Не пад прымусам і не па загадзе...

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Калі дыстанцыя яднае людзей
Прызнаюся шчыра: яшчэ колькі гадоў таму не сказаць, каб першачарговае значэнне надаваў аглядам нашай пошты. Падавалася, што гэта дзяжурны абавязак і трэба яго выконваць, бо… проста трэба. Толькі цяпер, калі цяжкі інфаркт стаў прычынай майго “нявыезду” ў раёны, толькі цяпер, пасля ўсведамлення памераў пандэміі разумею, што тыднёвы агляд рэдакцыйнага ліставання — адзіны масток, што звязвае мяне з сапраўдным і непадманным жыццём за абсягамі акружной дарогі. Толькі дзякуючы такому стасункаванню магу арыентавацца ў нюансах рэгіянальнага культурнага шчыравання. І толькі дзякуючы гэтаму маю штотыднёвую магчымасць выказаць чытачу свае меркаванні наконт таго, што хвалюе ў дадзены момант.

/i/content/pi/cult/795/17103/014.JPGСамы важны, на мой погляд, сённяшні нюанс нашых кантактаў: тыдзень таму на рэдакцыйны адрас прыйшло толькі тры пісьма, усе яны распавядалі пра дзейнасць работнікаў культуры ў аддаленым рэжыме. Цяпер плыня ліставання — зноў “паўнаводная”. Відавочна, што замест пэўнай разгубленасці без прамаруджвання прыйшла ўпэўненасць у тым, што і як неабходна рабіць. Я з усёй моцы пляскаю вам у далоні, шаноўныя прафесіяналы і адначасова нашы нязменныя чытачы!

Зноў радуе галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка. Тое, пра што піша Валянціна Мікалаеўна, смела можна змяшчаць пад рубрыку “Досвед, варты пераймання”. “Цягам трынаццаці гадоў, — распавядае аўтар, — светлагорскія бібліятэкі далучаюць чытачоў да ўдзелу ў сумесным праекце раённых аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ды ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне “Часовая працоўная занятасць навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час”. Дарэчы, з кожным годам колькасць ахвотных паўдзельнічаць у агульнай справе павялічваецца, але перавага аддаецца падлеткам са шматдзетных і прыёмных сем’яў. І гэта невыпадкова, бо ў юнакоў і дзяўчат ёсць магчымасць не толькі заняцца карыснай справай падчас вакацый, але і зарабіць грошы на асабістыя патрэбы. І калі раней школьнікі толькі рамантавалі кнігі з бібліятэчных фондаў, дык у апошнія два гады працоўныя межы праекта пашырыліся: хтосьці на аснове нарыхтовак вырабляе інфармацыйныя стэнды для гарадскіх, гарпасялковых і сельскіх бібліятэк, а хтосьці займаецца кветкаводствам. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выдаткавала на рэалізацыю праекта 3 772 рублёў. Сёлета ў акцыі ўдзельнічаюць 30 падлеткаў гарадскіх школ ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Усе яны працавалі ў раённай дзіцячай ды гарадской бібліятэках. Зрабілі 17 інфармацыйных стэндаў. Дзесяць удзельнікаў, у асноўным дзяўчынкі, высаджвалі хатнія кветкі для бібліятэчных устаноў.” Пазалішне казаць, што з усім гэтым клопатам можна справіцца дыстанцыйна.

Загадчык метадычнага аддзела цэнтралізаванай клубнай сістэмы Быхаўскага раёна Святлана Саламевіч піша: “Прайшоў трэці рэгіянальны конкурс вядучых гульнявых праграм “Майстры добрага настрою”. У сувязі з сітуацыяй многія конкурсы пераведзены на дыстанцыйную аснову. Таму творчыя работнікі Быхаўскага раённага цэнтра культуры вырашылі не адмяняць правядзенне чарговага мерапрыемства і наладзілі яго дыстанцыйна па відэазапісах”. Яшчэ адзін пераканаўчы доказ таго, што і ў клубнай установе павінен быць поўны набор сучаснай камп’ютарнай тэхнікі… Далей Святлана Саламевіч піша, што ў конкурсе бралі ўдзел дзевяць культарганізатараў Быхаўскага, Крычаўскага і Магілёўскага раёнаў. Разглядаліся гульнявыя праграмы для дзяцей і дарослых. Усе канкурсанты атрымалі ўзнагароды. Не здзіўляюся, бо не з чужых слоў ведаю, што метадысты на Магілёўшчыне — без пяці хвілін чараўнікі. Але не гэта галоўнае.

Гаворка пра тую сітуацыю, калі дыстанцыя яднае. Мы цудоўна разумеем, што адлегласць паміж людзьмі сёння — гэта доказ нашай адмысловай еднасці, пацвярджэнне таго, што мы хочам захаваць адзін аднаго, што мы дбаем пра нацыю, яе культуру і гісторыю. Мне патэлефанавалі з Украіны і пацікавіліся з недаверам, ці праўда, што беларусы ахвяравалі на барацьбу з каранавірусам у краіне больш за 2,2 мільёны долараў. З вялікім гонарам за суайчыннікаў я адказаў на пытанне станоўча. Ахвяравалі не пад прымусам, не па загадзе, а па вялікім асабістым жаданні “народам звацца”.

Яшчэ адзін відэа-конкурс. Гэтым разам — абласны. Пра яго распавяла загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. Гэта харэаграфічны конкурс называецца “Мы хочам танцаваць”. У ім бралі ўдзел 23 харэаграфічныя калектывы клубных студый і гурткоў без найменняў “узорны” і “народны”. “Удзельнікі пяці ўзроставых груп, — піша Ала Міхайлаўна, — прэзентавалі праграму з наступных танцавальных нумароў: народны, стылізаваны, эстрадны і сучасны. Лаўрэатамі першай ступені сталі ансамбль Strekoza Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Марына Яроменка), гурт “Улыбка” Відзаўскага ГДК Браслаўскага раёна (кіраўнік Ірына Грыгор’ева), ансамбль “Дзьмухаўцы” Мёрскай ДШМ (кіраўнік Наталля Варанько)…”

Віцебшчына прэтэндуе на крэатыў у творчым супрацьстаянні пандэміі. Увага, аматары і вышукальнікі цікавага творчага досведу! Карына Дыкленка, культуролаг Віцебскага раённага цэнтра культуры паведамляе пра тое, што стала куратарам сацыяльна-культурнага праекта “ВРЦКиТ #НАДОМАШНЕМ”. “З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, — піша яна, — калі многія пераходзяць у рэжым “самаізаляцыі”, а масавыя мерапрыемствы адмяняюцца, артысты Віцебшчыны падрыхтавалі комплекснае рашэнне для арганізацыі культурных падзей у бяспечным фармаце прамога эфіру. Інакш кажучы, наша ўстанова стварыла каляндар музычных падзей для культурнага адпачынку анлайн. Пілотны праект быў запушчаны 14 красавіка. Серыя анлайн-канцэртаў будзе ладзіцца да канца месяца з удзелам вакальных калектываў і салістаў Віцебскага раёна. Выхад у эфір ажыццяўляецца ў афіцыйных сацыяльных сетках штодня ў 19. 00”. Усё вялікае, як той казаў, насамрэч вельмі проста робіцца. Калі ў шапку не спаць, натуральна. Далей Карына Анатольеўна распавядае пра тое, што 14 красавіка такім чынам выступіў народны ансамбль народнай песні “Раніца”, 15 красавіка — блогер, спявачка і загадчыца Капцянскага Дома культуры, а з 16 па 18 красавіка штодня — спевакі і шоумэны Станіслаў Пазюк, Юлія Ракала і Уладзімір Княжышча. Апошні — загадчык аўтаклуба Віцебскага раёна. І гэта яшчэ не ўсё. У рамках праекта арганізавана дабрачынная акцыя “Добрыя справы”, якая скіравана на падтрымку медыцынскіх работнікаў Віцебскага раёна і Віцебска. 15 красавіка супрацоўнікі Цэнтра культуры перадалі медыцынскія маскі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама іншым медыцынскім установам раёна. І яшчэ. на базе ЦК цягам красавіка арганізаваны пункт збору прадуктаў харчавання, цёплых рэчаў, посуду, сродкаў гігіены і іншых неабходных атрыбутаў для задавальнення актуальных патрэбаў і падтрымкі Віцебскага прытулку для безнаглядных жывёл. Акцыя называецца “Дапамога сябру”. Якія ж вы малайчыны, работнікі культуры Віцебскага РЦК! Дзякуй вам ад усяго свету і трымайцеся!

Напрыканцы адным радком “камерная” нізка навін з “камерных” устаноў культуры.

У Шчучынскім раёне бібліятэкі бяруць удзел у абласной акцыі “Чытаем разам пра вайну”.

У Дзятлаве работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведалі Валянціну Башко, якая ў юным узросце была вывезена фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію.

10 красавіка клубныя работнікі вёскі Гродзі, што ў Ашмянскім раёне, высадзілі бярозавую алею Перамогі, а ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Фантазёры” высадзілі кветкі на могілцы Невядомага салдата.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Ірына Макарэвіч піша пра новы буклет да 75-годдзя Вялікай Перамогі, які называецца “Баявая слава Браслаўшчыны”.

А бібліятэкар з аграгарадка Юбілейны (Ваўкавыскі раён) Наталля Ляута паведамляе пра багатую і надзвычай запатрабаваную чытачамі краязнаўчую картатэку ўстановы.

Беражыце сябе, шаноўныя!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"