Баркалабаўскія хронікі

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Першае, што прыходзіць на розум, калі чуеш назву дадзенага населенага пункта, вядома ж, — “Баркалабаўскi летапіс”. У гэтым помніку айчыннай гісторыка-мемуарнай літаратуры другой паловы ХVI — пачатку XVII стагоддзяў зафіксаваныя падзеі, якія ахопліваюць перыяд 1545 — 1608-х гадоў, што мелі месца на тэрыторыі шэрагу цяперашніх беларускіх зямель. Даследчыкі дакумента мяркуюць — складзены ён быў святаром вёскі Баркалабава Фёдарам Філіповічам Магілёўцам. Я ж сустрэўся ў гэтым ужо аграгарадку з тымі, хто стаіць на варце яго сённяшнiх хронік.

/i/content/pi/cult/793/17075/017.JPGЗацікавіць людзей

У 2007-м Баркалабаўскі Дом культуры быў рэарганізаваны ў культурна-спартыўны цэнтр і з тых часоў у яго памяшканнях можна не толькі аддацца захапленням у вобласці, да прыкладу, дэкаратыўна-прыкладнога або тэатральнага мастацтваў, але і ўмацаваць у трэнажорнай зале чатырохгаловую цягліцу сцягна. А кіруе гэтым “сімбіёзам” Алена Усава, што аддала культуры больш за трыццаць гадоў. Асоба гэта, без перабольшання сказаць, у чымсьцi нават легендарная ў дадзенай сферы жыццядзейнасці чалавека для Магілёўскай вобласці.

Здаўна ў КСЦ павялося так: штомесяц у ім арганізуюцца філарманічныя пляцоўкі, дзе выступаюць народныя калектывы Магілёўшчыны. Заязджалі сюды і артысты з Мінска і Гомеля, якія носяць такія ж званні. І прадстаўнікі Дзіцячай школы мастацтваў Быхава дэманстравалі тут сваё майстэрства.

/i/content/pi/cult/793/17075/018.JPG— У месяц у нас праходзяць чатыры — пяць канцэртаў, — кажа загадчыца. — А ў студзені ўпершыню правялі “Калядныя вячоркі” — апрабавалі новую форму правядзення мерапрыемстваў, што нагадвае старыя тэлевізійныя “Блакітныя агеньчыкі”. На сцэне залы за круглым сталом сабраліся 50 — 80-гадовыя жыхары аграгарадка, для якіх гучалі песні іх маладосці ў выкананні артыстаў цэнтра, а госці падпявалі. Яны і проста размаўлялі паміж сабой, і яшчэ мы ім прапанавалі гульнявую праграму. Тры гадзіны ішла iмпрэза. Засталіся задаволеныя ўсе! І ў далейшым будзем праводзіць такія сустрэчы, ужо і сцэнарыі гатовыя.

А з канцэртна-гастрольнай актыўнасцю ва ўстанове ўсё ідзе настолькі добра, што ў тым жа 2007-м ёй быў падораны новы раяль, — каб і свае майстры чорных і белых клавіш маглі парадаваць публіку “свежым” гучаннем, і прыезджыя. Самыя ж масавыя мерапрыемствы ў Баркалабаве праходзяць у цёплы час года. Зразумела, не ўсіх трыста з лішнім чалавек яны збіраюць, але калі летам сюды прыязджаюць запрошаныя цыркавыя, шчасцю мясцовых дзетак няма мяжы!

Для іх і для дарослых у цэнтры дзейнічаюць сем клубных фарміраванняў. У вакальным гуртку “Дзяўчаты” займаюцца тыя, хто любіць эстрадную песню; у тэатральна-драматычным “Маска”, акрамя ўсяго іншага, дзетак вучаць правядзенню абрадаў, ну а ў гатовых ужо да паказу такіх імпрэзах удзельнічаюць іх старэйшыя калегі. У аматарскім аб’яднанні “Умелые ручки” рэалізуюць свае таленты ўмельцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у “Рукадзельніцы” — вышыўкі і шыцця, у дыскаклубе “Твой фармат” — прыхільнікі стылю дыска і сучасных рытмаў, у “Здароўе” — здаровага ладу жыцця. Між іншым, на базе КСЦ створана спецыяльная агітбрыгада, што прапагандуе ЗЛЖ. Яна ездзіць па раёне з пазнавальнымі праграмамі пра шкоду курэння і наркотыкаў, заклікаючы людзей весці правільны лад жыцця. Асабліва сярод фарміраванняў Алена Андрэеўна адзначае “Спадчыну”:

— Гэта, калі так можна выказацца, наша галоўнае аб’яднанне, дзейнасць якога накіравана на адраджэнне мясцовых традыцый, захаванне рэчыўных рэліквій. Натуральна, іх носьбіты — найстарэйшыя жыхары Баркалабава, — разам з пакаленнем маладзейшым, тых, хто неабыякавы да гісторыі свайго краю, таксама ўваходзяць у яго склад. Наогул жа, варта сказаць, людзі сталі больш заціснутымі, ці што. Стараемся зацікавіць іх самымі рознымі праектамі, і ад насельніцтва аграгарадка хочацца рэакцыі ў адказ пажывей. Аднак зала цэнтра на 180 месцаў не пустуе: на канцэрты артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі прыходзіць па 130 чалавек, нашых калектываў — па 70. Iмпрэзы на адкрытым паветры наведваюць пад 200.

Паказала мне Алена Усава і музейны пакой, якi дзейнічае ў КСЦ. Прычым, прадметы старадаўняга сельскага побыту, што мелі “хаджэнне” ў гэтай мясцовасці ў спрадвечныя часы, не ляжаць тут “мёртвымі” артэфактамі, а выстаўляюцца падчас выязных мерапрыемстваў у выглядзе падворкаў. Стацыянарная экспазіцыя перыядычна змяняецца за кошт новых знаходак і рэчаў, што былі адрэстаўраваны ўласнымі сіламі, якія, здавалася б, не падлягалі аднаўленню. У прынцыпе, усю гісторыю гэтага краю можна прасачыць па прадстаўленых у міні-музеі экспанатах — па тых жа старых цацках, прайгравальніку, фатаграфіях, паштоўках, лістах з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, падзяках ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага…

Сумкі з кнігамі

— Старэйшае пакаленне па-ранейшаму аддана папяровым выданням, — канстатуе Святлана Чухманава. — Мне адна пенсіянерка распавяла такую гісторыю. Унук прапанаваў ёй купіць электронную кнігу, а яна адмовілася, — з-за таго, што павінна адчуваць паперу пад рукамі, а не пластык! Далёка не ўсе цяперашнія дзеці разумеюць такое стаўленне да кнігі…

І, тым не менш, у Баркалабаўскую сельскую бібліятэку яны прыходзяць — хоць бы за тымі творамі, што праходзяць па школьнай праграме. Але ёсць і сапраўдныя аматары кнігі, тыя, у якіх вочы на іх гараць. Як у дзвюх трэцякласніц з вёскі Ліпаўка Холстаўскага сельсавета Быхаўскага раёна. У кожны свой візіт у кніжніцу яны набіваюць поўныя сумкі літаратуры. Бібліятэкар шкадуе іх, маўляў, цяжка ж, не бярыце столькі, не данесяце. “Не, — адказваюць ёй, — нам хочацца пабольш узяць, вы ж ведаеце, як мы любім чытаць”.

— Чым адрозніваецца праца гарадскога бібліятэкара ад сельскага? — задае сама сабе пытанне Святлана Васільеўна. — Яшчэ і тым, што ў горадзе ў маіх калегаў ёсць пэўныя ўчасткі, за якія яны адказваюць, няхай гэта будзе абанемент, аддзел камплектавання і гэтак далей. А я і літаратуру выдаю, і здымаю копіі з таго, што мне прынеслі наведвальнікі, з камп’ютарнымі паслугамі ім дапамагаю, вяду дакументаабарот, практычна ва ўсіх мерапрыемствах культурна-спартыўнага цэнтра ўдзельнічаю, у тым ліку, выязных.

У такія паездкі спадарыня Чухманава захоплівае з сабой кнігі, газеты, часопісы, прапаноўваючы іх мясцовым жыхарам. А “звычайнае” абслугоўванне чытачоў на даму Святлана Васільеўна ажыццяўляе па чацвяргах: пешшу або на ровары, таксама з торбай — поўнай кніг і перыядычных выданняў — яна развозіць іх тым, хто ў сілу нейкіх прычын не можа прыйсці ў бібліятэку. І яшчэ аб сумесных з Цэнтрам мерапрыемствах: да кожнага з іх бібліятэкар рыхтуе выставы кніг, якім-небудзь чынам тэматычна звязаных з імі.

Развітваючыся, Святлана Чухманава паведаміла мне пра тое, што, аказваецца, Баркалабава з’яўляецца і радзімай некалькіх казак! На жаль, часу выслухаць хаця б адну з іх у поўным аб’ёме ў мяне ўжо не было. А значыць што? Правільна! Трэба будзе знайсці дзень і выбрацца ў гэты гістарычны край зноў, каб апынуцца ў сваім дзяцінстве, калі мама ўкладвала сыночка спаць, распавядаючы яму якое-небудзь паданне або легенду…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"