Сёлета мэтру нашага жывапісу споўнілася 97 гадоў. Я задумваўся над гэтай лічбай, калі днямі наведаў Галерэю Леаніда Шчамялёва, што месціцца ў Старым горадзе побач з галерэяй другога карыфея беларускага мастацтва — Міхаіла Савіцкага. У гэтай акалічнасці можна знайсці нейкі сімвалічны сэнс. На адной прасторы сышліся два розных погляды на лёсавызначальныя для краіны і свету падзеі. А ты, глядач, думай і выбірай, што табе больш пасуе, больш па душы. Людзі аднаго пакалення, ветэраны адной вайны, вынеслі з жыццёвых пакут дыяметральна розны досвед. Савіцкі ўсё жыццё ў думках і адправедна ў творчасці звяртаўся да ваенных жарсцяў і жахаў. Шчамялёў жа сваімі карцінамі нібыта гаворыць, як цудоўна жыць і радавацца простым рэчам і з’явам, калі табе пашчасціла выжыць там, дзе многія з твайго пакалення паляглі. Стаўленне да ваеннай тэмы ў Леаніда Дзмітрыевіча заўжды было сур’ёзным, але ніколі на гэтай тэме ён не засяроджваўся цалкам — так, каб не заставалася ўяўнай прасторы для іншага. У адным са сваіх інтэрв’ю, згадваючы імпрэзы, куды яго запрашалі як удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ён сказаў, што яму цяжка зразумець тых ветэранаў, якія па-ранейшаму нібыта знаходзяцца ў акопах на той вайне і не зважаюць, што свет з часоў іх маладосці радыкальна змяніўся.
Як мне падаецца, ён першым у нашым мастацтве сказаў, што пакутвалі, змагаліся і перамагалі мы дзеля таго, каб пасля вайны ў гарманічным і чалавечным, мірным свеце нам самім трэба быць больш разумнейшымі і чалавечнымі. Нездарма шырокай грамадзе Леанід Шчамялёў вядомы найперш творамі, дзе ўвасоблены блізкія і дарагія яму людзі — сваякі і сябры. А што ў жыцці ёсць даражэйшае за каханне ды сяброўства?
У Галерэі Шчамялёва пастаянную экспазіцыю складаюць класічныя творы мэтра, што трывала ўвайшлі ў анталогію беларускага выяўленчага мастацтва. У тым ліку і прысвечаныя Вялікай Айчыннай і іншым драматычным падзеям нашага гістарычнага абсягу. А прастору для зменных выстаў у момант майго апошняга наведвання галерэі запоўнілі работы са збору сям’і Леаніда Дзмітрыевіча — тое, што мастак рабіў найперш для сябе, можа нават і не плануючы выстаўляць на публіку. Гэта партрэты маці, жонкі, дзяцей, унукаў. А яшчэ замалёўкі, якія можна параўнаць з дзённікавымі нататкамі. Частка з іх потым лягла ў аснову карцін, а штосьці так нататкай і засталося.
Тое, што зараз экспануецца ў галерэі, добрая нагода паразважаць пра феномен мастацтва Леаніда Шчамялёва. Кожны з чыннікаў карціны аўтарства Шчамялёва не заўсёды ўражвае. Даволі ўмоўны малюнак і прасторавая структура; форма будуецца праз святло і цень — ніякіх паўтаноў і адценняў, колер лакальны, амаль без нюансаў. У партрэце і сюжэтных карцінах мастак пазбягае складаных ракурсаў. Але пры гэтым вельмі прывабны вобразны лад, настраёвасць і пэўны псіхалагізм у партрэтах, выкананых у выразна-эцюднай манеры.
Як па мне, у партрэтах работы Шчамялёва, калі ён піша дарагіх яму людзей, ёсць нешта ад вельмі шанаванага мной Амедэа Мадзільяні. Гэта здольнасць зазірнуць у душу, не засяроджваючыся на неістотным, ігнаруючы дробязі, якія толькі адцягваюць увагу ад сутнаснага.
І яшчэ я захапляюся здольнасцю гэтай асобы жыць на “другім дыханні”, не збівацца з творчага рытму. Нават не верыцца, што мастаку 97…