Звычайная гісторыя

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Людскія захапленні ў фільмах Смартфільма
Дзявяты міжнародны кінафестываль мабільнага кіно VOKA Smartfilm сёлета ладзіўся пад слоганам “Сезон (не)звычайных гісторый”. Сотні кінематаграфістаў з 75 краін, даслаўшы свае работы на беларускі фэст, імкнуліся вызначыць для сябе, што ёсць для іх тая самая звычайная незвычайнасць. І, абапіраючыся на выбар прафесійнага журы, дазволім сабе выснову, што ў фокусе ўвагі аўтараў апынуліся ў першую чаргу людскія захапленні і жарсці — як прыкмета жыцця і яго вартасці. Ды, вядома, каханне, якое перамагае ўсё.

/i/content/pi/cult/796/17119/015.JPGНагадаю, прафесійнае журы ў складзе сямі адмыслоўцаў ацэньвала больш за тры сотні карцін (363), знятых на мабільны тэлефон, (а ўсяго заявак было даслана больш за 700 з 75 краін). Праграму кінакрытыкі і кінематаграфісты ахарактарызавалі як нядрэнную, часам нават парадаксальную, але можна ўзважыць аб’ём работы, праведзены экспертамі.

Урэшце, прыгледземся да пераможцаў форуму.

Трэцюю прызавую прыступку на фестывалі заняла іракская стужка Джубраіла Абубакера “Класіко вайна ў Іраке”. У цэнтры яе — не пэўны мілітарысцкі канфлікт, як можна напачатку падумаць, а захапленне мясцовага насельніцтва... футболам. У самой назве фільма абыгрываецца тэрмін “эль-класіко”, які пазначае знакамітае шматгадовае супрацьстаянне двух футбольных клубаў — мадрыдскага “Рыалу” і каталонскай “Барселоны”. Так вось, у Іраке “эль-класіко” жывее ўсіх жывых. На гарадскіх вуліцах і ў кафе падчас футбольных матчаў кіпяць такія жарсці, — што мала не пакажацца. Вулічныя гандляры “падымаюць” на атрыбутыцы клубаў немалыя грошы. Паліцэйскія выязджаюць на месцы прагляду матчаў, каб супакоіць тых, хто нежартоўна “разышоўся”. Словам, у фільме дэманструецца “эль-класіко” ўжо не футбалістаў, а заўзятараў на іракскі манер. Аўтар паказвае нам краіну, што пасля грамадзянскіх войнаў здымае стрэс, урэшце, у войнах футбольных. І гэта захапленне, часам нават і небяспечнае, усё ж такі разбівае пэўныя стэрэатыпы ў дачыненні да шматпакутнай краіны.

Ідзем далей. Імя беларуса Юрыя Сямашкі ўжо мусіць быць вядомае прыхільнікам Смартфільма. Летась яго стужка “ЦеЛа” трапіла ў лік фіналістаў фестывалю мабільнага кіно. У конкурсе гэтага сезона рэжысёр паўдзельнічаў двума работамі - “Нявольнік жэсці” і “Ультракароткія гісторыі”, — і не быў абдзелены ўвагай. Журы прысудзіла другое месца маладому кінематаграфісту.

Творы Юрыя Сямашкі маюць даволі спецыфічную настраёвую яршыстасць, якую можна аднесці, пэўна, да “панкаўскай”. У прыватнасці, герой яго стужкі “Нявольнік жэсці” захапляецца “чорнай” паэзіяй, ад якой нават яго сябрам становіцца млосна. У анімацыйных замалёўках “Ультракароткія гісторыі” “чорнага гумару” таксама хапае, як, да слова, і розных анімацыйных тэхнік. Юрый, можна сказаць, выкрышталізоўвае сваё аўтарскае бачанне, шукаючы яму адпаведную кінаформу. І хочацца спадзявацца, што тая самая — найлейпшая форма — будзе знойдзена.

Першае месца — і ўкраінская карціна “Зялёны дом” Валерыя Грышы. Рэжысёр, які з’яўляецца студэнтам першага курса Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, распавядае нам гісторыю захаплення адной сям’і — заўважым, “чырвоная лінія” захапленняў зноў нас не пакідае.

Мама і дачка ў сваім доме і ўчастку вырошчваюць расліны і дрэвы. Мама абагаўляе культуры, што прыносяць плады, дачка — кветкі. Кожны квадратны метр жытла і гарода жанчын упрыгожваюць ці то ружы, касачы і гэтак далей, ці то бананы, лімоны і гэтак далей. Паміж сваячкамі выспявае патаемная вайна за перавагу ўлюбёных зялёных “гадаванцаў”, але адкрыта канфліктаваць гераіні не ў стане. Толькі і застаецца, што ціхенька выкапаць арэшыну мамы, а маме зрабіць замах на ружы дачкі. Дасціпная работа, выкананая ў дакументальнай манеры, выяўляе знаёмыя людскія апантанасці, калі спыніцца не ў стане ні старшы, ні малодшы.

Сімпатыі гледачоў фестывалю — выбар народнага журы — выпаў на стужку “Адзін дзень” Вадзіма Теліцы, у цэнтры якой — малады чалавек на вазку, здолеўшы перажыць уласную траўму. Хлопец з актыўнай жыццёвай пазіцыяй у сучасны момант захоплены такім спартыўным накірункам як кросс-фіт — менавіта самаўдасканаленне дае Віктару жаданне рухацца далей і не спыняцца.

І, урэшце, Гран-пры. Вышэйшая ўзнагарода прафесійнага журы была прысуджна карціне маладой барысаўчанцы Эвяліны Безсонавай і яе карціне “86”. Згаданая ў назве лічба для беларусаў і ўсяго свету асацыюецца з Чарнобыльскай катастрофай, — і з гэтым анічога не зробіш. Аднак для кагосьці, нягледзячы ні на што, гэты год з’яўляецца і часам сустрэчы са сваёй каханай жанчынай. Гісторыю знаёмства сваіх бацькоў у 1986-м і распавядае нам юная Эвяліна, увасобіўшы сустрэчу таты і мамы ў фармаце чорна-белай рэтра-стылізацыі. Варта адзначыць у карціне выразнае, літаральна ў некалькі сцэн, аднаўленне эпохі 80-х, музычны шэраг, а таксама відавыя пераходы — калі ігравое кіно сыходзіць у дакументальнае.

— Гэта фільм, у якім ёсць душа, — пракаментаваў выбар журы кінакрытык і праграмны дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў.

Эвяліна Безсонава, якой няма і васямнаццаці, зрабіла кіно, якое дзіўным чынам высвеціла і знакавы час, і эпоху, і людскія лёсы. Яна расказала гісторыю сваёй сям’і — і злучыла пакаленні, раскрылася — і кранула кожнага з нас. Рэцэпт (не)ардынарнай гісторыі аказаўся простым: шчырасць і нечаканая форма. Ігравая пастаноўка, задзейнічанне фотаархіва і дакументальная споведзь бацькі аўтаркі — усё працуе на галоўную ідэю карціны.

Спадзяюся, што Эвяліна Безсонава прыцягне і далей свае кінематаграфічныя досведы.

Спартыўныя жарсці ў “Класіко вайна ў Іраке”, паэтычны марафон панкаўскіх вершаў у “Нявольніку жэсці”, раслінныя войны ў “Зялёным доме”, захапленне спортам як стымул да жыцця ў “Адным дні”... Каханне, што перамагае смерць, у “86”. У сезоне (не)звычайных гісторый правіць бал эмоцыі, — руйнуючы і напаўняючы жыццё людзей. Што сказаць, — звычайная гісторыя.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"