У кадры — Адам Міцкевіч

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Да 210-годдзя з дня нараджэння нашага земляка Адама Міцкевіча Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры распрацаваны шэраг мерапрыемстваў у межах праекта “Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў…”.

На працягу гэтага года праходзілі конкурсы дзіцячай творчасці, а таксама Міжнародны фотапленэр “Сцежкамі Адама Міцкевіча”, які адбыўся 27 — 29 чэрвеня. Пад час яго правядзення фотамайстры з нашай краіны, Польшчы і Літвы некалькі дзён вандравалі па Беларусі, па мясцінах, звязаных з асобай паэта, яго сяброў, родных: яны пабывалі ў фальварку Завоссе, на возеры Свіцязь, у Валеўцы, Райцы, Варончы, Карчове, наведалі Туганавіцкі парк, Наваградак, Шчорсы і Карэлічы.
Вынікам фотапленэру стала выстаўка “Сцежкамі Адама Міцкевіча”, якая адкрылася 18 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Фотамастакі з Беларусі Юрый Васільеў, Валерый Сібрыкаў, Сяргей Плыткевіч, Валерый Вядрэнка, Віктар Сядых, Наталля Ракіцкая, літоўцы Сігітас Канцявічус, Раймондас Пуйшыс, Рамуальдас Вайткус, палякі Ежы Пёнтак і Кшыштаф Макоўскі прадстаўляюць свае работы на гэтай выстаўцы.
У планах музея — правядзенне 20 верасня святочнага мерапрыемства ў музеі-сядзібе Міцкевіча ў Завоссі, дзе будуць узнагароджаны пераможцы конкурсаў, адбудуцца выступленні вядомых беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, а таксама творчых калектываў рэспублікі.
Дарэчы, праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Баранавіцкага райвыканкама, Польскага Інстытута ў Мінску і Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”.