Адным словам, класік!

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэату дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэату I Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі “крытыка і мастацтвазнаўства”, лаўрэату прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, уладальніку медаля Францыска Скарыны, гісторыку мастацтваў, даследчыку і журналісту Барысу КРЭПАКУ — 80!

/i/content/pi/cult/793/17073/015.JPGТыя, хто прафесійна працуе са словам, ведаюць, што найцяжэйшая справа —гаварыць ці пісаць пра агульнавядомае. Для мяне і маіх калег журналістаў і мастацкіх крытыкаў з’яўляецца відавочным фактам тое, што Барыс Крэпак, якому 10 красавіка споўнілася 80 гадоў — знакавая постаць у нашай культуры. У беларускім мастацтвазнаўстве ён займае такое пачэснае месца, як Міхаіл Савіцкі ў жывапісе, Анатоль Анікейчык у скульптуры, Васіль Шаранговіч ў графіцы. Адным словам, класік. Што да гэтага дадаць, што прамовіць пра яго звыш таго, што ён сам сцвердзіў сваімі творамі ўнікальнасць нашага мастацтва і нашай краіны, і такім чынам распавёў грамадзе пра сябе самога — бо творчасць ёсць самы дакладны аўтапартрэт творцы? Цяжка сказаць нешта новае пра тое, што ўсім вядома.

Тым жа, хто шчыруе ў справе асвятлення мастацкіх працэсаў у Беларусі, не ведаць ягоных кніг і грунтоўных публікацый у перыядычным друку проста несумленна, нават сорамна.

Асабіста для мяне Барыс Аляксеевіч старэйшы калега. Ведаю яго з 80-х. Мой прафесійны здабытак на момант знаёмства з ім складаўся з некалькіх публікацый хутчэй інфармацыйнага, чым аналітычнага кшталту. Ён жа быў у статусе мэтра. На ягоных публікацыях я засвойваў прафесію журналіста, мастацкага крытыка.

Ён ніколі не выкладаў у Акадэміі мастацтваў, але тым не менш стварыў школу. Бо кожны, хто сёння піша пра наша выяўленчае мастацтва, мусіць звяртацца да твораў Барыса Крэпака, як да крыніцы іфармацыі і… натхнення. Так, менавіта натхнення. Бо знаёмства праз ягонае пасярэдніцтва з гістарычнымі дасягненнямі нашай культуры, з выдатнымі прадстаўнікамі беларускага ды сусветнага мастацтва спараджае гонар за Бацькаўшчыну і настройвае на творчы лад.

Сярод зробленага Барысам Аляксеевічам я найбольш шаную эпапею вяртання ў беларускую свядомасць забытых імёнаў нашых выдатных творцаў, чыя спадчына раскіданая па ўсім свеце, чые імёны залічаны ў нацыяльныя пантэоны нашых бліжэйшых суседзяў і далёкіх краін. Гэта праца надзычай актуальная сёння, калі Беларусь набыла статус суверэннай дзяржавы, і надышоў час, як прынята казаць, “збіраць камяні”. Тыя камяні, што кладуцца ў падмурак духоўнага суверэнітэту краіны.

Мне неяк і не верыцца, што Барысу Аляксеевічу 80 гадоў, хоць гэты факт біяграфіі не аспрэчыш. Не выглядае ён на такі шаноўны ўзрост, далібог! Як заўжды чакаю новых публікацый і грунтоўных доследаў старэйшага калегі.

Калектыў газеты “Культура”, працы ў якой Барыс Аляксеевіч прысвяціў бадай чвэрць века ды і цяпер з’яўляецца яе актыўным і аўтарытэтным аўтарам, а таксама часопіса “Мастацтва” рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” ад шчырага сэрца віншуюць юбіляра, зычачы яму здароўя, плёну, новых адметных твораў!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"