Найперш дух і змест

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

У галерэі “Універсітэт культуры” праходзіла персанальная выстава жывапісца Уладзіміра Ісачэнкі “Дакрануцца да святла”. Мастак працуе ва ўсіх відах станковага жывапісу, мае досвед у манументальным мастацтве.

/i/content/pi/cult/794/17088/018.JPGСамы цікавы момант у творчай біяграфіі мастака — нечаканая для публікі змена стылёвых, тэматычных ці сэнсавых прыярытэтаў. Скажам, дасягнуў чалавек пэўных поспехаў у фігуратыўным мастацтве, набыў прыхільнікаў сярод глядацкай грамады і аўтарытэт у коле калекцыянераў і раптам становіцца іншым — засяроджваецца на эксперыментах з формамі і фактурамі, з лініямі і плямамі. А то і ўвогуле закідвае ў далёкі кут пэндзлі і фарбы і пачынае пісаць вершы ці музыку. Робіць тое, што, здаецца, не мае ніякага дачынення да папярэдняга прафесійнага досведу.

Уладзімір Ісачэнка ў такія крайнасці не кідаўся, як быў прыхільнікам рэалістычнага ўспрымання/адлюстравання свету і патрыётам жывапісу, так ім і застаўся. Але раней ён паспяхова шчыраваў у галіне краявіду, нацюрморта, партрэта, а цяпер сканцэнтраваў творчыя высілкі на асэнсаванні Святога пісання.

Гэта даволі радыкальны крок для чалавека, які ўжо мае імя, напрацаваны досвед і пазнавальны стыль. Можна сказаць, што ўсе мы калісьці прыходзім да Бога.

Як на маю думку, тое, што робіць сёння спадар Уладзімір — гэта іканапіс. Прынамсі, іканапісную стылістыку мастак бярэ за аснову, але канона трымаецца толькі ў тых выпадках, калі гэта пасуе ягонаму ўласнаму бачанню тэмы і сюжэта. Я не ўпэўнены, што работы Уладзіміра Ісачэнкі былі б прыхільна прыняты кансерватыўным рэлігійным асяроддзем. Але тых, хто лічыць, што сёння праваслаўе пры захаванні традыцыйных каштоўнасцяў мусіць адпавядаць новым рэаліям, у тым ліку і эстэтычным, яны маглі б зацікавіць.

/i/content/pi/cult/794/17088/019.JPGТворы Уладзіміра Ісачэнкі выклікаюць у маёй памяці работы і міжнародных іканапісных пленэраў у Навіцы, на мяжы Польшчы і Украіны, якія ўяўляюць з сябе рэфлексію над біблейскімі прыпавесцямі мастакоў з краін, дзе праваслаўе — дамінуючая рэлігія. Выніковая выстава адного з такіх пленэраў экспанавалася некалькі гадоў таму ў мінскай галерэі “Універсітэт культуры”.

У гісторыі рускага праваслаўя былі чорныя старонкі, калі агрэсіўна-атэістычная ўлада ператварыла храмы ў турмы, манастары — у канцэнтрацыйныя лагеры, мноства носьбітаў рэлігійнай духоўнасці з ліку святароў і вернікаў падвергла катаванню. Сімвалам гэтых пакут сталі Салаўкі — фарпост Хрыстовай веры на Рускай Поўначы. Да гэтай трагічнай тэмы стала звяртаецца і наш мастак. Прадстаўлена яна была і на гэтай выставе.

У інтерв’ю Беларускаму тэлебачанню Уладзімір Ісачэнка, адказваючы на пытанне карэспандэта, якія тры кнігі мастак лічыць у сваім жыцці самымі галоўнымі, сказаў, што хопіць і адной — Бібліі. І дадаў, што водгулле біблейскіх прыпавясцяў, развіццё выкладзеных у Бібліі сацыяльных ідэй і маральных прынцыпаў ён знаходзіць у Талстога, Дастаеўскага, Коласа.

Пабачанае на выставе для мяне з’яўляецца аргументам на карысць думкі, што ікона — гэта не жорсткі канон, не аднойчы зацверджаны комплекс мастацкіх прыёмаў. Прынамсі, гэта не галоўнае. Ікона — найперш дух і змест. І калі ікона напісана таленавітым майстрам, яна пры захаванні традыцыйных, нават архаічных рыс становіцца творам сучаснага мастацтва ў кантэксце актуальнай рэчаіснасці. Уладзімір Ісачэнка якраз такі майстар.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"