Пастулаты Экзюперы і амплуа інфернальнасці

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Верны “купалавец”, “галоўны ліхадзей “Беларусьфільма”, загадчык кафедры ў Акадэміі мастацтваў — усё гэта Вячаслаў Паўлюць, які 28 красавіка адзначае свой 60-гадовы юбілей. 33 гады ён служыць у тэатры імя Янкі Купалы, практычна столькі ж здымаецца ў кіно, сем гадоў загадвае кафедрай майстэрства акцёра. Нейкія заняткі артыста, можа, і застаюцца па-за ўвагай шырокай публікі, але дакладна не яго ролі ў кіно — Вячаслаў Паўлюць здольны нават у невялічкім эпізодзе стварыць яскравы, запамінальны характар. Нярэдка яму дастаюцца адмоўныя вобразы, у якіх ёсць нават нешта дэманічнае. Уменне быць “страшным”, мабыць, карыснае для працы са студэнтамі, але ж у жыцці артыст зусім іншы. А да студэнтаў ставіцца ўвогуле па запаветах “маленькага прынца”. Пра тры галоўныя справы Вячаслава Паўлюця мы і пагутарым у яго свята.

/i/content/pi/cult/795/17096/03.JPG— Ваш юбілей у сілу абставін адсвяткуецца не вельмі гучна — не будзе творчага вечара, не будзе публічных віншаванняў… Вас гэта не засмучае?

— Сказаць шчыра, я абсалютна не пераймаюся наконт таго, што не будзе нейкіх урачыстасцяў. Бо для чаго яны — лішні раз пра сябе нагадаць? Не бачу ў гэтым неабходнасці. Канешне, калі час стане больш спрыяльным, адсвяткую з сябрамі і роднымі, ды й досыць.

— У мяне адчуванне, што вы ўвогуле пазбягаеце публічнасці — а для акцёра гэта даволі дзіўна. Пра вас мала інфармацыі ў прэсе, інтэрв’ю дык са свечкай у руках не знойдзеш…

— Так і ёсць. Але не хачу, каб гэта прагучала неяк пафасна, кшталту я такі асаблівы — не. Проста я так думаю, так жыву. Не люблю “тусоўкі”, заўсёды адмаўляюся нават ад запрашэнняў прайсці па чырвонай дарожцы, напрыклад, на “Лістападзе”. Але з вялізным задавальненнем сустракаюся са сваімі калегамі на здымачных пляцоўках і ў тэатры, люблю прыватныя размовы. А вось каб лішні раз мільгануць — у прэсе, на тэлебачанні, яшчэ дзе — у мяне няма такой патрэбы. Я вельмі заняты чалавек і самавыяўляюся па-іншаму — у мяне ж зараз і кафедра, і студэнты. Ды й хапала мне ў жыцці ўвагі, я і так не забыты — адыграў у мностве спектакляў, маю вялізную фільмаграфію.

— А ўсё ж у мяне ёсць адчуванне, што вашая вядомасць не адпавядае такой насычанай яскравымі ролямі, фільмамі і спектаклямі творчай біяграфіі. У вас нават звання ніякага няма — прабачце, што закранаю падобную тэму.

— Нічога страшнага, да гэтага я таксама стаўлюся абыякава. Слова “вядомасць” у цяперашніх рэаліях мае іншыя сінонімы — “медыйнасць”, “раскручанасць”. А я шчаслівы, што мяне ведаюць рэжысёры — і нашы, і расійскія, часта запрашаюць нават без проб. Такая вядомасць мне больш імпануе: і рэжысёры са мной любяць працаваць, і калегі-акцёры. А далей няхай ужо гледачы мяркуюць, хто і чаго варты. Я сам, праўда, не гляджу фільмы, у якіх здымаўся. Гэта не какецтва — проста не магу іх глядзець, бо бачу свае недахопы, а выправіць ужо няма магчымасці, і ад гэтага ў мяне псуецца настрой.

— У вас каля 160-ці кінароляў. Але на экране мы вас бачылі толькі зусім дарослым чалавекам. Так атрымалася, што менавіта з узростам кіно вамі зацікавілася?

— Мае самыя прадуктыўныя для кінаакцёра маладыя гады прыйшліся на часы перабудовы, калі не здымалася нічога. Я тады заходзіў на “Беларусьфільм” і на свае вочы бачыў, як па гэтым доўгім калідоры бег гіганцкі пацук памерам з майго ката. Вось якой тады была кінастудыя! Яшчэ ж так атрымалася, што і ў інстытут я позна паступіў — у 23 гады, пасля Мінскага культасветвучылішча і арміі, скончыў у 27: прапусціў такім чынам спрыяльны для кінакар’еры час. Але ўсё роўна лічу, што мне пашчасціла, бо я адразу трапіў у тэатр імя Янкі Купалы, якому застаюся верным і дагэтуль. У кіно мая першая больш-менш вялікая роля была ў фільме “Плач перапёлкі” — гэта 1990-ты год. А такая ўжо насычаная праца пайшла ў новым стагоддзі — бывала, адначасова я здымаўся ў 5—6 фільмах, і гэта было здорава. Так што я многае паспеў у кіно. І многае яшчэ паспею, дасць Бог.

— У вас нямала каларытных адмоўных роляў, і нават калі вашыя героі наўпрост не звязаны з тым светам — у іх ёсць нешта інфернальнае. Вось і ў нядаўняй беларускай прэм’еры — “Авантуры Пранціша Вырвіча” — ваш Геранім Радзівіл такі яскравы злыдзень, што вачэй не адарваць. А ў жыцці ж вы зусім іншы.

/i/content/pi/cult/795/17096/17-kultura-6-S.jpg— Гады тры таму я пачуў, зайшоўшы на кінастудыю, што Паўлюць, маўляў, “галоўны ліхадзей “Беларусьфільма”. (смех) Мне гэта было вельмі прыемна, парадавала. Бо складана іграць адмоўных персанажаў, прычым увесь час розных, непадобных адзін да аднаго. І мне, дарэчы, падабаецца вашая заўвага наконт “інфернальнасці”. Увогуле, мне цікава спрабаваць новае. Марыў я нават пра жаночую ролю, і вось сем гадоў таму ў “Кіндэр-Вілейскім прывідзе” Алены Туравай сыграў адначасова і аканомку, і чарнакніжніка. А да таго ў “Масакры” Андрэя Кудзіненкі сыграў і дварэцкага, і яго памерлую сястру: мяне загрыміравалі, апранулі ў белую шлюбную сукенку і паклалі ў труну. І я з вялізным задавальненнем правёў гэты здымачны дзень у труне — ніколі так многа не смяяўся. (смех) Гэтак жа цікава мне было працаваць у фільме расійскага рэжысёра Эльёра Ішмухамедава “Трэцяе неба” — бо падобнага героя я яшчэ не іграў. На сённяшні дзень ад некаторых прапаноў я і адмаўляюся, калі бачу, што падобнае ў мяне ўжо было. Ці калі іграць няма чаго — дастаткова вывучыць тэкст і проста зайсці ў кадр.

— У якіх фільмах у бліжэйшым часе мы вас пабачым?

— Я вельмі ўсцешаны, што мяне запрасіў у сваю карціну легендарны, таленавіцейшы рэжысёр Глеб Панфілаў. Для мяне гэта было такое задавальненне — папрацаваць з гэтым чалавекам, з гэтым матерыялам: паводле апавядання Аляксандра Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Прэм’ера фільма павінна адбыцца якраз да 75-годдзя Перамогі. Я сыграў там капітана Валкавога — гэта адмоўны персанаж, але Панфілаў са згоды ўдавы Салжаніцына трохі перапісаў аповед, і з’явіліся новыя акцэнты. Захапляльны вопыт! Адзняўся я ўжо і ў беларускім маладзёжным серыяле “Ілюзіі”: вельмі радаваўся, дарэчы, што там здымалася нямала студэнтаў, якіх я выпускаў. Вось толькі што мы скончылі праект “Алёша” — гэта расійская карціна рэжысёра Юрыя Паповіча, у якой я здымаўся ўжо са сваімі цяперашнімі першакурснікамі. Фільм на беларускім матэрыяле, паводле аповесці Івана Пташнікава “Найдорф” — пра канец вайны, пра партызан. Мне здаецца, атрымаецца вельмі годна.

— З вашым вопытам, як вы думаеце — чаго бракуе беларускаму кіно?

— І рэжысёры, і акцёры ў нас ёсць — я не бачу матэрыялу, па якім можна здымаць добрыя фільмы, няма сцэнарыстаў і драматургаў. Часта ў нашы фільмы запрашаюць расійскіх, “раскручаных” артыстаў. А я колькі разоў меў магчымасць пераканацца, што нашы і больш прафесійныя, і больш таленавітыя! Яны ўключаюцца ў ролю, яны паспяваюць праіграць тое, што на прафесійнай мове завецца “пражываннем”. А гэтыя запрошаныя “зоркі” — чыста на рамястве: тэкст вучаць перад кадрам, выйшлі з кадра — тут жа за тэлефон, і душа не баліць. Для іх гэта ўжо не любімая прафесія, а проста спосаб заробку. Беларускія акцёры — прычым розных пакаленняў — на галаву вышэй. І, канешне, усім навідавоку праблема ў беларускім кінематографе — няма прадзюсараў, а без гэтага зрушыць справу амаль немагчыма.

— У вашым творчым жыцці ёсць кіно, тэатр і Акадэмія. Але зараз у Купалаўскім вы іграеце толькі ў чатырох спектаклях: мабыць, калі сем гадоў таму сталі загадчыкам кафедры, то ахвяравалі сабой як артыстам на карысць студэнтаў. Якая справа на сённяшні дзень хвалюе больш за ўсё?

— Мае студэнты-першакурснікі хвалююць. Гэта як у “Маленькім прынцы”: “Мы адказваем за тых, каго прыручылі”. Я вельмі задаволены курсам, які ўжо выпусціў, думаю, атрымаюцца добрыя акцёры. У новым наборы ў мяне 14 чалавек, і цяпер іх лёс для мяне на першым месцы. І я не лічыў, што нечым ахвярую. Проста ў нейкі момант адчуў, што здорава, канешне, усё жыццё быць акцёрам, але хочацца паспрабаваць і штосьці яшчэ. Бо асабліва ўжо і не бачыў, у якой ролі я маю патрэбу выйсці ўжывую да гледача. Я пачаў ставіць спектаклі — і гэта мне вельмі цікава. А калі Лідзія Аляксееўна Манакова мне прапанавала кафедру, я вельмі доўга думаў, але пагадзіўся, бо мне падалося, што і ў Акадэміі я здольны зрабіць нешта добрае. Ды й гэта вельмі творчая праца, я ж там практычна ўвесь час на сцэне — мы ставім спектаклі, іграем іх. Толькі цяпер у мяне ў два разы болей адказнасці. Вось зараз на сцэну Тэатра беларускай арміі пераходзіць дыпломны спектакль, што я рабіў — “Вельмі простая гісторыя”, шэсць маіх выпускнікоў пайшлі ў гэты тэатр.

Іншай навучальнай установы, дзе б рыхтавалі акцёраў, у нас няма, і я адчуваю, што нейкім чынам нясу адказнасць за будучыню беларускай тэатральнай школы. Я раблю ўсё, каб яна заставалася на сваім высокім узроўні, каб нашы акцёры хоць на сцэне, хоць на здымачнай пляцоўцы былі лепш за ўсіх. І буду рабіць так далей, абяцаю.

— І ўсё ж — на тое, што вы з галавой акунуліся ў выкладанне, можа, паўплывала нейкая неспрыяльная для вас сітуацыя ў тэатры? Напрыклад, адсутнасць роляў?

— Для мяне сітуацыя ў тэатры заўсёды была спрыяльнай, я ніколі не быў абдзелены ролямі — а было іх у мяне каля 50-ці. У найбольш актыўныя часы я іграў па чатыры новыя спектаклі за сезон! І мой родны Купалаўскі я проста абажаю, я да апошняга свайго пазногціка купалавец, захапляюся і нашымі старымі акцёрамі, і нашымі маладымі, якія ўсе вельмі яскравыя індывідуальнасці. Рэспект і Мікалаю Пінігіну — я разумею яго тэатральную палітыку, падтрымліваю яе, лічу, што Пінігін лепшы рэжысёр у Беларусі на гэты момант. Так што гэта мой тэатр, і я там застануся назаўсёды, пакуль мне гэта будзе дазволена.

— Мы пачыналі размову з таго, што пра вас мала інфармацыі нават у тым жа інтэрнэце. А людзі, аказваецца, яе шукаюць. Напрыклад, адзін з самых папулярных запытаў у інтэрнэт-пошукавіку на “Вячаслаў Паўлюць” — гэта “чаму кульгае і худы”.

— Калі ласка, вельмі лёгка магу адказаць. (смех) Худы — таму што нарадзіўся такім, генетыка: калі паставіць побач маё фота і бацькі — не адрозніць. Кульгаю — у выніку вельмі даўняй траўмы, якую атрымаў на сцэне пад час спектакля.

— З якім настроем сустракаеце юбілей, пра што думаеце?

— Я неаднойчы лаўлю сябе на думцы — мы жывем у вельмі цікавыя часы, мне цікава жыць! Я не стамляюся здзіўляцца, як бы гэта пафасна ні гучала: і таму, напрыклад, што на дрэвах распускаюцца пупышкі, і таму, што так многа маладых людзей усё яшчэ хочуць стаць акцёрамі, хаця з кожным днём наша прафесія ўсё менш запатрабавана — з вялікай павагай стаўлюся да сваіх студэнтаў, што яны абралі такі нялёгкі шлях. І гэтак далей. Вось пра што я думаю апошнім часам — як цікава жыць!