Гучны набат знямелых званоў

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Так было заўсёды: у самы цяжкі, выпрабавальны час праяўляліся найлепшыя духоўныя якасці людзей. Вось і зараз узводзіцца на народныя сродкі сапраўды народны мемарыял. 400 рублёў са сваёй пенсіі пералічыў на дабрачынны рахунак былы малалетні вязень Азарыцкага лагера смерці светлагорац Міхаіл Антонавіч Паркалаў. 250 тысяч жыхароў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у суботніку, частка сродкаў ад якога ўжо зараз выкарыстоўваецца менавіта для мемарыяльнай памяці аб самай трагічнай вёсачцы Беларусі, дзе 14 студзеня 1944 года фашысты расстралялі і спалілі 1758 мірных жыхароў, сярод якіх — 950 дзяцей. Усе яны сабраліся там у чаканні Савецкай Арміі, што наступала.

/i/content/pi/cult/795/17099/05.JPGГэта — 12 Хатыняў! Побач — брацкая магіла 1020 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні гэтых шматпакутных мясцін. Зрэшты, многае з прыгаданага мной, газета “Культура”, якая з самага пачатку аказвае інфармацыйную падтрымку высакароднай ідэі, неаднойчы расказвала ўжо сваім чытачам. Ведаюць яны і тое, што шмат праблем было з адводам зямлі, бо тэрыторыя вёсачкі, якая так і не адроджана, апынулася ў межах рэспубліканскага заказніка “Выдрыца”. Светлагорскаму райвыканкаму і мне асабіста давялося звяртацца наконт гэтага ў самыя высокія інстанцыі. І вось нарэшце пытанне вырашана. Прынята адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. 10 лютага сёлета зацверджаны акт выбара месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання мемарыяльнага комплексу “Ала”.

А што — сёння, у красавіку? Даць лічбавае, маштабнае і агульнае ўяўленне аб мемарыяле я папрасіў галоўнага распрацоўшчыка праекта з інстытута “Гомельграмадзянпраект” Сяргея Пярвіцкага. Вось што ён расказаў:

— Уся плошча будучага комплексу займае крыху больш за гектар. А гэта тры тысячы квадратных метраў газоннага і больш за шэсць тысяч квадратных метраў цвёрдага пакрыцця.

/i/content/pi/cult/795/17099/06.JPGСваё месца зоймуць шматлікія памятныя знакі, абеліскі, п’едэсталы… Прадугледжана, што пешаходная частка (былая вясковая вуліца) на працягу ўсіх 292 метраў будзе пакрыта трохкаляровай пліткай з фрагментамі граніту. Помнік на брацкай магіле заменяць на металічны. Ужо зараз можна пабачыць і цэнтральны абеліск у мемарыяльнай зоне, і паклонны крыж, і стэлу, на якой з’явіцца гістарычная даведка. Можна пабачыць і 34 сімвалічныя хатнія брамы, 11 фрагментаў са стылізаванымі сілуэтамі людзей. Наогул, сімволікі (і вельмі пераканаўчай!) па словах Сяргея Віктаравіча, шмат. Побач з рэальным гучнагалосым звонам будзе ўсталявана званіца з 12 (па ліку вёсак, жыхары якіх загінулі менавіта тут) знямелых званоў, а пад кожным — назва вёскі. Аб гэтым нагадаюць і 12 высаджаных бяроз. Акрамя іх, будуць пасаджаны і чырвоналісцевыя яблыні, гатунак якіх (фантастычнае супадзенне!) адпавядае назве самога мемарыяла і былой вёсачкі Ала.

Вось такім у кароткім пераказе бачаць мемарыял праектанты. Удакладню толькі, што габарытныя памеры партала галоўнага ўваходу — 13,9 на 6,55 метра. Праём — 8,7 на 4,3. Абеліск з картай спаленых вёсак будзе мець 12,9 на 5,7. Ды і сама карта складзе 4,6 на 3,5 метры. Дарога ад уваходнай групы да памятнага знака мемарыяльнай зоны — 292 метры. Вышыня стылізаваных брамак — 3,3 метры. Памятны знак — 10,5 метраў. Званіца ў выглядзе стылізаванай вясковай адрыны — вышынёй 4,2 метра. Яшчэ адзін цікавы факт. Чатыры з паловай кіламетра дарогі ад шашы да мемарыяла, у якасці дабрачыннай дапамогі, заасфальтавалі працаўнікі філіяла Светлагорскага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення і іх калегі з Гомеля і Рагачова. Таксама, на шэфскіх пачатках, будзе ўзведзена драўляная капліца з дапамогай мясцовага лясгаса.

/i/content/pi/cult/795/17099/07.JPGПадрыхтавана і пляцоўка, дзе будуць усталяваны скульптурныя кампазіцыі на амаль двухмятровых камянях. Гэта — творчы плён васьмі вядомых не толькі ў Беларусі скульптараў, якія на працягу месяца працавалі на тэматычным рэспубліканскім пленэры мінулым летам. Адзін з іх — выкладчык Акадэміі мастацтваў Валерый Малахаў, на рахунку якога дзве скульптурныя выявы — “Асуджанасць” і “Непазбежнасць”. Валерыю Юр’евічу быў аказаны гонар — стаць аўтарам вельмі эмацыянальнай трохфігурнай кампазіцыі для ўваходнай групы мемарыяла. Я папрасіў яго падзяліцца ўражаннямі, задумамі і іх далейшым увасабленнем.

— У 2019 годзе мяне і яшчэ семярых мастакоў запрасілі ў Светлагорск на пленэр, прысвечаны спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі Ала,— прыгадвае скульптар. — Для ўвасаблення задумы ў камені кожны з нас абраў адзін з сюжэтаў Вашай дакументальнай паэмы “Ала”. Кожны з сюжэтаў вызначаецца сваёй глыбінёй і трагічнасцю таго, што адбылося. Прафесія мастака не толькі ў тым, каб скласці прыгожую кампазіцыю і знайсці пластычнае рашэнне, але і данесці да гледача эмоцыі, прымусіць суперажываць. Мне ў межах пленэру давялося выканаць дзве кампазіцыі. Першая — з выявай жанчыны сталага веку, якая запаўняе ўсю плоскасць каменя. У цэнтры кісць рукі, што прыкрывае галаву жанчыны. Рука затуляе яе твар, імкнучыся абараніць яго. Твар маўклівы і ўнутрана стрыманы, няма ні страху, ні панікі, ёсць толькі сіла і мудрасць. На хустцы — беларускі арнамент, які сімвалізуе лучнасць сонца і зямлі. У другой кампазіцыі — маці з двума сынамі. Гэта іканічная выява, знак любові і абароны. Маці закрывае далонню сваіх дзяцей ад агню, што палае з усіх бакоў. Дзеці прыціскаюцца да яе, хаваючыся ад немінучай згубы.

На думку Валерыя Малахава, архітэктары прапанавалі выдатны праект мемарыяльнага комплексу, дзе ёсць месца кожнай трагічнай падзеі. Нельга не пагадзіцца з ім, што гэта менавіта так. Мемарыял абяцае быць не толькі маштабным, але і атмасферна прачулым. Ён выяўляе адначасова звярыную жорсткасць фашызму і, як антытэзу, — фізічную неабароненасць простага чалавека ў гэтай драматычнай сітуацыі, але разам з тым і падкрэслівае яго мужную высакароднасць у неймаверна цяжкія часіны ліхалецця. Эмацыйна важнай часткай мемарыяла з’яўляюцца ўвасабленні на камянях. Іх — дзесяць. Уражанне такое, быццам яны стагоддзямі назапашвалі гістарычную памяць і вось нарэшце набылі сваё канчатковае ўвасабленне. Адна з асноўных частак мемарыяльнага комплексу — уваходная група… У барэльефе, які ўвасобіў жанчыну з дзіцём і старога, Валерый Малахаў здолеў перадаць тое, што непадуладна слову. Мы бачым саму непазбежнасць, якая аднак не пазбаўляе ахвяр высокіх чалавечых якасцяў.

Але і сапраўды — лепш адзін раз пабачыць, чым сем разоў пачуць. Галоўны прараб Гомельскага домабудаўнічага камбіната Сяргей Чумакоў, з якім я пазнаёміўся ў першы ж дзень працы над мемарыялам, лічыць, што менавіта фотаздымкі лепш за ўсё могуць засведчыць папярэднія вынікі творчай калектыўнай самааддачы. Будаўнікі адчуваюць не толькі плён натхняльнай працы праектантаў, але найперш дзейсную падтрымку Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, які ўхваліў ідэю ўзвядзення мемарыяла, а таксама губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Салаўя, старшыні Светлагорскага райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава. І, вядома ж, усіх тых людзей, хто спрычыніўся да высакароднай справы годнага ўвасаблення Памяці аб ахвярах найжахлівейшай, бязлітаснай вайны, той Памяці, што жыве ў сэрцах сённяшніх пакаленняў беларускага народа і будзе жыць у наступных.

...Урэшце, паглядзіце на некаторыя адбіткі з дакументальнага фоталетапісу працы над ўвасабленнем мемарыяла, што літаральна на днях зафіксаваў аб’ектыў. І не толькі на барэльефе...

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ