Адчуць вібрацыі Віцебска супрэматычнага

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Віртуальная выстава на плошчы Якуба Коласа ў гонар УНОВИС
Дзявяты сезон праекта “Мастак і горад”, прысвечаны 100-годдзю творчага аб’яднання УНОВИС, стартуе 14 мая. Але на гэты раз па традыцыйнай пляцоўцы праекта — мінскай плошчы Якуба Коласа — можна будзе прайсціся віртуальна, і паглядзець у рэжыме анлайн працы 16-ці сучасных віцебскіх мастакоў, якія ў сваёй творчасці з’яўляюцца спадкаемцамі ідэй УНОВИС.

/i/content/pi/cult/796/17113/08.JPGУ віртуальнай прасторы “Мастак і горад” адкрыецца ўпершыню, але разам з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі праект плануе перайсці і ў афлайн, і тады карціны можна будзе пабачыць не праз экран камп’ютара, а на рэальных стэндах на сталічнай плошчы. А пакуль усім цікаўным прапануецца зайсці на сайт higminsk.by і паглядзець выставу, не выходзячы з дому. У анлайн-лакацыі плошчы Якуба Коласа ў панарамным фармаце будуць размешчаны кубічныя канструкцыі з рэпрадукцыямі карцін, і гэты куб наведнікі сайта змогуць агледзець з усіх бакоў. Калі націснуць на карціну, яна адкрыецца ў фармаце высокай якасці.

Дарэчы, у 2012 годзе праект “Мастак і горад” пачынаўся з прысвячэння славутаму віцябчаніну Марку Шагалу. Сёлета ж у экспазіцыі — 32 працы віцебскіх мастакоў, якіх можна назваць паслядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча. Частка з іх уваходзіць у творчае аб’яднанне “Квадрат” — Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў і Валерый Чукін.

— У Віцебску і было, і ёсць сваё ўнікальнае культурнае асяроддзе, у якім працягваюць нараджацца новыя ідэі, — расказвае дырэктар музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” Андрэй Духоўнікаў. — Можна казаць пра сувязь з самымі вялікімі імёнамі, можна праводзіць паралелі, але віцебскія мастакі — гэта яскравыя асобы і індывідуальнасці. У іх творчасці гучыць Віцебск, гучаць людзі, і гэтыя вібрацыі можна адчуць, калі ўбачыць карціны.

Ідэяй праекта “Мастак і горад” ад самага пачатку быў выхад мастацтва па-за сцены карцінных галерэй, музеяў і прыватных калекцый у публічную гарадскую прастору. Ужо ёсць вопыт, калі з мінскай плошчы Якуба Коласа мастацкая калекцыя пераязджала на вуліцы Віцебска і Брэста. Сёлетні анлайн-фармат дазволіць пайсці нашмат далей — яе змогуць пабачыць не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце, карціны сучасных віцебскіх мастакоў будуць даступныя ў любой кропцы планеты. Таксама ў планах пераезд рэальнай экспазіцыі з Мінска ў Віцебск — на радзіму творчага аб’яднання УНОВИС.

Праект рэалізуецца Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура сумесна з камунікацыйнай кампаніяй GBS пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”. Генеральны партнёр праект “Мастак і горад” — банк ВТБ (Беларусь).