Рапід пасярод вясны

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Да сярэдзіны вясны, якая цяпер наступіла, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр падрыхтаваўся загадзя: намаганнямі запрошанага рэжысёра Саўлюса Варнаса быў выпушчаны спектакль “Дом пасярод вясны” паводле п’есы Эжэна Іанескі “Смага і голад”.

/i/content/pi/cult/796/17121/017.JPGГэту п’есу рэжысёр лічыць найлепшай сярод створаных у ХХ стагоддзі (інтэрв’ю з С.Варнасам гл. у № 12 “К”). Таму ён ужо звяртаўся да яе — дастаткова згадаць спектакль “Прага і голад”, пастаўлены акурат два гады таму ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, дзе на той час Саўлюс Варнас быў мастацкім кіраўніком. Цяперашні спектакль, хаця і звязаны з ранейшым нябачнымі ніцямі, наяўнасцю разгалінаваных асацыятыўных сувязяў, аказаўся іншым. Канцэпцыя рэжысёра не змянілася кардынальна, яна паглыбілася і атрымала яшчэ больш яркае візуальнае напаўненне. Сышлі дробязі, сутнасць стала больш пукатай, візуальна яркай, разлічанай на захопленае “ваў!”

Калі раней п’еса была прачытана як пошукі сябе самога, дык новаму спектаклю дадзена азначэнне “ілюзіі кахання”, у ім больш акцэнтуецца не столькі сам па сабе галоўны герой, колькі разнастайныя чалавечыя сувязі — у тым ліку, любоўныя і сяброўскія, дзе кодавым застаецца слова “дом”. У аснове сюжэтнага разгорту — адзін з самых распаўсюджаных меладраматычных ходаў: у пошуках лепшага жыцця мужчына пакідае жонку з маленькай дачкой, а потым да іх вяртаецца. Але магчымы спадзеў на меладраму будзе марным, бо гэта архетыповая гісторыя “вяртання блуднага сына” праецыруецца хутчэй на “Маленькага прынца” Экзюперы з яго зусім не дзіцячай філасофскай глыбінёй.

/i/content/pi/cult/796/17121/018.JPGСпектакль будуецца па законах “увядзення ў транс”. Усё, што мы бачым у першай дзеі, — толькі ўявы Жана. Невыпадкова многія дзеючыя асобы, пакуль безназоўныя (яны пераўвасобяцца ў тых ці іншых герояў, часам паслядоўна ў некалькіх, толькі ў другой дзеі), з выбеленымі тварамі. Узнікаюць быццам з ніадкуль, з-пад невялічкага подыума, на якім стаіць друкарская машынка (мастак-пастаноўшчык — Вольга Грыцаева), углядаюцца ў лісты тэксту, забіраюць рукапіс з сабой. Прынцыповая канцэнтрацыя дзеяння на авансцэне прадыктавана не толькі жаданнем “быць бліжэй” да гледачоў. За спінамі артыстаў знаходзіцца не проста завеса, якую потым зрываюць, а сапраўдны космас (мастак па святле — Сяргей Азеран), што стане зразумела надалей.

Дзеянне разгортваецца запаволена, многія рухі адбываюцца, бы ў стане рапіду (харэограф — Вольга Скварцова). Значнае скарачэнне тэксту і рэжысёрская праца з ім робіць словы на вагу золата. Іх мінімум спалучаецца з вельмі дакладным сэнсавым вылучэннем галоўных думак, быццам падкрэсленых “шрыфтам” і вынясеннем “у рамачку”, вымушае ўспрымаць многія фразы як звернутыя да цябе асабіста, “прымерваць” іх, уступаць з імі ў дыялог ці нават дыскусію: “я жыў у чаканні перамен, а тут — маркотнае міжсезонне”; “я не хачу ціхага шчасця, ціхага спакою, мне патрэбны экстаз”; “ён не ведаў, што і тут магчымы цуд”; “мне было ўтульна ў маёй беспрытульнасці”; “мэта спробы — у ёй самой”; “сцены — нашы гаранты, яны абараняюць нас ад невядомасці”; “дый сланы ўжо не тыя, усе сталі асламі” і да таго падобнае. Відовішча папраўдзе “зацягвае”, прыварожвае сваёй таямнічасцю, бы нейкае містычнае абрадавае дзеянне. Глядач незаўважна апынаецца ўнутры працэсу, і далейшыя праходы артыстаў праз залу толькі пацвярджаюць гэта.

Калі ў першай дзеі адзіным парушэннем павольнага “гіпнозу” становіцца амаль кітчавы прыход цёткі Адэлаіды (Кацярына Раманнікава) — гэткай парадыйнай секс-бомбы, дык у другой гумару значна больш. Перад намі чарадой мінаюць розныя пары — ад рэальных гістарычных асоб да літаратурных і мастацкіх персанажаў. І наглядна дэманструюць шматаблічнасць кахання, безліч яго варыятыўных выяўленняў — ад сапраўдных да ілюзорных. Тут і Далі з Галай, што разгортваюць бойку на парасонах, і дзве балярынкі, закаханыя ў гопніка з ножычкам, якія вымушаюць узгадаць знакаміты балет “Паненка і хуліган” на музыку Д.Шастаковіча, і яркі, запамінальны праход Дон Кіхота з Санча Пансам — неверагодных сюпрызаў, часцяком не прадугледжаных п’есай, хапае.

На першы план выходзяць раней не скарыстаныя магчымасці трупы. Раптам высвятляецца, што мастачка Вікторыя Ця-Сен умее ствараць не толькі пярэстыя сцэнічныя строі з нечаканымі колеравымі спалучэннямі накшталт “вырві вока”, але і надзвычай стыльныя касцюмы шэрых адценняў. Артысты, іграючы па дзве — тры, а то і чатыры ролі, атрымліваюць цудоўны шанс пераўвасабленняў. Добра раскрываюцца акцёрскія здольнасці Дзмітрыя Бойкі (Жан), які раней амаль не паўставаў цэнтральным героем. Стварэннем чарады каларытных персанажаў вылучаюцца Наталля Падвіцкая, Анатоль Лагуценкаў, Уладзімір Бажкоў і іншыя. Спектакль дае тэатру і гледачам глыток свежага паветру, якім дыхаць — не надыхацца. Цяперашняя сітуацыя з вірусам ХХІ стагоддзя перакрыла кісларод многім творчым калектывам. Але хочацца верыць, што Маладзёжны тэатр і яго далёка не маладзёжная публіка, перажыўшы каранавірус, рассмакуюць выкшталцоную страву і тыя незабыўныя ўражанні, што крышталююцца ў perpetuum mobile мысленчых працэсаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"