Дзень любові да кнігі

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

15 верасня, у Дзень бібліятэк, на плошчы перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка Францыску Скарыну.

На ўрачыстым мітынгу намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш адзначыў, што высокія інфармацыйныя тэхналогіі не заменяць традыцыйную кнігу. Разам з укараненнем у работу бібліятэк Інтэрнэта будзе няўхільна павялічвацца і бібліятэчны фонд, падкрэсліў Віктар Кураш.
Паводле слоў намесніка міністра культуры, у апошнія гады дзяржава накіроўвае шмат сродкаў на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі. Ён падзякаваў бібліятэкарам за прапаганду любові да кнігі.
Ва ўрачыстасцях каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Мінгарвыканкама, бібліятэчнай грамадскасці, а таксама творчых калектываў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.Нагадаем, што Дзень бібліятэк быў устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 верасня 2001 года, калі распачалося будаўніцтва новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

Наш кар.