Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін адзначыў, што ўпершыню за ўсю гісторыю “Лістапада” фестываль пакажа найбольшую колькасць айчынных фільмаў — 18.Будуць прадстаўлены тры прэм’еры 2008 года: “На спіне ў чорнага ката”, “Зграя” і “Шчыт Айчыны”, а таксама 7 кароткаметражных фільмаў, 3 анімацыйныя стужкі і 5 тэлевізійных фільмаў. Дарэчы, тэлефільмы будуць удзельнічаць у конкурсе ўпершыню — гэтае новаўвядзенне адбылося з-за вялікага попыту ў гледачоў на такія творы.“Пашырылася і геаграфія фестывалю: Нарвегія і Мексіка прадставяць на конкурс свае работы, — расказала дырэктар “Лістапада” Валянціна Сцяпанава. — Мексіканскі “Маўклівы свет” заваяваў ужо 23 узнагароды на міжнародных кінафестывалях, а нарвежскі “О’Хортэн” маладога рэжысёра Бента Хамера мае вялікую вядомасць у сваёй краіне. Усяго 55 краін прымуць удзел у “Лістападзе-2008”. А “Лістападзік” папоўніўся сёлета стужкамі з Кеніі, Эфіопіі, Ісландыі і Новай Зеландыі. У конкурсе будуць удзельнічаць 58 дзіцячых фільмаў.
Старшыня Мінскага МКФ народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі заўважыў, што вельмі значнай сёлета аказалася падтрымка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама. Фестываль пройдзе і ў абласных цэнтрах у межах акцыі “Мы — беларусы!”, а дзеці з дзіцячых дамоў змогуць паглядзець анімацыйныя і мастацкія фільмы ў сваіх установах.
У межах “Лістапада” адбудуцца такія цікавыя мерапрыемствы, як прэм’ера фільма Кшыштафа Занусі “Чорнае сонца”, майстар-клас Станіслава Гаварухіна, міжнародная панарама кінашкол, святкаванне юбілею стужкі “Белыя Росы”, сустрэчы з вядомымі артыстамі і дзеячамі кіно Наталляй Варлей, Кацярынай Васільевай, Андрэем Паніным, прадзюсерам Ніколем Герхардсам, японскім рэжысёрамІзуру Хумасака.Распачнецца кінафестываль 15 лістапада 2008 года вялікай імпрэзай у Палацы Рэспублікі: тут будзе паказана карціна “У кожнага сваё кіно”, якой адкрываўся шасцідзесяты Канскі кінафестываль. У гэтыя ж дні будзе святкавацца дваццацігоддзе Гільдыі кінаакцёраў Расіі, Украіны і Беларусі: яго адзначаць у Белдзяржфілармоніі гала-канцэртам з удзелам артыстаў трох краін.
С.Ю.