Буслянка як сімвал надзеі

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на “да” і “пасля”. “Да рэвалюцыі — пасля рэвалюцыі”, “да вайны — пасля вайны”… “Да Чарнобыля — пасля Чарнобыля” з таго ж шэрагу.

/i/content/pi/cult/795/17102/012.JPGМне красавік 1986 года памятны станам разгубленасці, у якім апынулася грамада. Уся грамада — ад паспалітых людзей да кіраўнікоў найвышэйшага рангу. У роспачы былі людзі на зямлі, якую бяда закранула непасрэдна — на перадавой, на лініі агню, калі карыстацца вайсковай тэрміналогіяй, і ў глыбокім тыле. Па тым часе было яшчэ багата тых, хто помніў Вялікую Айчынную. Дык вось яны наўпрост казалі, што ўсё нагадвае ім чэрвень 1941-га, пачатак вайны: тыя простыя людзі, на каго яшчэ не падаюць бомбы, хоць і адчуваюць, што адбываецца нешта страшнае, але хочуць верыць, што яно хутка скончыцца; а ўлада, псіхалагічна не гатовая да такога экстрыму, да такога развіцця падзей, дзейнічае спантанна, рэфлексіўна… Толькі праз два тыдні пасля выбуху ў Чарнобылі, калі стала зразулела, што само па сабе на добры лад нічога не зменіцца, ды і сусветны розгалас не суцішыш, генсек КПСС Міхаіл Гарбачоў спадобіўся выступіць перад краінай па тэлебачанні з нейкай няўцямнай прамовай… Тут вельмі пасуе афарызм Віктара Чарнамырдзіна “Отродясь такого не бывало, и опять то же самое”

Трагічнай трыядай падзей на зямлі Беларусі ў ХХ стагоддзі народ называе Курапаты-Хатынь-Чарнобыль.

/i/content/pi/cult/795/17102/013.JPGВялікая Айчынная вайна... У яе адлюстраванні ўсенародным сімвалам Пакутніцтва і Памяці для нас з’яўляецца ўвекавечаная сучаснікамі Хатынь. Тэмы гераічнай барацьбы партызан і падпольшчыкаў супраць гітлераўцаў, мужнасці і славы воінаў-вызваліцеляў, якія ў беларускім мастацтве сталі нацыянальнымі, увасоблены мастакамі ў палотнах, кніжнай графіцы, манументалістыцы, мемарыяльных комплексах, словам — фактычна ва ўсіх відах і жанрах творчасці. А вось Чарнобыльская тэма ў параўнанні са згаданымі вышэй прадстаўлена ў кантэксце нашай культуры даволі сціпла. Пры тым, што звярталіся да яе выдатныя творцы, што ў іх работах, сумленных і майстэрскіх, паказаны сапраўдны маштаб трагедыі. Мяркую, рэч у тым, што свядомасць асобы ды і свядомасць грамады, цэлага народа за нейкай мяжой перастае ўспрымаць, прынамсі — эмацыйна, негатыўны кантэнт. Гэта не заганнае бяспамяцтва, гэта форма ратавання.

Памятаю, мне давялося слухаць у царкве казань маладога святара пра тое, што чалавек, які жыве ўчорашнім днём, засяроджваецца на пакутах і крыўдах, страчаны для дня заўтрашняга. Канцэптуальна верна, як і тое, што для тых, хто забывае мінулае, існуе вялікая верагоднасць сустрэцца з ім у будучым. Мусіць быць баланс.

Простая інфармацыя — гэта адлюстраванне падзей у люстэрку, праўдзівым ці крывым. А мастацкі твор — павелічальнае шкло, якое канцэнтруе ўвагу на найбольш важных дэталях. Магчыма, пройдзе час, і мы іншымі вачыма паглядзім на мастацкія сведчанні пра ядзерную катастрофу 26 красавіка 1986 года.

Першыя радкі выяўленчай хронікі Чарнобыльскай трагедыі напісалі тады яшчэ маладыя мастакі, лічы, адразу пасля выбуху. Гэта Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. Іх творы склалі фонд Брагінскай карціннай галерэі. Малявалі, што бачылі. Людзей, якія ў мірны час сталі ў сваёй краіне бежанцамі, пакінутыя хаты, калючы дрот на зоне адчужэння. Зробленае гэтымі хлопцамі — творчы подзвіг. Праз іх карціны мы сёння ведаем, як яно насамрэч было.

Вялікую справу дзеля захаваня памяці пра Чарнобыль зрабіў мастак і навуковец Віктар Шматаў. Ён неаднойчы наведваўся ў зону, каб ратаваць для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Людзі, пакідаючы родныя хаты, кінулі нажыты скарб, гаспадарчыя прылады. Спадзяваліся вярнуцца… На момант першай экспедыцыі Шматава многае ўжо было разрабавана марадзёрамі. Паралельна са зборам экспанатаў для Музея старажытнабеларускай культуры спадар Віктар маляваў. Немагчыма глядзець без болю на гэтыя палотны.

Не мог не адгукнуцца на Чарнобыльскую бяду і пясняр Палесся Гаўрыла Вашчанка. Ён казаў, што нават пасля таго, як акупанты спалілі ягоную вёску, ён быў упэўнены, што яна хутка адродзіцца, а пасля Чарнобыля адчуў і зразумеў: калі і будзе тое адраджэнне, дык, мабыць, не пры ягоным жыцці. Карціны Вашчанкі па згаданай тэме — гэта не столькі адлюстраванне рэалій, як філасофскія развагі пра Жыццё і Смерць, пра Хрыстовы пакуты на прыкладзе Беларускай зямлі. І вера, што ўсё гэта не здарма і недарэмна. Невыпадкова ж любімым сюжэтам спадара Гаўрылы аж да скону заставалася бусліная сям’я ў гняздзе — сімвал прадаўжэння роду.

Шырокую вядомасць мае Чарнобыльскі цыкл Міхаіла Савіцкага, сэнсава знітаваны з тэмай біблійнага Апакаліпсіса. Апошняя вялікая праца вялікага мастака.

Габелен “Чарнобыль” работы Аляксандра Кішчанкі — шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падарунак Беларусі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Знаходзіцца ў будынку ААН у Нью-Йорку.

Што тут аспрэчваць — бяда часам раскрывае вочы на рэчаіснасць і многіх прыводзіць да думкі, што жыць трэба сваім розумам ды абапірацца на ўласныя сілы — інакш кажучы, быць суверэннымі і не залежыць ад чужой ласкі. Думка слушная, і сёння ў значнай ступені рэалізаваная.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"