Карэктывы? Але ж яны часовыя...

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

У сённяшніх умовах, у сувязі са скарачэннем колькасці наведвальнікаў у многіх установах культуры, не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах Беларусі адбываецца паступовы пераход у анлайн-фармат. Натуральна, у раёнах да гэтай віртуальнай працы, якая часам не толькі дапаўняе, але і нават замяняе традыцыйныя формы работы, паставіліся з разуменнем і адчуваннем неабходнасці падобных крокаў. Як сёння працуюць супрацоўнікі сферы культуры ў розных гарадах краіны — даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/793/17070/09.JPGКалі ласка, мне кнігу на дом!

Як адзначаецца на сайце Міністэрства культуры Беларусі, праца дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання сёння арганізавана ў адпаведнасці з рэпертуарнымі планамі гэтых арганізацый і рэкамендацыямі, апублікаванымі 12 сакавіка Міністэрствам аховы здароўя. Такім чынам, установы культуры цяпер працуюць у крыху іншым рэжыме, чым звычайна, прыстасоўваючыся да рэалій сённяшняга дня.

Напрыклад, у Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна сёння не ладзяць масавыя мерапрыемствы, у чытальных залах сталы чытачоў стаяць не менш як у 1,5 — 2 метрах адзін ад аднаго, сродкі дэзінфекцыі ёсць як на ўваходзе ва ўстанову культуры, так і ў бібліятэчных залах каля кожнага супрацоўніка.

— Колькасць наведвальнікаў у нас крыху зменшылася, бо масавыя мерапрыемствы мы сёння не ладзім, — кажа дырэктар бібліятэкі Ілона Сарокіна. — Разам з тым, паток людзей на абанеменце не змяншаецца: людзі актыўна прыходзяць, бяруць шмат кніг. Акрамя таго, мы прапануем на сваім сайце паслугу для тых, хто жадае замовіць кнігі на дом. Названая паслуга, дарэчы, цалкам бясплатная для літаратуры з абанемента, ёй можа скарыстацца любы чытач.

Акрамя таго, кожны ахвотны можна з дапамогай электроннага каталога адшукаць патрэбны яму артыкул у газеце ці часопісе, а бібліятэкары дашлюць копію замоўленага матэрыялу на электронную скрыню чытача.

І, зразумела, магілёўскія бібліятэкары сёння даволі няблага актыўнічаюць у анлайне. Напрыклад, ладзяць там віртуальныя выставы, прычым, як персанальныя, скажам, “Святло яго душы” (да 120-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова), “Майстар крышталёвай шчырасці” (да 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава), “Жывапісец Магілёўскага краю” (да 150-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака Паўла Масленікава) ды іншыя, так і тэматычныя — для дзяцей, студэнтаў, абітурыентаў...

Падобным чынам арганізавана праца і ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна. Як расказала дырэктар установы Таццяна Адамян, з 30 сакавіка ў бібліятэцы часова прыпыненае абслугоўванне ў чытальных залах, а аддзел абанемента аказвае бясплатную паслугу па падборы літаратуры па папярэднім запісе па тэлефоне.

/i/content/pi/cult/793/17070/010.JPG— Чытачоў мала — так, у гэту нядзелю прыйшло ўсяго 89 чалавек, а звычайна бывала каля 700, — ды і тыя, што з’яўляюцца, здаюць кнігі і сыходзяць без узятай на дом літаратуры, — кажа Таццяна Адамян. — Супрацоўнікі знаходзяцца на рабочых месцах, у іх ёсць маскі і сродкі дэзінфекцыі. Натуральна, нашы чытачы могуць анлайн наведаць бібліятэчныя віртуальныя праекты, прымеркаваныя да юбілеяў вядомых суайчыннікаў, знамянальных і памятных дат, свецкіх і духоўных святаў.

Што да плана платных паслуг, дык у бягучым месяцы выканаць яго будзе, па перакананні Таццяны Адамян, даволі цяжка. Дарэчы, пра цяжкасці з выкананнем плана платных паслуг казала мне падчас размовы і Ілона Сарокіна.

— У сакавіку план платных паслуг мы выканалі прыкладна на 87 працэнтаў ад запланаванага, у красавіку, як я ўжо бачу, будзе яшчэ меней, — кажа кіраўнік Віцебскай “кніжніцы”. — Разам з тым, магчыма, у другім паўгоддзі 2020-га мы зможам навярстаць тое, што страцім вясной. Прынамсі, я на гэта вельмі спадзяюся.

Да слова, на гэта ж спадзяецца і калега Таццяны Адамян — кіраўнік Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага Лідзія Мальцава. Па яе словах, сёння ва ўстанове праветрываюцца і дэзінфікуюцца памяшканні, а ўсе супрацоўнікі забяспечаны антысептыкамі ды маскамі. На некаторы перыяд бібліятэка абмежавала працу карыстальнікаў у чытальных залах, а дакументы з фондаў або іх копіі на папяровых ці электронных носьбітах выдаюцца на дом.

— Мы таксама адчуваем змяншэнне колькасці наведвальнікаў, прыкладна ў два разы ў параўнанні з мінулымі месяцамі, — кажа Лідзія Мальцава. — Таму ладзім анлайн-агляды новых кніг, арганізавалі акцыю “Чытаем разам”, рыхтуем відэаролікі “Пяць хвілін паэзіі” ды многае іншае з дапамогай сеткі інтэрнэт.

План платных паслуг, па словах кіраўніка абласной бібліятэкі, пакуль выконваецца, але, натуральна, будзе ў далейшым карэктавацца.

Браслаў. Культура. Анлайн

Натуральна, і ў аддзелах культуры Беларусі таксама ўлічваюць наяўную эпідэміялагічную сітуацыю і працуюць згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

Напрыклад, як адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына, згодна з рашэннем мясцовага райвыканкама, чытальныя залы ў гарадской бібліятэцы не працуюць, масавыя мерапрыемствы адменены, у музеі экскурсіі могуць ладзіцца толькі для аднаго — двух чалавек. Акрамя таго, для супрацоўнікаў рэкамендаваны масачны рэжым, усе ўстановы забяспечаны сродкамі дэзінфекцыі.

— У сувязі са змяншэннем наведвальнасці нашых устаноў, мы актыўна асвойваем анлайн-платформы, — кажа Юлія Чагарына. — Распрацавалі віртуальныя экскурсіі, дэманструем выступленні нашых артыстаў, што адбываюцца ў раённым Цэнтры культуры, запісваем ролікі і выкладваем іх на Youtube на канале “Браслаў. Культура. Анлайн”. Прычым, гэта кантэнт не толькі РЦК, а і нашых музеяў, ДШМ і бібліятэк раёна.

Пакуль, праўда, на гэтым канале зарэгістраваны ўсяго 32 падпісчыкі (па стане на 8 красавіка). Разам з тым, цалкам магчыма, што ў хуткім часе анлайн-наведвальнікаў стане нашмат болей, бо мясцовыя культработнікі пастаянна выкладваюць на Youtube цікавыя ролікі на розную тэматыку.

Што да планаў платных паслуг, дык, па словах Юліі Чагарынай, іх выкананне залежыць ад далейшага развіцця сітуацыі.

Прыкладна тое самае я пачуў у адказ на пытанне пра платныя паслугі і ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук.

— Справа ў тым, што паступленні ад платных паслуг зменшыліся ва ўсіх установах культуры, — патлумачыла Надзея Жук. — Разам з тым, дзеці працягваюць хадзіць у платныя гурткі, хоць і ў меншай колькасці, чым раней. Таму гэты квартал мы закрылі, а што будзе далей — пабачым.

Натуральна, што і тут, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, ва ўсіх установах культуры ладзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы, рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя.

У чаканні турыстаў

Свае карэктывы ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй адчуваюць і буйныя музейныя ўстановы Беларусі, бо, натуральна, найбольшую колькасць наведвальнікаў у іх забяспечвалі замежныя турысты. Цяпер, калі межы суседніх краін зачыніліся і сюды мала хто прыязджае, змяншаецца выручка ад продажу квіткоў, сувенірнай прадукцыі, экскурсій.

Напрыклад, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” змяншэнне колькасці наведвальнікаў адчулі яшчэ ў сакавіку.

— Звычайна за выхадныя ў нас бывала да 1,5 тысячы чалавек, цяпер — нашмат менш, — адзначыў дырэктар музея-запаведніка Сяргей Клімаў. — Таму, канечне, усе планы платных паслуг недавыконваюцца, бо мы вельмі залежым ад турыстаў.

Значна ўпала наведвальнасць і ў іншай знакавай музейнай установе — Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

— Па гэтай прычыне мы цяпер ладзім санітарныя дні, больш увагі надаючы апрацоўцы памяшканняў музея, — кажа генеральны дырэктар установы Ірына Пыркова. — Разам з тым, аглядальная пляцоўка, размешчаная на адкрытым паветры, працуе ў звычайным рэжыме. Але, канечне, у параўнанні з ранейшымі месяцамі, сітуацыя па наведвальніках змянілася ў горшы бок. Спадзяемся, натуральна, на лепшае і жадаем усім нашым пастаянным наведвальнікам, а таксама ўсім супрацоўнікам “Культуры” моцнага здароўя!

Натуральна, актыўнічаюць музейшчыкі і ў інтэрнэце. Як паведамляецца на інтэрнэт-старонцы музея, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца адной з найстарэйшых і найбуйнейшых музейных устаноў нашай краіны, але ўзрост — гэта не перашкода ў справе засваення інфармацыйных тэхналогій. Таму паступова — у дадатак да афіцыйнага сайта — з’явіліся старонкі ўстановы ў многіх сацыяльных сетках, а цяпер і на Youtube. Як спадзяюцца ў музеі, новая пляцоўка дазволіць усім стаць бліжэй адзін да аднаго, а таксама і набыць новых сяброў.

Як бачна, сённяшнія ўмовы працы культработнікаў Беларусі спазналі карэктывы. І гэта зразумела, бо цяпер сфера культуры і турызму па ўсім свеце перажывае нялёгкія часы. Таму анлайн-мерапрыемствы, віртуальныя выставы, відэаролікі канцэртаў або відэа-агляды новых кніжных паступленняў успрымаюцца цалкам зразумелымі і натуральнымі. Што ні кажы, але гэта і ёсць сапраўдны клопат пра свайго пастаяннага наведвальніка, які абавязкова аддзячыць за гэтую ўвагу айчынным музеям, бібліятэкам і Дамам культуры пазней, калі ўсе мы здымем марлевыя павязкі ды ўздыхнем з палёгкай. Трэба толькі крыху патрываць.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"