глядзеліся б на выставе мастацтва маладзёжнага, а мо і “дарослага”. Каб я быў у складзе журы, і мне давялося б ставіць адзнакі ўдзельнікам конкурсу, я, шчыра кажучы, быў бы ў роспачы. Што больш каштоўнае — дзіцячая непасрэднасць, незамутнёнасць успрымання альбо выразныя пачаткі прафесіяналізму і ўласнага стылю?

Я часта згадваю выдатнага мастака і настаўніка Юрыя Герасіменку- Жызнеўскага. Калі ягоныя вучні пры падачы дакументаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы дэманстравалі свае работы, ім казалі: “Як добра, што вы нідзе не вучыліся і захавалі сваю самасць”. Вось гэта вышэйшы пілатаж педагогікі! Гэта тое, да чаго варта імкнуцца. Калі-нікалі такое можна пабачыць і на выставах, кшталту той, пра якую ідзе гаворка.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"