“Не гуляла поле...”

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

— cказаў карэспандэнту “К” першы намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Міхаіл КАДЫРАЎ напярэдадні рэспубліканскіх “Дажынак”...

 /i/content/pi/cult/175/1710/Subsustrechy.jpg

— Не гуляла поле, ды і людзі не гулялі, Міхаіл Анатольевіч!.. Такое няпростае жніво было. Але хлеба ўзялі паболей, чым у іншы, нават самы спрыяльны, год...
— Ураджай гэтага года, так бы мовіць, сягнуў вельмі высока. Атрымалі амаль 9,5 мільёна тон зерня. Гэта ў бункернай вазе, а ёсць жа яшчэ і кукуруза! І, натуральна, узнікае пытанне: якая прычына такіх высокіх ураджаяў? Цяпер скажу, можа, і парадаксальную рэч адносна вашых слоў: спрыяльнае было ў тым ліку і надвор’е. Гэтага ніяк нельга адмаўляць.
— Няўжо?
— Мяркуйце самі: рэспубліка атрымала ў сярэднім ураджай па 38 цэнтнераў з гектара, чаго не было ніколі. А на Гродзеншчыне — усе 50! У Мінскай вобласці сабралі запаветныя 2 мільёны тон на круг, а яшчэ гадоў пяць таму гаворка пра такі ўраджай выклікала ўсмешку. Але вось — атрыманы! Дажынкі цяпер святкуюць ва ўсіх абласцях рэспублікі. Разумееце, па ходзе ўборкі шмат хто вінаваціў надвор’е, ды яно — толькі фон, які, яшчэ раз адзначу, быў сёлета на баку земляробаў. Азімыя надвор’е дазволіла пасеяць у аптымальныя тэрміны позняй восенню, нічога за цёплую, так бы мовіць, еўрапейскую зіму не вымерзла, а ранняя вясна ды прахалодны май якраз і былі патрэбныя збожжавым. А далей у час росту калосся назіраліся перапады начной і дзённай тэмператур. Таму, з пункта погляду навукоўцаў, усё ідэальна. Па ўсім вегетацыйным перыядзе ападкі і тэмпература паветра былі нібы “пад заказ”. А пад час уборкі — спякотна і суха.
— Відаць, не на адны кліматычныя фактары даводзілася спадзявацца?
— Так, і найперш адзначу тое, што за апошні час у рэспубліцы было праведзена значнае “пераўзбраенне” галіны: з’явілася багата новых трактароў, камбайнаў, як “гомсельмашаўскіх”, так і замежнай вытворчасці, іншых агрэгатаў. Да таго ж, выйшлі на ўзровень савецкага часу па ўнясенні мінеральных угнаенняў — ёсць чым падтрымліваць урадлівасць глебы. Было закуплена пестыцыдаў для абароны раслін прыкладна на 150 мільёнаў долараў.
Наладзілі і навукова-кансультатыўнае забеспячэнне на сяле: размяшчалі на сайтах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у перыядычным друку неабходныя рэкамендацыі вучоных, а непасрэдна ў нашым Цэнтры, у Жодзіне, вялі круглагадоваенавучанне кадраў. Усё магчымае працавала на ўраджай, таму спрацавала сістэма арганізацыі і кіравання, каб дасягнуць высокай ураджайнасці з гектара.
— Кіраванне жнівом?!
— Найбольш важны не вал, а ўраджайнасць з гектара. Вось пра што я думаю. І не толькі я. Калі летась валавы прадукт павялічыўся на 9 працэнтаў, а затраты — на 16, то пры такіх станоўчых тэмпах сёлета патрэбна эканоміць як мага больш. І мець такія цэны, каб гаспадарка выгадна прадала збожжа і забяспечыла зіму і селяніну.
— І лічыць даводзіцца не толькі гаспадарнікам, але і вучоным…
— Вядома. Прывяду прыклад. Непадалёк ад Жодзіна ёсць гаспадарка “Шыпяны”, дзе доўгі час працаваў генеральны дырэктар нашага Цэнтра Фёдар Прывалаў. Там зроблены значны рывок: па 50 цэнтнераў узялі з гектара — у выніку атрымалі 10 тысяч тон зерня. Цяпер жа на атрыманыя грошы трэба набываць угнаенні і пестыцыды. Ці хопіць выручанай сумы (а гэта больш за 2 мільярды)? Дзеля гэтага і трэба вучыцца ствараць спрыяльнае і асэнсаванае эканамічнае асяроддзе для гаспадарання.
— За тры дні перад “Дажынкамі” вы накіроўваецеся на сустрэчу з кіраўніцтвам дзяржавы. Пра што будзе весціся гаворка?
— Гэта прадметная і вельмі важная размова. Разумееце, гэтым амаль 9,5 мільёна тонам ураджаю можна было б радавацца, калі б у іх змяшчалася 3 — 3,5 мільёна тон бялковых і маслічна-бялковых культур — лубіну, соі, гароху, сланечніку, рапсу... Усе яны выкарыстоўваюцца ў якасці бялковых напаўняльнікаў для вытворчасці кармоў. Калі мала бялку, збожжа пройдзе “транзітам” праз жывёлу і не будзе эфектыўна засвоена.
Кіраўніцтва дзяржавы выдатна разумее: збожжа само па сабе праблем не вырашае. У гэтым і палягае наша навуковая праца. Пра вучобу і рэкамендацыі ўжо адзначаў, але Цэнтр адказвае і за першаснае насенневодства і селекцыю ўсіх збожжавых культур у краіне. Адзначу, гэты вялікі ўраджай прыкладна на 75 працэнтаў, а па асобных відах — на 95, забяспечаны беларускімі гатункамі насення. Такая высокая культура — нацыянальны здабытак. І самазабеспячэнне. Найлепшыя з беларускіх гатункаў жыта — “Бліскавіца” і “Лота”, пшаніцы — “Сюіта”. Выдатны гатунак трыцікале “Кастусь” даваў па 100 — 105 цэнтнераў з гектара, броваравы ячмень “Дзівосны” — па 110. У 37 абласцях Расіі ўжо выкарыстоўваюцца беларускія гатункі, распаўсюджаны яны таксама ў Літве, Латвіі, Германіі. Ды і наведваюць нас адусюль. Адначасова можам прыняць на вопытнае поле да 3000 чалавек, каб пазнаёміць з гатункамі, тэхналогіямі. Далі эффект і традыцыйныя Дні поля.
— Гэта, так бы мовіць, практыка земляробства. Не гуляе поле ў Беларусі. А што чуваць у тонкім свеце навукі?
— Чакаў гэтага пытання. Селекцыя — гэта інтэграцыйная навука, што паядноўвае веды ад розных дысцыплін: генетыкі, біяхіміі, інфарматыкі, матэматыкі... І цяпер найноўшае ў селекцыі — трансгенез: перанос пэўных мэтавых генаў, якія перадаюць расліне важныя вытворчыя ўласцівасці і прыметы. Гэтыя работы праводзім сумесна з Інстытутам генетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, раней у Еўропе быў мараторый на такія даследаванні, але два гады таму ён быў адменены. Вядома, у нашай працы патрэбна асцярожнасць, хаця Амерыка, Кітай, Індыя шырока вырошчваюць гэтыя расліны — існуе больш за мільён гектараў пасадак. Еўропа пакуль не мае падобных палёў, паколькі тут назіраецца перавытворчасць прадуктаў харчавання. Зараз у нас распрацоўваецца вялікая праграма біятэхналогіі. У Цэнтры запушчаны комплекс з фітатронам, створаны нацыянальны банк генетычных рэсурсаў, які ўжо працуе.
— Міхаіл Анатольевіч, на рэспубліканскіх “Дажынках” традыцыйна ўшаноўваюць камбайнераў і механізатараў, кіраўнікоў гаспадарак. Ці адзначаеце і вы, вучоныя, гэтае свята?
— На рэспубліканскім свяце згадваюць і вучоных! А ў нашым Цэнтры ёсць свае — кастрычніцкія — дажынкі, дзе і адзначаем уласныя дасягненні. Ведаеце, я вельмі рад, што ў нас сёння ў гасцях газета “Культура”. Выдатны навуковец Клімент Ціміразеў казаў: “Культура поля заўжды ішла поруч з культурай чалавека”. Калі задумацца, то існуе паняцце “культура земляробства”, нашы расліны — таксама называюцца “культура”. За гэтым словам стаяць і адпаведны парадак, і традыцыі.
— А мне шматкроць даводзілася быць на вашых культурных палях. Уражвае!
— Дзякуй. Гэта, без непатрэбнай сціпласці, еўрапейскі ўзровень. Дастаткова і праблем, але без іх не было б руху наперад,паколькі “акультурваць” культуры можна бясконца. Спашлюся на класіка: “Без біялогіі і экалогіі земляробства — сляпое, без механізацыі — сляпое, але ўсё вырашае няўмольная эканоміка”.
Важна ўсведамляць і яшчэ адно: мера ўсіх рэчаў — чалавек. І таму ў Беларусі мы сёння вучымся сельскаму ладу жыцця, вучымся любіць і паважаць яго. Гэта выяўляецца ў цудоўных гатунках культур, новых камбайнах, нечаканых адкрыццях. Для гэтага праводзяцца не толькі рэспубліканскія “Дажынкі”, але і падобныя святы ў раёнах, вёсках і ў навуковых цэнтрах. Жыццё, жыцень, жыццяпіс, як і… жыта, дадзены чалавеку, каб наблізіцца да Бога.

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА