Клятва медыка, адлітая ў бронзе

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Саюз мастакоў Беларусі мае намер абвясціць конкурс на стварэнне помніка беларускім медыкам, якія, ахвяруючы сваім здароўем, а калі нават і жыццём, ратуюць нацыю ад каранавіруса. Так, краіна мусіць ведаць сваіх герояў.

/i/content/pi/cult/796/17114/09.JPGПандэміі, гэта значыць эпідэміі, што ахоплівалі ўвесь свет альбо тую прастору, якая ў розныя часы лічылася гэтым самым “усім светам”, неадменны чыннік развіцця цывілізацыі. І гінула ад іх людзей не меней, а то і болей чым ад войн, якія, на жаль, таксама суправаджаюць чалавецтва на працягу ўсёй ягонай гісторыі. А паколькі ў часы панавання рэлігійнай свядомасці прымалася за аксіёму, што ўсё ад Бога — і пакуты за грахі, і збавенне праз пакаянне, дык і помнікі ўдзячнасці, што паўставалі на плошчах еўрапейскіх гарадоў пасля таго, як хвароба адступала, мелі рэлігійны змест і лад. Звычайна гэта калона, увенчаная скульптурай Маці Божай, а на ніжніх ярусах помніка — святыя, якія паводле спецыялізацыі апякаюць хворых і паміраючых. Сярод гэтых помнікаў ёсць сапраўдныя шэдэўры.

Мы больш прагматычныя за нашых продкаў, і нават прымаючы на ўзроўні падсвядомасці прысутнасць нейкай найвышэйшай сілы, якая кіруе Сусветам, схільныя думаць, что дзейнічае яна, прынамсі — у станоўчых праявах, усё ж такі праз канкрэтных людзей. У дадзеным выпадку праз тых, хто ва ўмовах экстрыму застаецца верным клятве Гіпакрата.

Стварэнне такога помніка мастакі лічаць сваім грамадзянскім абавязкам. Паводле слоў старшыні творчага саюза, помнік мусіць стаць сімвалам удзячнасці беларускай грамады людзям, якія і ў мірны час як на вайне. Сама ідэя помніка медыкам — гэта народная ініцыятыва. Тыя, хто сочыць за Сецівам, ведаюць, што менавіта ў гэтай інфармацыйнай прасторы была агучана думка пра актуальнасць стварэння Алеі славы беларускай медыцыны. Потым з прапановай распрацаваць эскіз мемарыяла звярнуліся да вядомага беларускага скульптара. Грошы, маўляў, збярэ грамада. Ён жа адказаў, што, беручы да ўвагі значнасць праекта, у ім абавязкова мусіць удзельнічаць дзяржава, а лепшы праект трэба вызначаць на конкурснай аснове. Цяпер да справы далучыўся Саюз мастакоў, кіраўніцтва якога чакае, што чынны ўдзел у справе возьме Міністэрства культуры.

А для пачатку творчы союз пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў будзе ладзіць дабрачынны аўкцыён. Мастакам прапанавана даць па адным творы, сродкі ад продажу якога пойдуць на дапамогу медыкам.

Першая, з чым трэба будзе вызначыцца — гэта канцэпцыя помніка. Магчыма гэта будзе знак у гонар медыцыны ўвогуле і ўсіх пакаленяў медыкаў, а можа ён будзе адлюстроўваць канкрэтную сітуацыю, у якой мы зараз знаходзімся і якая павінна мець канчатковую перамогу над канкрэтнай хваробай. Рабіў жа ў 1942 годзе Георгій Заборскі эскізы помніка Перамогі для Мінска. Атрымалася, як ў ваду глядзеў… Не падлягае сумневу, што помнік мусіць паўстаць у сталіцы і стаяць на тым месцы, якое ў вачах грамады з’яўляецца прэстыжным. Паводле нашай практыкі, ад зацвярджэння эскіза да ўрачыстага адкрыцця помніка праходзіць не меней года. Так што калі справа пойдзе на лад, у красавіку 2021-га яшчэ адзін знакавы мастацкі аб’ект удзячнай памяці людзей упрыгожыць сталіцу.

Дарэчы, адзіны ў Беларусі помнік медыкам (на здымку) быў адкрыты летась на тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, пра які мы ўжо згадвалі на старонках нашай газеты.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"