Суворая праўда таямнічых казематаў

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Жалезабетонныя сведчанні подзвігу на лініі абароны просяць... абароны
Ужо неўзабаве свет адзначыць 75-годдзе Перамогі над нацызмам. Чым далей ад нас гады Вялікай Айчыннай вайны, тым меней, на жаль, застаецца жывых сведкаў тых трагічных і гераічных падзей, адыходзяць ад нас ветэраны, удзельнікі баявых дзеянняў і нягод акупацыі, ахвяры гітлерызму. Добра, калі сёння яшчэ ўдаецца запісаць часцінку ўспамінаў непасрэдных відавочцаў, зберагчы іх і перадаць наступным пакаленням. Але сляды вайны захоўваюцца не толькі ў памяці людзей, а і ў помніках, якія пакінула па сабе ліхалецце.

/i/content/pi/cult/796/17115/010.JPGВайна да непазнавальнасці змяніла аблічча краіны. Ад бамбардзіровак і артылерыйскіх абстрэлаў, ад карных акцый захопнікаў не толькі гінулі людзі, але нішчылася забудова гарадоў, мястэчак і вёсак. Багата ў Беларусі засталося знакаў трагедыі, разбурэнняў і спусташэнняў, прынесеных вайной. Але захаваліся ў навакольных краявідах і матэрыяльныя сведчанні мужнасці абаронцаў нашай зямлі. Калі казаць пра баявыя дзеянні і гераізм воінаў, то непасрэднымі нямымі сведкамі іх подзвігу засталіся да нашых дзён лініі абарончых умацаванняў — жалезабетонных дотаў, якія і сёння ўражваюць гледача сваім магутным ды суворым выглядам, і вабяць загадкамі мінулага, схаванымі ў іх таямнічых казематах.

Праект легендарнага генерала

У Беларусі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў збудаваны цэлы шэраг умацаваных раёнаў. Іх стварэнне пачалося ў Савецкім Саюзе ў 1927 годзе, на ўсёй лініі заходняй мяжы, пачынаючы ад Карэльскага перашыйка да Чорнага мора. У першай палове 1930-х па ўсім СССР было ўзведзена трынаццаць умацаваных раёнаў, а ў 1938 распачалося будаўніцтва яшчэ васьмі. З іх ліку на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся Полацкі, Мінскі, Слуцкі і Мазырскі УРы.

У 1939 годзе, калі да Савецкага Саюза была далучаная прынамсі Заходняя Беларусь, на новай мяжы БССР паўсталі яшчэ два ўмацаваныя раёны — Гродзенскі і Брэсцкі. Умацаванні на старой мяжы, зацверджанай Рыжскай мірнай дамовай 1921 года, заходнееўрапейская прэса ахрысціла “Лініяй Сталіна”, а абарончы рубеж на новай мяжы 1939 года неўзабаве атрымаў назву “Лінія Молатава” — па прозвішчы савецкага наркама замежных спраў. Не дзіва, што такія гучныя найменні прыжыліся і дайшлі да нашых дзён — бо ў СССР гэтыя лініі ўмацаванняў папросту не мелі нейкай адзінай назвы. Тым больш дзіўна часам чуць сёння прэтэнзіі, што гэтыя найменні, нібыта, захоўваюць сляды савецкай ідэалогіі — усё-ткі, з мінулага нельга выкрасліць тое, што ў свой час менавіта так і называлася ва ўсім свеце.

Гісторыя гэтых умацаваных раёнаў надзвычай разнастайная і трагічная. Яшчэ да вайны вакол іх мэтазгоднасці і абаронапрыдатнасці разгортваліся гарачыя дыскусіі, якія часта сканчваліся абвінавачваннямі ў бок тагачасных камандзіраў Чырвонай арміі і фартыфікатараў. Многія з іх не пазбеглі рэпрэсій, але тыя, хто перажыў 37-мы, пасля справай даказалі сваю невінаватасць, прафесіяналізм і мужнасць. Напрыклад, славуты генерал Дзмітрый Карбышаў, які праектаваў абарончыя ўмацаванні на тэрыторыі БССР і менавіта ў чэрвені 1941 года інспектаваў будаўніцтва Гродзенскага УК, трапіў у акружэнне, быў узяты ў палон, але не пайшоў на супрацоўніцтва з ворагам і быў закатаваны нацыстамі ў канцлагеры Маўтхаўзен.

Горка толькі ад таго, што недальнабачнасць і шпіёнаманія часткі савецкага кіраўніцтва не дазволілі цалкам рэалізаваць планы дасведчаных фартыфікатараў і завяршыць падрыхтоўку ўмацаваных раёнаў да абароны. У віхуры падзей апошніх даваенных гадоў выйшла так, што пасля далучэння да СССР Заходняй Беларусі і заходняй часкі Украіны старая лінія ўмацаванняў была закансерваваная і яе штат скарочаны, а новая — яшчэ толькі пачала будавацца і абсталёўвацца. І тым не менш, нават у такіх умовах, з пачаткам вайны ўмацаваныя раёны Беларусі адыгралі сваю важкую ролю.

Памяць сцерці не ўдалося

Сёння часам можна пачуць галасы скептыкаў: маўляў, ніякіх баёў на “Лініі Сталіна” не было, яна зусім не выканала сваіх функцый. Але ж успаміны ўдзельнікаў і сведкаў абароны ў чэрвені 1941-га і дакументы абодвух ваюючых бакоў сведчаць аб адваротным. Ды й дастаткова толькі агледзець самі бетонныя ўмацаванні, каб ясна пабачыць сляды абстрэлу, разбурэнняў, выбухаў падчас штурму. Найбольш яскрава сведчаць аб эфектыўнасці Мінскага ўмацаванага раёна пад Заслаўем акурат нямецкія дакументы, аўтараў якіх цяжка западозрыць у перадузятасці на карысць абаронцаў.

Адзін з найбольш яскравых эпізодаў — абарона адзінага ў Мінскім УРы паўнавартаснага артылерыйскага капаніра ля вёскі Мацкі. Яго абаронцы здолелі затрымаць наступ нямецкіх танкавых частак на Мінск з боку старога Віленскага тракта. Жалезабетонная крэпасць абаранялася ажно да 29 чэрвеня, калі нацысты ўжо захапілі Мінск — але на гэтым кірунку іх дзеянні былі скаваныя. Гарнізон капаніра здолеў вырвацца з акружэння — прычым адметна, што абаронцаў ад пачатку было ўтрая менш, чым прадугледжваў штатны расклад, а боекамплекту для гармат ставала толькі на некалькі гадзін інтэнсіўнага боя — тым не менш, дзякуючы прадуманым дзеянням, абарону ўдалося пратрымаць тры дні.

Доты на старой мяжы 1939 года так даліся захопнікам у знакі, што падчас акупацыі яны нават узяліся мэтанакіравана іх нішчыць. Так, у Мінскім умацаваным раёне на яго паўночным флангу ў раёне Плешчаніц былі зруйнаваныя некалькі дзясяткаў кропак. Немцы не шкадавалі выбухоўкі, бо небеспадстаўна лічылі, што жалезабетонныя ўмацаванні, прыдатныя для абароны, могуць паслужыць добрымі базамі для партызан. Але разбуральнікі, на шчасце, не здолелі давесці задуманае да канца — калі справы на фронце для іх пачалі пагаршацца, гітлераўцам стала ўжо не да таго.

Дом на доце, дот на гародзе...

Доўгія дзесяцігоддзі пасля вайны ўмацаваным раёнам Беларусі не надавалася належнай увагі. Вакол іх да непазнавальнасці змяняўся ландшафт, вырасталі новыя дачныя пасёлкі, доты аказваліся ў межах населеных пунктаў. Часам людзі ставіліся да гэтых збудаванняў без належнай пашаны — засмечвалі іх, выкарыстоўвалі для захоўвання сельскагаспадарчага інвентара... У наш час можна пабачыць, як доты, дзе змагаліся і гінулі абаронцы Радзімы, выкарыстоўваюцца нашымі сучаснікамі ў якасці склепаў, дзе захоўваюць гародніну і хатнія нарыхтоўкі. Дзе-нідзе сустракаюцца нават дамы, збудаваныя проста на дотах, выкарыстаных у якасці фундамента.

Толькі ў 2000-х пэўныя жалезабетонныя абаронцы дачакаліся належнага ўшанавання. Сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці з умацаваных раёнаў міжваеннага часу маюць толькі каля паўсотні дотаў і капаніраў 68-га Гродзенскага УР у раёне Аўгустоўскага канала, тры доты на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, а таксама некалькі збудаванняў, аб’яднаныя ў гісторыка-культурны комплекс ”Лінія Сталіна“ непадалёк ад Заслаўя.

Агулам жа лік дотаў і капаніраў міжваеннага часу, гарнізоны якіх мужна абараняліся ў першыя дні Вялікай Айчыннай, ідзе на сотні. Дзе-нідзе, нават не маючы статуса помніка, яны, тым не менш, належна ўшанаваныя — так, напрыклад, музеефікаваны дот уваходзіць у склад гісторыка-культурнага запаведніка “Заслаўе”, некалькі такіх збудаванняў знаходзяцца на тэрыторыі філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — ваенна-гістарычнага комплексу “Мінскі умацаваны раён”, што ў Станькаве ля Дзяржынска. Пяць дотаў Полацкага ўмацаванага раёна адноўленыя ў складзе гісторыка-культурнага комплексу “Поле ратнай славы” каля вёскі Гомель. Летась была ўсталяваная памятная шыльда і на адным з дотаў Мазырскага ўмацаванага раёна на Петрыкаўшчыне.

Захаваць ацалелае

Але часам адсутнасць статусу помніка прыводзіць і да сумных наступстваў — так, напрыклад, падчас будаўніцтва Другой мінскай кальцавой аўтадарогі ў 2014 — 2016 гадах быў знішчаны шэраг дотаў Мінскага ўмацаванага раёна. Дот на пярэднім краі абароны ля вёскі Ашнарава быў засыпаны на тэрыторыі пяшчанага кар’ера — тая страта тым больш крыўдная, што менавіта на сцяне гэтага збудавання можна было пабачыць арыгінальны надпіс даваеннага часу, рэпліка якога адноўленая ў адным з капаніраў гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”: “Мы стоим за мир, и не боимся угроз, и готовы ответить ударом на удар по поджигателям войны!” Так, на жаль, было страчана каштоўнае сведчанне той слаўнай эпохі.

Сёння занепакоенасць выклікае і лёс некаторых збудаванняў Полацкага ўмацаванага раёна. Тутэйшыя энтузіясты звяртаюць увагу, што шэраг дотаў неўзабаве мусіць апынуцца ў непасрэднай блізкасці да пяшчанага кар’ера, які будзе створаны для будаўніцтва новага маста праз Заходнюю Дзвіну, і транспартнай развязкі ў раёне Баравухі. Краязнаўца Уладзімір Камісараў, які стала займаецца вывучэннем гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна, адзначае, што ў гэтых мясцінах у ліпені 1941 года адбываліся зацятыя баі, падчас якіх абаронцы здолелі доўгі час стрымліваць наступ нямецкіх войск. Тым больш, забітых падчас баёў часта хавалі тут жа, таму на навакольнай тэрыторыі могуць знаходзіцца і яшчэ не знойдзеныя парэшткі воінаў. Энтузіясты ўжо звярнуліся ў мясцовыя органы ўлады з просьбай зберагчы абарончыя збудаванні, і атрымалі адказ, што да дотаў паставяцца з належнай увагай і захаваюць іх ад знікнення. Цяпер неабыякавыя грамадзяне спрабуюць дамагчыся ўсталявання тут памятнага знака і прапаноўваюць разгледзець магчымасць надання дотам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Як бачым, аб’екты фартыфікацыі, звязаныя з гісторыяй першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, ёсць у многіх раёнах Беларусі. Добра, калі ў тых мясцінах, дзе яны захаваліся, знаходзяцца і людзі, ахвочыя апекавацца імі і зберагаць памяць для нашчадкаў. Застаецца спадзявацца, што цікаўнасць як мясцовых улад, так і ўсяго грамадства да гэтых збудаванняў і іх гісторыі будзе ўзрастаць, а захады па іх захаванні і добраўпарадкаванні стануць больш актыўнымі.