Выпрабаванне дылемай: анлайн ці афлайн?

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Няпростыя часы выжывання кінаіндустрыі
Сусветная кінаіндустрыя, як і астатнія сферы глабальнай эканомікі, падчас пандэміі каранавіруса апынулася на парозе выжывання. З-за ўведзенага рэжыму каранціна найбуйнейшыя кінасеткі ЗША і Кітая закансерваваліся на нявызначаны тэрмін, прэм’еры блакбастараў і вытворчасць новых карцін сышлі на пазнейшыя тэрміны, а мільёны людзей, занятыя кінапаказамі і здымкамі, ужо пазбавіліся працоўных месцаў. Беларуская кінасупольнасць, нават нягледзячы на адсутнасць каранціна ў краіне, таксама зведала выпрабаванне: часова закрыліся з-за незапатрабаванасці большасць дзяржаўных і прыватных кінатэатраў, а кінафэсты і некалькі прэм’ер беларускіх фільмаў перанесліся на пазнейшы тэрмін. Якія рызыкі цяперашні крызіс нясе айчыннаму кіно і якім яно будзе пасля яго заканчэння? Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі сфармуляваць ўдзельнікі анлайн-дыскусіі “Беларускае кіно ў перыяд крызісу”, арганізаванай Майстэрняй сацыяльнага кіно.

/i/content/pi/cult/796/17116/5S2.jpgСкарачэнне рэкламы

Першы ўдар на сябе прынялі “работнікі вытворчасці” — кампаніі, якія займаюцца стварэннем кінатэатральнага і тэлекантэнту.

Віктар Лабковіч, прадзюсар “Першай кінавідэакампаніі”, дзе былі створаны “Дэбют” Анастасіі Мірашнічэнка, што вылучаўся на “Оскар” ад Беларусі, “Унутры сябе” Сяргея Талыбава ды іншыя праекты, распавёў, што прадпрыемства ўжо фіксуе падзенне выручкі на 70 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Гэты фактар, па словах бізнесмена, адаб’ецца на актыўнасці кампаніі пасля нармалізацыі сітуацыі з інфекцыяй.

 — Не думаю, што ў Беларусі цяпер знойдуцца людзі, якія будуць інвеставаць у продакт-плэйсмэнт (платныя згадкі брэндаў у фільмах - заўв. рэд.). Хоць ён здольны добра прадаваць прадукт, але ў большасці прадпрыемстваў зараз іншая задача — выжыць. Даход ад рэкламы, я мяркую па тэлебачанні і радыё, упаў на 60 — 70 працэнтаў <...> І хоць попыт на тэлебачанне і радыё істотна вырас, але бізнес траціць цяпер гэтыя грошы, каб падтрымаць сваіх супрацоўнікаў заработнай платай.

Пры гэтым кампанія працягвае працу — здымае вертыкальны серыял для тэлеканала ВТВ, заключае дамовы з расійскімі анлайн-кінатэатрамі па продажы правоў на ўласныя фільмы.

Перанос прэм’ер

У няпростай сітуацыі апынуліся і стваральнікі прыгодніцкага трылера “Забароненая зона”, знятага Мітрыем Сямёнавым-Алейнікавым па замове Міністэрства культуры. Прэм’ера фільма двойчы пераносілася, а затым і зусім ссунулася на 25 чэрвеня. Вось што распавядае прадзюсар праекта Андрэй Ліпаў.

 — Мы здалі кіно, усе дакументы гатовыя. Вельмі хацелася запусціцца напярэдадні Чарнобыльскай аварыі (23 красавіка - заўв. рэд.), паколькі ў нас па сюжэце часткова закранута гэтая тэма. Потым разлічвалі выйсці 30-га красавіка, але таксама нічога не атрымалася. Нават тыя пазітыўныя чаканні, што ў нас былі, не апраўдваюцца. Таму мяняем тактыку — робім упор на інтэрнэт-платформы. У нас падпісаны кантракт з расійскім дыстрыб’ютарам, мы атрымалі фінансавыя гарантыі, і зараз чакаем астатні транш сродкаў.

Калі новая дата прэм’еры — 25 чэрвеня, па словах Андрэя Ліпава, не спраўдзіцца, акцэнт будзе зроблены менавіта на анлайн-рэлізе.

Пры гэтым вытворчы кінапрацэс у краіне, у адрозненне ад Украіны ці Расіі, не застыў. Пра гэта таксама распавёў прадзюсар “Забароненай зоны”, які прадстаўляе кампанію “Медыя Куб”.

 — З арэндай тэхнікі пакуль дрэнная сітуацыя, — канстатуе ён. — Многія праекты, што з пачатку красавіка павінны былі здымацца, адкладзены ў “доўгую скрыню”. З улікам таго, што ў Расіі рыхтавацца да новых праектаў немагчыма (каранцін — заўв. рэд.), мы пачынаем атрымліваць заказы ў Беларусі. Адзін невялікі праект плануецца ў маі, на пятнаццаць змен, і адзін — на шэсцьдзясят змен — пазней. Усё ж такі тое, што ў нас няма каранціна, дапамагае.

Андрэй Ліпаў лічыць, што ад крызісу пацерпяць больш шараговыя спецыялісты кінаіндустрыі.

— Яны ўсе фрылансеры — працуюць па дамове падраду, — зазначае кінематаграфіст. — І зарабляюць толькі тады, калі праекты здымаюцца. Калі іх не забяспечыць працай цяпер, невядома ці застануцца яны потым у прафесіі.

Кіназалы пустуюць...

Пазіцыю кінапракатчыкаў агучыў Павел Скалабан, генеральны дырэктар мінскага Кінавідэапракату. 12 з 13 кіназалаў сталіцы сёння аказаліся “замарожаныя” — людзі перасталі іх наведваць з-за перасцярогі заражэння і адсутнасці цікавых прэм’ер. На дадзены момант працуе толькі мультыплекс “Беларусь”.

— Тое, што паказаў няма, не значыць, што гэтыя кінатэатры зачыненыя — там ёсць персанал, які абслугоўвае апаратуру і памяшканне, падтрымлівае іх у працоўным стане, — адзначае кіраўнік сталічнай сеткі кінапракату. — Кінапаказы ў “Беларусі” ладзяцца ўвечары: усяго прыкладна 9 — 10 сеансаў у суткі. Зразумела, што глядач у кіно практычна не ходзіць, а тая плынь, што ёсць, складае 2 працэнты ад той аўдыторыі, якую мы бачылі ў студзені і лютым гэтага года.

Пры гэтым гендырэктар разлічвае на падтрымку з боку дзяржавы — адмену падатка за арэнду памяшканняў, што знаходзяцца ў дзяржуласнасці.

 — Мы думаем, што з канца чэрвеня — пачатку ліпеня гледачы паволі будуць вяртацца ў залы, — дзеліцца сваімі прагнозамі Павел Скалабан. — Гэта будзе залежыць ад дзвюх рэчаў: эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і выхаду сусветных рэлізаў. Да верасня, мяркую, пачнуць працаваць усе кінатэатры, таму што вяртанне публікі ў кіназалы ў любым выпадку будзе паступовым.

Кінафэсты, якія пайшлі ў анлайн

Пакуль відавочна, што з усіх беларускіх кінафорумаў ад крызісу пацярпеў фэст, які ладзіцца ўвесну, — “Паўночнае ззянне”, пляцоўка для паказу карцін краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Яго арганізатарка і прадзюсарка дакументальнага кіно Воля Чайкоўская прызнаецца, што не разлічвала на падобную сітуацыю.

 — У сакавіку, калі была ў Празе на пітчынгу East Doc Platform, мне сталі тэлефанаваць дацкія і латвійскія партнёры з нагоды “Паўночнага ззяння” і пытацца, ці не думаю я перанесці фестываль — вось літаральна перад закрыццём транспартных межаў. Тады складана было ўявіць, што ўсё зойдзе настолькі далёка, — распавядае яна. — Я думала, што калі ў Беларусі не абвесцяць каранцін, не буду нічога пераносіць. Але за пару дзён сітуацыя змянілася — і мы адклалі фэст на восень — канкрэтнай даты пакуль няма. Так вырашылі, таму што госці з Даніі, Швецыі, Эстоніі зараз прыляцець не здолеюць. Магу зазначыць, што рашэнне было прынята своечасова, — мы не страцілі наш рэкламны бюджэт дарэмна.

Пры гэтым частка замежных фестываляў — Docudays ва Украіне, Visions du Reel у Швейцарыі, CPH Docs у Даніі — не змаглі перанесці даты правядзення і вырашылі паказваць фільмы з праграмы ў рэжыме анлайн, ператварыўшыся на час у сапраўдныя анлайн-кінатэатры. Арганізатарка “Паўночнага ззяння” лічыць, што падобная сітуацыя, калі ўсё болей фестываляў будуць абіраць фармат анлайн-паказаў, можа прывесці да з’яўлення “страчанага пакалення фільмаў”, змяніць класічную культуру кінапрагляду.

 — Гэта супербеспрэцэдэнтны выпадак, — абмалёўвае сітуацыю прадзюсарка. — Фэсты, якія праходзяць цяпер у анлайне, сталі перад выбарам: альбо яны ладзяцца, альбо прапускаюць гэты год. Канчатковае рашэнне было за спонсарамі, якія падтрымліваюць фестываль — і яны пайшлі на такі крок.

Але ў той жа час Вольга Чайкоўская канстатуе, што віртуальныя прэ’меры для многіх прадзюсараў, міжнародных рэжысёраў сталі сапраўдным выпрабаваннем — яны не адчуваюць смаку кінападзеі.

— А творчым людзям патрэбны водгук, адчуванне прэм’еры, і такая сітуацыя іх вельмі палохае, — апісвае змены ў фестывальным жыцці кінематаграфістка. — Магчыма, цяперашні крызіс створыць трэнд на тое, што будуць існаваць некалькі варыянтаў удзелу ў кінафорумах: і анлайн, і афлайн. Але тут узнікае шмат пытанняў з пункту гледжання правоў на карціны, таму што фэсты б’юцца за магчымасць прэм’ернага паказу для гледачоў, якія прыйдуць у кінатэатр у канкрэтным горадзе. А анлайн-прэм’ера можа пазбавіць кінапраекты пракату, далейшай фестывальнай гісторыі. Можа быць, паняцце “прэм’еры” ўвогуле трансфармуецца ў выніку падзей, што складваюцца. Фэсты больш не будуць змагацца за “прэм’ерныя” паказы, і гэты фактар стане цалкам не важным.

Запісаў Тарас Тарналіцкі, кінажурналіст