Краіна памятае і ўшаноўвае…

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

(26 красавіка, Брагін)
Заўтрашні дзень у Беларусі — асаблівы: трыццаць чатыры гады таму ў тагачасным Савецкім Саюзе здарылася страшэнная тэхнагенная катастрофа — адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Наступствы яе сталі фатальнымі для лёсаў многіх і многіх нашых людзей, заражанымі апынуліся велізарныя тэрыторыі Беларусі. 26-га красавіка ва ўсіх кутках краіны пройдуць розныя мерапрыемствы ў памяць аб той трагічнай падзеі. І пройдуць абавязкова. Канешне, не ў тых маштабах, што планаваліся першапачаткова, але ніякія каранавiрусы не могуць перашкодзіць ім адбыцца наогул.

Адным з найбольш пацярпелых раёнаў у выніку аварыі стаў Брагінскі. У нядзелю ў самім Брагіне ля помніка пажарнаму Васілю Ігнаценку, што атрымаў смяротную дозу радыяцыі пры тушэнні пажару на чацвёртым энергаблоку АЭС, пройдзе традыцыйны мітынг. Праўда, як распавёў “К” галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама Дзмітрый Тамко, на гэты раз ён не будзе шматлюдным, як звычайна: удзел у ім прыме невялікая колькасць прадстаўнікоў розных арганізацый Брагіна і мясцовай вертыкалі ўлады. Ад нейкіх іншых масавых мерапрыемстваў вырашана было адмовіцца. А вось у Брагінскі гістарычны музей, у якім чарнобыльскай тэме прысвечаны выстава “Страчаная зямля” і зала памяці Васіля Ігнаценкі, у гэты дзень можна будзе трапіць бясплатна, аднак толькі групамі па чатыры — пяць чалавек.

Невялікі мітынг адбудзецца заўтра і ў Нароўлі — раённым цэнтры таксама некалі моцна пацярпелага рэгіёна. Падчас яго мяркуецца ўскласці вянкі да помнiка “Памяці адселеных вёсак”. Іншых мерапрыемстваў, якія маюць адносіны да журботнай даты, у горадзе больш не намячаецца. Але, як распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама Іна Рудкоўская, у бібліятэках раёна праходзяць выставы кніг, прысвечаныя чарнобыльскім падзеям, у дзіцячай школе мастацтваў — малюнкаў вучняў. А ў адной з залаў Нараўлянскага гісторыка-этнаграфічнага музея дзейнічае пастаянная экспазіцыя, звязаная з тым выбухам на АЭС.

І Дзмітрый Ігаравіч, і Іна Адамаўна кажуць, што тэму катастрофы ўстановы культуры іх раёнаў без нагоды не мусіруюць, што называецца, не спекулююць на ёй. Так, памяць аб аварыі застанецца ў беларускіх сэрцах назаўжды, нікуды не падзенецца гэты боль. Тым не менш — асабліва ў сапраўдны момант — людзям важна атрымліваць як мага больш станоўчых эмоцый, а гэтаму, у прыватнасці, спрыяе і дзейнасць устаноў культуры рэгіёна.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"