Таямніцы Манюшкаў

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

У жыцці Станіслава Манюшкі было нямала знаёмстваў, прыемных і іншых. Зрэшты, як і ў любога іншага чалавека. Аднак рэдка каму “шанцуе” займець “смяротнага ворага”, які б не толькі доўгія гады старанна атручваў вам жыццё, але і гатовы быў бы і на больш радыкальныя крокі. Менавіта такім праўдзівым — а не аперэтачным — “нягоднікам” уяўляецца варшаўскі (а пазней віленскі) музыкант Караль Штурм. Уяўляецца з лістоў Станіслава Манюшкі. Але ж ці было так насамрэч? Варта разабрацца.

/i/content/pi/cult/793/17079/024.JPG“Бельвэдэр” над Вяллёй

У папярэдняй частцы я згадваў, што дзядзька жонкі кампазітара Аляксандры Станіслаў Мюлер памёр 15 чэрвеня 1847 года на руках жонкі, дачкі і зяця (Караля Штурма). Здарылася гэта не ў самой Вільні, дзе Мюлеры мелі вялізарны дом. За нейкі час да смерці Станіслава яны перабраліся ў ваколіцы горада, дзе быў больш здаравейшы клімат. Ігнат Ходзька ў некралогу сябру называе апошняе месца яго жыхарства “бельвэдэрам”. А паколькі гэты “бельвэдэр” быў адзіны і, да таго ж, вельмі вядомы дзякуючы сувязям са славутымі асобамі, пра яго варта распавесці асобна.

Размяшчалася гэтая сядзібка непадалёк ад цэнтра — да яе можна было без напругі дайсці пешшу ў любую пару года. Дзе дакладна, невядома, але згадваецца, што ў вельмі прыгожым месцы на беразе Віліі. Сёння яе называюць Нярыс, але ад першых згадак Вільні і ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў дакументах і на картах рака была Вяллёй або Віліяй.

Першым вядомым на сённяшні дзень уласнікам “бельвэдэра” быў славуты лекар, прафесар Віленскага ўніверсітэта Аўгуст-Людвік Бекю (1775 — 1824). Нашчадак французаў-пратэстантаў, якія ў XVII стагоддзі адшукалі прытулак у Прусіі, нарадзіўся ён ужо ў ВКЛ, у каралеўскім горадзе Гародні. Там жа атрымаў першую школьную адукацыю, якую пазней працягнуў у Галоўнай Літоўскай школе (будучы Віленскі ўніверсітэт), скончыўшы яе з залатым медалём. Пабываў на стажыроўцы ў Шатландыі, куды быў пасланы ад Віленскага ўніверсітэта. Па вяртанні першым у былым ВКЛ пачаў рабіць прышчэпкі ад воспы, якая, разам з халерай, у тыя часы наносіла насельніцтву нашых земляў страты, не меншыя, чым любая з войнаў. Выдаў пра вакцынацыю адмысловую брашуру — агулам, дарэчы, працаў у яго шмат. А ў супрацы з прафесарам Юзафам Франкам заснаваў пры ўніверсітэце інстытут вакцынацыі!

Калі б не справа філаматаў, магчыма, ніхто б і слова дрэннага пра яго не сказаў. Але пашчасціла гэтаму прафесару-гігіенолагу застацца ў памяці “як навушніку Навасільцава” ды “прыгнятальніку перадавой віленскай моладзі”. Хоць доказаў таму, што ён актыўна супрацоўнічаў у гэтым накірунку з расійскімі ўладамі, знойдзена не было. Тым не менш, калі прафесар-медык, 26 жніўня (7 верасня) 1824 года быў забіты шаравой маланкай у сваім пакойчыку пры ўніверсітэце насупраць касцёла святога Яна, шмат хто ўбачыў у гэтым “Божы провід” — пакаранне за здраду. Праўда, былі і тыя, якія звязвалі “провід” з іншай справай. Нібыта Бекю, змагаючыся за лепшае месца пад сонцам, выжыў з Collegium medicum пры ўніверсітэце іншага выкладчыка Лабенвайна, чым выклікаў вялікую хвалю абурэння. Іншымі словамі, прылёт маланкі задаволіў многіх.

Наш славуты паэт і адзін з філаматаў Адам Міцкевіч паспяшаўся ўвесці злавесную асобу Доктара (Бекю) у “Дзяды” (ІІІ частка) — што, на думку даследчыкаў, справакавала лютую варажнечу паміж аўтарам і іншым паэтам Юліем Славацкім. Бо Бекю, застаўшыся ўдаўцом, ажаніўся з маці Славацкага, якая таксама страціла сужонка. Славацкі, які вельмі любіў айчыма, не змог дараваць Міцкевічу здзек з памяці Бекю.

Але вернемся да “бельвэдэра”. Гэты дамок, звязаны яшчэ і з памяццю славутага паэта, пасля смерці Бекю перайшоў у спадчыну ягоным дочкам. Вядома, што ў 1833-м годзе ён быў маёмасцю сваякоў прафесара — Мяноўскіх і Янушэўскіх. А вось наступная згадка звязваецца ўжо з імем Станіслава Мюлера. Ці зняў ён “бельвэдэр” у арэнду як лецішча, або набыў яго ў сваякоў Бекю, застаецца таямніцай. Як і тое, што сталася з дамком пасля смерці Мюлера. Для нас важна адно: менавіта “бельвэдэр”, верагодна, быў першым віленскім адрасам Штурма, дзе ў “віленскі брук” прарос ягоны “варшаўскі корань”.

Арыя варшаўскага госця

/i/content/pi/cult/793/17079/025.JPGМы ўжо ведаем, што Караль Штурм ажаніўся са стрыечнай сястрой жонкі Станіслава Манюшкі Сафіяй Мюлер. Але акалічнасці гэтага шлюба былі невядомыя манюшказнаўцам. Перакажам тут метрычны запіс, у якім ёсць цікавыя падрабязнасці ўрачыстасці.

Шлюб яны ўзялі 11 жніўня 1846 года ў віленскім касцёле святога Яна. Караль Штурм меў 29 гадоў, а яго абранніца Сафія была на год маладзейшая. У метрыцы згадваюцца бацькі маладых — Вінгельм Фердынанд і Апалонія з Напяркоўскіх Штурмы і Станіслаў ды Альжбэта з Закрэўскіх Мюлеры.

У адрозненне ад Аляксандры, у якой у дзень шлюба “аднялі пару гадоў жыцця”, амаладзіўшы яе з 22 да 20 гадоў, у выпадку з Сафіяй указаны ейны рэальны — і даволі паважны, як на “маладую” — узрост. Што да Штурма, ён, як вынікае з метрыкі, з’явіўся ў Вільні не пазней за ліпень 1846 года.

Што ж магло справакаваць перасяленне “сталічнага сіраты” з Варшавы ў Вільню — ды яшчэ адразу зрабіць яго сваяком Манюшкі? На гэты конт маю сваю тэорыю.

У 1846 годзе Станіслаў Манюшка вырашае ехаць у Варшаву. Ехаць разам з жонкай, пакінуўшы малых дзетак на бабулю Мюлераву. Рашэнне цвёрдае, і яго рэалізацыі не магло перашкодзіць нават тое, што сыну Баляславу не было і года, бо нарадзіся ён ў кастрычніку 1845-га. Ды і астатнія дзеці — Альжбэта (ліпень 1841-га), Станіслаў (лістапад 1843-га) - вырасці яшчэ не паспелі. Да ўсяго, сама Аляксандра ўжо была цяжарная Марыяй, якая з’явіццца на свет у лістападзе 1846-га.

Манюшка ішоў ва-банк. У сваім лісце да варшаўскага крытыка Юзафа Сікорскага, датаваным 9 лютага, кампазітар загадзя абвясціў пра намер прыехаць у Варшаву ўлетку 1846 года. Мэтаў было шмат, але адна з галоўных — пошук лібрэціста. Манюшка, які паспрабаваў сябе ў малых музычных формах, адчуў, што здольны замахнуцца на буйны твор — оперу. Але … “Тут, у Вільні, не маю здольнага да напісання лібрэта” — пісаў ён.

Сабраўшы ўсё неабходнае, праінструктаваўшы бабулю ды пацалаваўшы дзетак, Манюшкі выехалі ў Варшаву.

Улетку 1846 года ў Польшчы было неспакойна. На землях, акупаваных аўстрыйцамі, завяршалася грамадзянская вайна. Палыхалі сядзібы, сяляне жахлівым чынам забівалі шляхту і ксяндзоў. Як пісала ў сваёй кніжцы Надзея Друцкая (“Stanislaw Moniuszko. Zycie i tworczosc”, 1966) думкі Манюшкі на гэты конт былі даволі цвярозыя. Нібыта сваёй жонцы ён тлумачыў тыя трагічныя падзеі тым, што эгаістычная шляхта стагоддзямі крыўдзіць сялянаў. Паміж сядзібай і вёскай адвечная непрыязнасць і нават нянавісць. Любыя патрыятычныя заклікі шляхты не даходзяць да свядомасці сялянаў, бо тыя бачаць у іх чарговае ашуканства. І гэтая нянавісць не дазваляе сфармавацца нацыянальнай салідарнасці.

Так разважаючы, Станіслаў і Аляксандра напачатку лета прыязжаюць у Варшаву. І цяжкія, але справядлівыя думкі, і прыезд праз нейкі час нарадзілі знакамітую оперу “Галька”. Але ж нас цікавіць Штурм, які неўзабаве пачне штурмаваць віленскія бастыёны.

Як вядома з ліставання Станіслава Манюшкі з Сікорскім, у будучых антаганістаў у Варшаве было шмат агульных знаёмых. Гэта вытлумачальна, бо Штурм быў ужо немаладым варшавянінам з вядомай сям’і, меў брата-тэатрала, і, да таго ж, таксама займаўся музыкай. Магчыма, меў і вялікія амбіцыі. Верагодна, вандруючы па варшаўскіх салонах, завязваючы і развіваючы знаёмствы і творчыя стасункі, Манюшкі і пазнаёміліся з ім. Думаецца, што менавіта ад Аляксандры Штурм і пачуў пра Сафію. Жонка кампазітара, пэўна, перажывала за лёс стрыечнай сястры, якая засядзелася “ў нявестах”, а паколькі ў Вільні добра ведалі яе характар, ахвотных прапанаваць руку і сэрца там не знаходзілася.

І ў Штурма адразу абудзіўся інтарэс. Як наймалодшы сын, па смерці бацькі ён, верагодна, амаль нічога са спадчыны не атрымаў. А тут раптам — адзіная дачка такой нябеднай і вядомай асобы, як Станіслаў Мюлер. Ва ўсялякім выпадку, такі ход думак выглядае цалкам лагічным. Бо не ўсе ж вераць у цуды “завочнага кахання”.

І вось, пакуль Манюшка рыхтуецца да варшаўскай прэм’еры “Латарэі”, Штурм выязжае “на перакладных” у Вільню. Маючы “сталічны шарм”, валодаючы “сакрэтамі спакусы” іншага ўзроўню (а можа, і не маючы, і не валодаючы, а проста патрапіўшы ў сіло, якое яму падрыхтавалі Мюлеры), Штурм вокамгненна заручыўся з Сафіяй. І ажаніўшыся з ёй, у тым самым годзе стаў віленчуком.

Пачаткі вайны

Зразумела, што на ролю Антоніа Сальеры Караль Штурм трошкі не дацягваў, бо і ўсеагульнай пашанай у Вільні не карыстаўся, ды і творчы даробак мае значна больш сціплы (да гэтага часу не знойдзена слядоў хоць якіх яго твораў). Нават пушкінскі вобраз “зайздросніка-атрутчыка” і тое падыходзіць не цалкам. Бо зайздрасць, відаць была, а вось замахнуцца кінжалам на Манюшку Штурм не наважыўся. Тым не менш, падзеі разгортваліся імкліва.

Толькі-толькі атабарыўшыся ў Вільні, Штурм распачаў нейкую пазакадравую, але бурлівую дзейнасць, скіраваную супраць Станіслава Манюшкі. Ды такую бурлівую, што Манюшка ўжо ў сакавіку наступнага 1847 года піша да Сікорскага ліст, поўны роспачы: “Дадай да таго інтрыгі, якімі намагаецца сапсаваць добрую славу, якую мне ўдалося атрымаць у тутэйшай грамадскасці — спружына гэтага бруду ваш Караль Штурм, які асеў у Вільні і хоча даваць лекцыі — разумеш, што гэта канкурэнцыя. Хоча мне шкодзіць, але цяжка ідуць намаганні — тым большая зацятасць! Баюся нават, ці не сягнула вашага горада, бо супольных маем знаёмых. Ты мне спрыяй, дарагі Юзаф, і сваім пяром падмацоўвай маю самлелую рашучасць” .

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар