Таямніцы Манюшкаў

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Перасцярогі і страшэнная роспач Станіслава Манюшкі, выказаныя ў лісце да Юзафа Сікорскага, не былі пустым гукам. Па-першае, Штурм пачаў адбіраць у кампазітара “хлеб штодзённы” — вучняў, выкарыстоўваючы традыцыйныя сродкі барацьбы за “месца пад сонцам”. Наш зямляк адразу адчуў, чым гэта пагражае і ягонай сям’і, і ягонай рэпутацыі. Пагатоў, ён толькі-толькі выпрастаў крылы, якія праз гады ўзнясуць яго на вяршыні музычнага Алімпу! Чым адказаў Манюшка на гэты выклік, якія сродкі ўжыў, каб нейтралізаваць “прошукі” Штурма? Пра гэта казаць пакуль цяжка. Увогуле, акалічнасці “Вялікай вайны” (усё ж такі яна доўжылася дванаццаць гадоў!) вельмі слаба адлюстраваныя ў вядомых на сёння крыніцах. Але ўсё, што мы ведаем, распавядзем. А спярша варта глянуць, чым жыла музычная Вільня ў 1840-х, калі Станіслаў Манюшка настала перасяліўся ў былую сталіцу ВКЛ. І, натуральна, зусім нялішнім будзе распавесці пра сям’ю кампазітара, над якой злавесным ценем навісла постаць Караля Штурма.

/i/content/pi/cult/794/17093/024.JPG

На віленскіх пагорках

Вільня ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прайгравала Варшаве па шмат якіх параметрах. Колькасць насельніцтва — каля 52 000 (у Варшаве амаль утрая больш). Узровень дабрабыту месцічаў таксама сціплейшы. Зоркі, такія як Паганіні, Шапэн, Ліст, чые імёны грымелі ў еўрапейскай прасторы, Вільню чамусьці абміналі. Праўда, славутасці туды, здаралася, завітвалі — Ліпінскі, Лафонт і іншыя. У роспачы прызнаем, нават Вілія была ўтрая вузейшая за Віслу!

Але ў чым Вільня нікому не саступала, дык гэта ў любові да музыкі і спеваў. Вось, што пісаў пра яе ў 1840 годзе Станіслаў Лаховіч у “Tygodnik peterburski”: “Не знойдзеш, відаць, ніводнага дома, дзе не было б фартэпіяна, а пры ім прыгожай віртуозкі ці віртуоза. Здзівіліся б нашы прапрадзеды, у якіх і клавіцымбал лічыўся рэдкасцю, убачыўшы сёння прыгожыя раялі венскія ці пецярбургскія, або і нашы віленскія — Гутоба, Скакоўскага ці Пестуновіча; а яшчэ б больш здзівіліся яны, калі б пачулі, як іх прыгожыя прапраўнучкі з пачуццём і агеньчыкам выконваюць новыя кампазіцыі. Нават у класе ніжэйшым (відаць, спальныя раёны Вільні — заўв. З.Ю.) вельмі часта можна пачуць хай разладжанае і рассохлае, хай з бразгатам і піскам — але заўсёды фартэпіяна, пры якім з такім самым піскам танклявы галасок спявае: “Ах! Як жа кахаць прыемна-а-а!”

У сваім артыкуле спадар Лаховіч паказаў тую Вільню, у якой, толькі-толькі вярнуўшыся з Берліна і ажаніўшыся, асеў Станіслаў Манюшка. Тое, што музыку тут любілі — гэта праўда. Але колькі б ні намагаліся шматлікія мясцовыя рупліўцы зрабіць з Вільні Вену, ім гэта так ніколі не ўдалося. Страціўшы незалежнасць, нашы землі сталі “сыравінай” для больш моцных суседзяў.

Па мянушцы “арганіст”

/i/content/pi/cult/794/17093/025.JPG

У 1839 годзе ў касцёле святога Яна быў урачыста адкрыты самы буйны арган у Вільні (дэпартаваны з Полацка). Толькі вярнуўшыся ў 1840 з Нямеччыны, Станіслаў Манюшка атрымаў там пасаду арганіста — і адразу пачаў шакаваць месцічаў віртуозным выкананнем твораў замежных майстроў. Але, як пісаў сябра кампазітара А.Валіцкі, многія з пагардай сталі называць Манюшку “арганістам”. Такая “мянушка” была кплівай: шараговыя віленскія арганісты мелі вельмі нізкі ўзровень адукацыі — як музычнай, так і агульнай. І гэта адбівалася на рэпутацыі Манюшкі, як выкладчыка музыкі — з чаго, уласна, і жыла яго сям’я. Таму, відаць, арганістам ён прапрацаваў нядоўга.

Уласныя творы Манюшкі, па словах Лаховіча, “на той момант яшчэ былі мала вядомыя. Але мяркуючы па некаторых ягоных уверцюрах, прадстаўленых у тэатры, па яго музыцы да некалькіх спеваў, належыць ускладаць на яго вялікія надзеі”. І надзеі пана Лаховіча, як мы ведаем, спраўдзіліся.

Працытуем нататку з “Tygodnik peterburski” (№ 79) за 1842 год пра “Pierwszy spiewnik domowy”. Яна выглядае сапраўдным панегірыкам маладому творцу, які меў толькі 23 гады: “Маем абавязак звярнуць асаблівую ўвагу чытачоў і чытачак пецярбургскіх на гэты плод. Калі літаратура наша апошнім часам дасягнула такіх вышыняў, на якіх цяпер яе бачым, у музыцы мы не мелі нічога, альбо мала што годнага агульных дасягненняў эпохі ў тым найкаштоўным з прыгожых мастацтваў. Але сённня кожны ведае аўтарскі твор, … які павінен быць прыняты з найвялікшай з нашага боку прыхільнасцю. Такое меркаванне маем пра спеўнік пана Манюшкі…”

Манюшка за перыяд 1838 — 1847 гадоў напісаў нямала рознакалібравых музычных твораў і прагнуў узяцца за оперу. А вось аб тым, каб яго візаві Штурм пакінуў хоць нейкую музычную спадчыну, звестак няма. Падобна, што і нашчадкаў ён не меў. Манюшка быў яго поўная супрацьлегласць. Усе дзеці — а было іх дзесяць — нарадзіліся ў “віленскі перыяд”, і таму яны, зразумела, ускосным чынам, сталі ахвярамі інтрыгаў Караля Штурма. Давайце ж пазнаёмімся з імі бліжэй. Альжбэта-Марыя (нар. 6 ліпеня / ахр. 6 жніўня 1841 — 1891), Станіслаў-Юзафат (нар.27 лістапада (?) 1843 — 1905), Баляслаў-Ян-Калікст (14 кастрычніка / 19 лістапада 1845 — 1902), Марыя-Рахеля-Эмерыка (5 лістапада 1846 / 2 студзеня 1847 — 1858), Казімір-Ігнат-Дамінік (31 траўня / 21 чэрвеня 1842 — 9 жніўня 1843). На момант, калі Станіслаў пісаў свой ліст адчаю (сакавік 1847-га), ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве, у верасні таго ж года, народзіцца дачка Ядвіга. Дапоўнім пачаты спіс, згадаўшы Сафію-Вікторыю-Эву (23 снежня 1849 / 3 студзеня 1850 — 1925), Аляксандру-Габрыэлю (5 ліпеня / 13 верасня 1852 — 1855), Яна-Антона-Чэслава (4 кастрычніка / 19 лістапада 1853 — 1908) і, нарэшце, Цыцылію-Юзэфу (11 красавіка / 21 траўня 1857 — каля 1907). Альжбэта і Ян пайшлі па мастацкай лініі, Баляслаў абраў музыку, а вось Казімір стаў чыгуначнікам.

Мой дом — мая крэпасць

У дадзеным выпадку славутае прыслоў’е падыходзіць як ніякае іншае. Штурм быў адарваны ад сваёй маткі-Польшчы і закінуты ў Літву. І ўсё, на што ён мог разлічваць — гэта пасаг жонкі, абаяльнасць і варшаўскія газеты, у якіх згадвалася яго імя. Нямала, але…

Манюшка ж быў “кроў ад крыві” беларусам-ліцьвінам. Тут ён меў шырокія гарызантальна-вертыкальныя сацыяльныя повязі. Пра радаводныя перакрыжаванні будзе далей. А вось пра сяброў сям’і, якія прысутнічалі на хростах, распавядзем падрабязней.

Вінцэнт Дмахоўскі (1805 — 1862) — мастак-пейзажыст, быў вучнем славутага віленскага мастака Рустэма, браў удзел у паўстанні 1831 года. Пазней перабраўся ў Варшаву

Станіслаў Расалоўскі (1797 — 1855) — хатні лекар Манюшкаў, паэт, палітолаг, блізкі супрацоўнік доктара Юльяна Цітуса (мецэнат і дырэктар Віленскага тэатра ў 1850-я, падтрымліваў сцэнічныя пачаткі Манюшкі), і, як і той, сябра Імператарскага Лекарскага таварыства ў Вільні. Перакладаў з лаціны, англійскай, французскай, вершы друкаваў у віленскіх часопісах. На некаторыя з іх Манюшка напісаў музыку.

Эдвард Жалігоўскі (1820 — 1864) — паэт-рамантык, прафесійны арыштант. Спярша па справе Шымана Канарскага, які рыхтаваў паўстанне ў 1838 годзе. Затым за “неблагонадёжное сочинение Иордан” у 1851 высланы з Вільні пад паліцэйскі нагляд у Петразаводск. Адтуль у Арэнбург, адтуль ва Уфу. Урэшце, лёс закінуў гэтага філосафа і паэта, які сябраваў з Тарасам Шаўчэнкам, у Парыж, дзе эмігранты ледзь не ажанілі яго (пры жывой жонцы!) з дачкой Адама Міцкевіча Аленай. Памёр вандроўнік у Жэневе... Дарычы, стрыечны дзед генерала Юльяна Жалігоўскага, “стваральніка” Сярэдняй Літвы.

Рахеля Плятэр — пляменніца Тадэвуша Касцюшкі, дачка Юзафа Касцюшкі.

Севярын Ромэр (1814 — 1890) — браў удзел у паўстаннях 1831 і 1863 гадоў. Меў намер падтрымаць паўстанцкі рух Шымана Канарскага (1838), але быў арыштаваны і высланы ў Варонеж.

Фларыян Міладоўскі (1819 — 1889) — славуты піяніст, кампазітар, дырыжор, які нарадзіўся ў Менску, а продкі ягоныя паходзілі з Клеччыны. Атрымаў выдатную музычную адукацыю, што дазволіла яму пісаць творы, якія вельмі высока цаніў Манюшка.

Ахілес Банольдзі (1821 — 1871) — спявак, літаратар, педагог. Паходзіў з італьянскай тэатральнай сям’і. У 1842 (?) годзе, па запрашэнні роду Лапацінскіх, прыбыў у Вільню. Пасябраваў з Манюшкам і стаў ягоным верным паплечнікам.

У біяграфічных нататках пра Банольдзі, падаецца, пакуль не знайшоў адлюстраванне такі факт. Яшчэ не ажаніўшыся з вільнянкай Леакадыяй Багнеўскай, з якой ён потым будзе мець дзвюх дачок, сябра Манюшкі ўсынавіў хлопчыка-падкідыша. У знойдзенай метрыцы віленскага касцёла святога Яна, датаванай 31 сакавіка 1842 года, сцвярджаецца, што ў гэты дзень было ахрышчана немаўля, атрымаўшы імёны Юзаф-Ахілес, а прозвішча яму прыёмны бацька даў сваё. Дарэчы, жонка Банольдзі асіставала на хростах Аляксандры і Яна Манюшкаў.

Ігнат Ляўковіч — у 1834 пачаў выдаваць у Вільні “Dziennik muzyczny”, але жыццё яго было кароткім.

Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля) (1822 — 1862) — славуты паэт (“Першы пасля Міцкевіча ў Літве”), празаік, гісторык літаратуры.

Варта згадаць і іншых асобаў — сваякоў Манюшкі Аляксандра і Адама Ваньковічаў, Габрыэлю з Ваньковічаў Дзяконскую, доктара і сябра сям’і Станіслава Вікшэмскага, Эдуарда Ільцэвіча...

Як мы бачым, Станіслаў Манюшка быў і годным бацькам, і выбітным творцам. Хоць гэта і прымушала яго ўвесь час жыць “на перадавой” чалавечых магчымасцяў.

А што ж Штурм?

Калі ж вы ўжо страцілі надзею даведацца, хто ж такі гэты Караль Штурм, які віртуозна іграў творы Ферэнца Ліста, і па ўсей верагоднасці, ведаў яго асабіста, і ў чым, уласна, была ягоная правіна перад Манюшкам, спяшаюся супакоіць. Пра гэта — у наступных серыях.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар