У анлайн-цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, Пастаянны каардынатар ААН у Мінску Іаана Казана-Вішнявецкі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі.
Міжнародны дзень дэлегата быў усталяваны летась рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, прынятай па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь, і адзначаецца 25 красавіка. Менавіта ў гэты дзень 75 гадоў таму пачала сваю працу канферэнцыя ў Сан-Францыска, якая прывяла да стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Акрамя агульнай дэлегацыі СССР, у канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945 годзе ўдзельнічалі дэлегацыі дзвюх савецкіх рэспублік, якія найбольш пацярпелі ад вайны — Беларускай і Украінскай. Беларускую савецкую сацыялістычную рэспубліку прадстаўлялі народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў, навукоўцы Антон Жэбрак, Уладзімір Перцаў, Георгій Байдакоў і Фрол Шмыгаў, а таксама пісьменнік Міхась Лынькоў, які прымаў удзел у якасці карэспандэнта. Канферэнцыя завяршылася 26 чэрвеня 1945 года падпісаннем статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкi з архiваў ААН, якiя раней не дэманстраваліся публічна, а таксама артэфакты з архіва Мiнiстэрства замежных спраў, у тым ліку — асабiстыя рэчы беларускiх дыпламатаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Выстава працягнецца да 24 мая. Тыя, хто не здолее наведаць экспазіцыю ў памяшканні музея, маюць магчымасць азнаёміцца з віртуальнай экскурсіяй на сайце ўстановы і яе старонках у сацыяльных сетках.