Юбілейны “Лістапад” з рэкордамі

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

У гэтым годзе Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” святкуе сваё 15-годдзе, а фестывалю дзіцячых фільмаў “Лістападзік” споўніцца дзесяць гадоў. Чакаецца, што Мінск у межах “Лістапада” наведаюць шмат гасцей, сярод якіх кінарэжысёры Эмір Кустурыца, Кшыштаф Занусі, актрыса Барбра Брыльска. 17 верасня журналістамі быў прадстаўлены праект фестывалю.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін адзначыў, што ўпершыню за ўсю гісторыю “Лістапада” фестываль пакажа найбольшую колькасць айчынных фільмаў — 18.Будуць прадстаўлены тры прэм’еры 2008 года: “На спіне ў чорнага ката”, “Зграя” і “Шчыт Айчыны”, а таксама 7 кароткаметражных фільмаў, 3 анімацыйныя стужкі і 5 тэлевізійных фільмаў. Дарэчы, тэлефільмы будуць удзельнічаць у конкурсе ўпершыню — гэтае новаўвядзенне адбылося з-за вялікага попыту ў гледачоў на такія творы.“Пашырылася і геаграфія фестывалю: Нарвегія і Мексіка прадставяць на конкурс свае работы, — расказала дырэктар “Лістапада” Валянціна Сцяпанава. — Мексіканскі “Маўклівы свет” заваяваў ужо 23 узнагароды на міжнародных кінафестывалях, а нарвежскі “О’Хортэн” маладога рэжысёра Бента Хамера мае вялікую вядомасць у сваёй краіне. Усяго 55 краін прымуць удзел у “Лістападзе-2008”. А “Лістападзік” папоўніўся сёлета стужкамі з Кеніі, Эфіопіі, Ісландыі і Новай Зеландыі. У конкурсе будуць удзельнічаць 58 дзіцячых фільмаў.
Старшыня Мінскага МКФ народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі заўважыў, што вельмі значнай сёлета аказалася падтрымка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама. Фестываль пройдзе і ў абласных цэнтрах у межах акцыі “Мы — беларусы!”, а дзеці з дзіцячых дамоў змогуць паглядзець анімацыйныя і мастацкія фільмы ў сваіх установах.
У межах “Лістапада” адбудуцца такія цікавыя мерапрыемствы, як прэм’ера фільма Кшыштафа Занусі “Чорнае сонца”, майстар-клас Станіслава Гаварухіна, міжнародная панарама кінашкол, святкаванне юбілею стужкі “Белыя Росы”, сустрэчы з вядомымі артыстамі і дзеячамі кіно Наталляй Варлей, Кацярынай Васільевай, Андрэем Паніным, прадзюсерам Ніколем Герхардсам, японскім рэжысёрамІзуру Хумасака.Распачнецца кінафестываль 15 лістапада 2008 года вялікай імпрэзай у Палацы Рэспублікі: тут будзе паказана карціна “У кожнага сваё кіно”, якой адкрываўся шасцідзесяты Канскі кінафестываль. У гэтыя ж дні будзе святкавацца дваццацігоддзе Гільдыі кінаакцёраў Расіі, Украіны і Беларусі: яго адзначаць у Белдзяржфілармоніі гала-канцэртам з удзелам артыстаў трох краін.

С.Ю.